«Небяспечны». Еўракамісія забараніла сваім супрацоўнікам карыстацца TikTok на ўсіх прыладах
ЗША ўжо таксама забаранілі сваім дзяржслужачым карыстацца TikTok з-за пагрозы сачэння: кітайскае кіраўніцтва можа мець прамы доступ да ўсіх асабістых даных гэтай праграмы.
23.02.2023 / 22:37
Фота: vecteezy
Еўракамісія настойліва рэкамендавала ўсім сваім супрацоўнікам і афіцыйным асобам Еўрасаюза выдаліць мабільную праграму TikTok з усіх службовых і асабістых прылад. Пра гэта 23 лютага паведаміла выданне EurActiv са спасылкай на IT-службу Еўракамісіі.
Стала вядома, што супрацоўнікі ЕК у чацвер раніцай атрымалі паведамленні, у якіх ім рэкамендавалі пазбавіцца ад TikTok не пазней за 15 сакавіка. У адваротным выпадку супрацоўнікі страцяць доступ да працоўнай электроннай пошты, службовага Skype і іншых праграм, звязаных з унутранай інфармацыяй ЕК.
«Для абароны ўнутранай інфармацыі і павышэння ўзроўню кібербяспекі Еўракамісія вырашыла прыпыніць працу мабільнай праграмы TikTok на службовых і асабістых прыладах, зарэгістраваных у базе даных ЕК. Гэтая праграма нясе патэнцыйную пагрозу кібербяспецы», — гаворыцца ў разасланых паведамленнях.
Нагадаем, што раней улады Еўрасаюза папярэджвалі аб магчымай забароне TikTok у Еўропе з-за яго неадпаведнасці законам ЕС аб лічбавых паслугах. Пры гэтым ЗША ўжо таксама забаранілі сваім дзяржслужачым карыстацца TikTok з-за пагрозы сачэння: кітайскае кіраўніцтва можа мець прамы доступ да ўсіх асабістых даных гэтай праграмы.