Лукашэнка падпісаў законы аб грамадзянскай супольнасці і палітычных партыях

14 лютага Лукашэнка падпісаў законы «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» і «Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў», паведамляе яго прэс-служба. Абодва законапраекты раней былі ўхваленыя дэпутатамі абедзвюх палат лукашэнкаўскага Нацыянальнага сходу.

14.02.2023 / 21:31

У першым з дакументаў вызначаныя паняцці «грамадзянская супольнасць» і «суб'екты грамадзянскай супольнасці», іх прынцыпы, задачы і «асаблівыя формы» ўзаемадзеяння з дзяржавай.

Грамадзянскай супольнасцю ад гэтага часу лукашэнкаўская дзяржава будзе лічыць «людзей, якія пастаянна жывуць у Беларусі і выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю праз удзел у грамадскіх адносінах і інстытутах, не забароненых законам». А лічыцца прадстаўнікамі гэтай супольнасці дазволяць толькі праўладным недзяржаўным структурам і аб'яднанням.

«Асаблівыя формы ўзаемадзеяння з дзяржавай» — гэта ўдзел у абранні дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, збор і выпрацоўка прапаноў для УНС. Права на іх будуць мець толькі зарэгістраваныя грамадскія аб'яднанні, якія маюць структуры ва ўсіх абласцях і Мінску з колькасцю не менш за сто тысяч паўналетніх грамадзян, а таксама прафсаюзныя аб'яднанні, куды ўваходзіць не менш за палову зарэгістраваных у краіне прафсаюзаў.

Папраўкі ў заканадаўства аб палітычных партыях прадугледжваюць павелічэнне мінімальнага парогу колькасці партый з 1 да 5 тыс. членаў, абавязак мець структуры ва ўсіх абласцях і Мінску, а таксама іншыя строгія нормы, якія немагчыма нават фармальна выканаць партыям, створаным без санкцыі зверху.

Ужо наяўныя партыі трэба будзе перарэгістраваць па новых правілах на працягу паўгода пасля ўступлення закона ў сілу, а грамадскім аб'яднанням трэба будзе прывесці свае ўстаноўчыя дакументы ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі на працягу года.

Чытайце таксама:

Прывезлі нават бээрсээмаўца з Зэльвы. Хто пікетаваў учора пад польскім генконсульствам у Гродне

У апошнім слове Алесь Бяляцкі заклікаў да дыялогу дзеля нацыянальнага прымірэння

«Калі хтосьці ў палітыку зайграецца». Лідары ЛДПБ і КПБ абмеркавалі будучае партыйнае жыццё

Nashaniva.com