Гэтыя прадукты не варта разаграваць на наступны дзень. З’ежце іх адразу ці выкіньце

Расказваем, якія прадукты нельга трымаць доўга, часам нават адзін дзень.

19.02.2023 / 17:41

Локшына са шпінатным соусам. Фота: pixabay.com

Пачнём з такой карыснай, багатай мікраэлементамі гародніны, як шпінат і сельдэрэй.

Стравы з імі не павінны праводзіць без халадзільніка больш за дзве гадзіны (у халадзільніку шпінат з сельдэрэем можна трымаць 3—4 дні, калі пакласці страву ў шчыльны кантэйнер).

У шпінаце і сельдэрэі шмат нітратаў, і пры кантакце з кіслародам яны ператвараюцца ў нітрыты, а потым у нітразаміны, якія маюць канцэрагенныя ўласцівасці. Таксама і жалеза ў складзе шпінату, калі шмат кантактуе з кіслародам, робіцца нядобрым для здароўя.

Не варта трымаць без халадзільніка і вараную бульбу. Атручэнне больш верагоднае, калі бульба была загорнутая ў фольгу. Падчас паўторнага награвання яе тэмпература не заўсёды робіцца такой высокай, каб усе бактэрыі былі знішчаныя. Таму калі вы не паставілі бульбу ў халадзільнік своечасова, не рызыкуйце і не ежце яе на наступны дзень.

Брытанскія эксперты мяркуюць, што рыс, калі яго пакінуць пры пакаёвай тэмпературы больш чым на пару гадзін ці ў халадзільніку — больш чым на суткі, можа выклікаць праблемы са страваваннем. Усё праз бактэрыю Bacillus cereus, якая хутчэй размнажаецца пры хатняй тэмпературы, чым у халадзільніку, і можа выклікаць дыярэю і млосці. Таму, калі трэба, захоўвайце рыс у халадзільніку ў герметычным кантэйнеры, разагравайце яго толькі адзін раз і да стадыі, калі ад рысу ўжо будзе ісці пара.

Грыбы адносяць да тых прадуктаў, якія, калі іх нанава разаграваць, могуць выклікаць разлад кішачніка. Стравы з грыбоў лепш есці адразу пасля прыгатавання, бо падчас разагравання ў іх могуць утварыцца шкодныя рэчывы. Калі ж грыбы прастаялі ў халадзільніку не больш за суткі, іх таксама можна есці, але разагравайце іх да тэмпературы не вышэйшай за 70 градусаў.

Нарэшце, не разаграваем у мікрахвалёўцы прадукты з апрацаванага мяса (каўбасы, бекон і сасіскі). Яны нярэдка змяшчаюць шмат хімічных дадаткаў, якія падчас награвання ў мікрахвалёўцы могуць стаць таксічнымі. Таксама награванне апрацаванага мяса мікрахвалёвым выпраменьваннем можа выклікаць акісленне халестэрыну, што спрыяе сардэчным хваробам.

Хочаце лёгка і танна пачысціць мікрахвалёўку? Вось некалькі спосабаў

Мікрапластык — адна з галоўных пагроз здароўю ў XXI стагоддзі. Але навукоўцы знайшлі рашэнне

Як працуе мікрахвалевая печ і чаму ўсе думаюць, што ў СССР яны былі забароненыя

Nashaniva.com