За парушэнні правіл перавозкі пасажыраў будуць забіраць машыны
У Беларусі рыхтуюць нарматыўную базу, якая дазволіць судам выносіць рашэнні пра часовую канфіскацыю транспарту ў нядобрасумленных перавозчыкаў. Пра гэта паведаміў першы намеснік начальніка Транспартнай інспекцыі Мінтранса Юрый Касцюк.
06.03.2023 / 15:35
Па словах чыноўніка, у краіне ўжо даўно вядзецца падрыхтоўка нарматыўнага акта, які дазваляе забіраць транспартныя сродкі ў нядобрасумленных фізічных асоб і кампаній, якія займаюцца перавозкай пасажыраў.
Канфіскацыя аўтамабіля не будзе поўнай, проста суд у якасці прафілактычнай меры прыме рашэнне: забраць у парушальніка машыну на пэўны тэрмін.
«Гэта робіцца не для таго, каб стварыць перавозчыкам праблемы, а каб упарадкаваць дзейнасць тых, хто займаецца нядобрасумленнай канкурэнцыяй, у тым ліку эканомячы на бяспецы», — падкрэсліў Юрый Касцюк.
Чыноўнікі шчыльна заняліся гэтай праблемай пасля некалькіх гучных аварый з удзелам маршрутных таксі. У самай буйной з іх, якая адбылася 20 лютага пад Смалявічамі, загінула 11 чалавек. Пасля гэтага ўлады ініцыявалі маштабныя праверкі перавозчыкаў.