Пад Асіповічамі рыбак паўгадзіны выцягваў вялізнага сома, а пасля адпусціў яго на волю
Днямі рыбалоў-аматар Віталь Дубовік дастаў са Свіслачы ў раёне вёскі Лапічы Асіповіцкага раёна гіганцкага сома. Ягоная вага была каля 40 кілаграмаў, даўжыня — больш за 180 сантыметраў, піша «Анлайнер».
17.02.2023 / 22:33
Фота: сацсеткі Віталя Дубовіка
«Пяць дзён таму паехаў з сябрам на рыбу, узяўшы палатку і печку. У першы дзень проста адпачывалі, на другі ламалі лёд і трохі парыбачылі (таварыш зачапіў сазана на 10 кг), ну а на трэці ўвесь лёд сагнала, — распавядае Віталь. — Мы ішлі [на лодцы] па рацэ і ўбачылі ў рэхалоце некалькі добрых сілуэтаў. Я зрабіў закід [спінінгам] і зачапіў сома.
Было фізічна няпроста. Хвілін з 30 з ім паваяваў і выцягнуў на бераг. На гэтым гісторыя і скончылася. Больш рыбы не знайшлі. Ну як? Яна ёсць, але сыходзіла пад лёд, і дастаць яе адтуль было амаль нерэальна. Так што як такога ўлову не было. На мінулых рыбалках усё было інакш».
Віталь кажа, што самоў у гэтых месцах вельмі шмат, і апошнія гады рыбакі нярэдка дастаюць з вады трафеі ў 25—30 кілаграмаў.
Асабіста для Віталя гэты сом — самы буйны, якога ён калі-небудзь лавіў.
Сфатаграфаваўшыся на памяць, рыбіну выпусцілі ў Свіслач.
Як вядома, з 1 лістапада па 31 сакавіка для захавання папуляцыі ўведзеная забарона на лоўлю сома, але, як запэўнівае рыбак, ён не забраў бы яго дадому ў любым выпадку:
«Я сома еў. Не люблю — тлустая рыба, сала. А вось карп і сазан рэальна смачныя. І няхай кажуць, што Свіслач брудная, але ў раёне Асіповічаў рыба рэальна класная, нават намёку няма на нейкія пахі».