У апошнім слове Алесь Бяляцкі заклікаў да дыялогу дзеля нацыянальнага прымірэння
Сёння на судзе над кіраўнікамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч выступілі з апошнімі словамі. Асаблівая ўвага прыцягнутая да прамовы нобелеўскага лаўрэата 2022 года Алеся Бяляцкага, якую мы публікуем ніжэй.
Алесь Бяляцкі на судзе
Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў «Вясны» — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога супольнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст.
А за ім не было і справядлівага судовага разбіральніцтва. Паўтара года цягнулася расследаванне гэтак званай крымінальнай справы. З чатырох адвакатаў, якія на розных этапах абаранялі мяне, адзін з іх — Віталь Брагінец, які апынуўся ў турме і быў зняволены на восем гадоў, яшчэ двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі цягам апошніх месяцаў, і толькі адна дайшла да фінішу. Такі беспрэцэндэнтны ціск на адвакатаў паказвае, у якіх цяжкіх і небяспечных умовах ім прыходзіцца абараняць сваіх кліентаў.
Відавочна, калі мы азнаёміліся з некаторымі тамамі так званай крымінальнай справы, следства выконвала пастаўленую перад імі задачу: зняволіць праваабаронцаў «Вясны» любым коштам, знішчыць «Вясну» і спыніць нашую працу.
Так можна патлумачыць нечаканую змену абвінавачвання з «нявыплаты падаткаў» (яно існавала фактычна 13 месяцаў са дня нашага затрымання) на «кантрабанду арганізаванай злачыннай групіроўкай», якую зрабілі з «Вясны». Відавочна, што ўлады парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў галіне абароны праваабаронцаў у межах аб'яднаных пагадненняў ААН і АБСЕ.
Асобна трэба адзначыць моцна негатыўную суб'ектыўную ацэнку праваабаронцаў «Вясны» падчас папярэдняга расследавання з боку дзяржаўных СМІ: розных тэлеканалаў і газеты «Беларусь сегодня», заснавальнікамі якой з'яўляецца адміністрацыя прэзідэнта. Так, ужо ў верасні мінулага года ў тэкстах сцвярджалася, што «праваабаронцы распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама фінансавалі пратэсты».
Асобны выкід у два кашы розных плётак, хлусні, маны быў зроблены за апошні тыдзень, а ўчора [12 лютага] гэта ўсё актыўна дэманстравалася і паказвалася па дзяржаўных тэлеканалах, дзе нас абвінавачвалі ў розных грахах, да якіх не дадумаліся нават следства і пракуратура. Мне тут бачыцца парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, прамы ціск на суд, бо нас яшчэ не асудзілі, але дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўжо называюць нас злачынцамі.
Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачванне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачваны, з'яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай, і вы, як дзяржаўныя чыноўнікі, павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а не пыкаць і бэкаць. Таму вы абавязаны размаўляць адпаведна з беларускамоўнымі грамадзянамі па-беларуску. Напрыклад так, як гэта прадугледжвае Закон «Аб зваротах грамадзян»: калі ты пішаш на беларускай, то любое чыноўніцкае ведамства адказвае табе на беларускай мове.
Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачвання.
Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачванне.
Абвінавачванне і суд практычна адмовіліся ад допыту, ад пытанняў, якія іх цікавілі падчас працэсу і майго допыту. Складаецца ўражанне, што ні пракуратуру, ні суд увогуле не цікавіць праўда, для іх усё было зразумела з самага пачатку яшчэ да суда. Нагадваю, што ні пракуратура, ні суд так і не далі мне магчымасці азнаёміцца з усімі 284-ма тамамі так званай крымінальнай справы.
Пра палітычную подбіўку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў «Вясны» сведчыць і агульная сітуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэннямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадства падчас і пасля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Замест таго, каб пачуць голас народа, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі. Пад катком рэпрэсій апынуліся незалежныя журналісты і блогеры, самастойныя аналітыкі і палітолагі, прафсаюзныя актывісты з незалежных прафсаюзаў, лідары і актывісты палітычных партый і рухаў, актывісты выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, як і самі кандыдаты ў прэзідэнты, дзеячы беларускай культуры, пісьменнікі, музыкі, мастакі, выкладчыкі і студэнты, спартсмены, шараговыя ўдзельнікі мірных пратэстаў ды і проста выпадковыя людзі.
У краіне сёння паўтары тысячы палітычных зняволеных. Сотні за апошнія два з паловай гады ўжо прайшлі праз турмы і пасля пакарання выйшлі на волю. Дзясяткі тысяч мірных актывістаў былі арыштаваныя і асуджаныя за гэты час па адміністрацыйных справах. Нічога дзіўнага, што ў гэты час, калі ў Беларусі паляцелі ў тартарары правы чалавека, і праваабаронцы таксама апынуліся ў турме. Гэта кіраўніца валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, валанцёрка Таццяна Ласіца і іншыя валанцёры, якія дапамагалі ахвярам масавых рэпрэсій.
Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з'яўляюцца ў СІЗА. Так, нядаўна была арыштаваная праваабаронца Наста Лойка. Чарадою ідуць судовыя працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах. Неверагодны, неўяўляльны і нябачаны дагэтуль узровень рэпрэсій, усемагчымага ціску на грамадства з боку ўладаў!
У нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да смерці Сталіна ў 53-м годзе. Напачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змагання з дысідэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзняволеных было каля трох тысяч на ўсю агромністую савецкую імперыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек. А цяпер на адну Беларусь — паўтары тысячы палітзняволеных.
Я перакананы, што курс, узяты ўладамі на татальны кантроль грамадства і жорсткае падаўленне іншадумства, поўную адмову ад плюралізму, думак, пераўладкаванне дзяржаўнага ладу па ўзоры таталітарнага грамадства а-ля «Савецкі Саюз 70-х гадоў» зусім бесперспектыўны. Свет ідзе наперад — у постындустрыяльную эпоху.
Ужо вырасла новае пакаленне, і мільёны беларусаў, якія маюць інакшыя ад яшчэ той савецкай эпохі цывілізацыйныя каштоўнасці. Яны не хочуць жыць у савецкай казарме. Для іх мала скібкі хлеба, палітай вадой і пасыпанай цукрам, ці сала, падсмажанага на ражончыку. Яны хочуць і патрабуюць, каб іх голас быў пачуты, улічаны і палічаны. Яны хочуць жыць у эканамічна развітай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.
Падзеі 2020-га года, масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў, супраць парушэнняў правоў чалавека выразна ўсё паказалі лепей за любую сацыялогію. Багата для каго гэтыя падзеі былі нечаканасцю, а для ўладаў — непрыемным сюрпрызам.
Трэба прызнаць, што грамадства і людзі ў краіне моцна падзеленыя біялагічна, каштоўнасна, ментальна, але тым, хто жыве ў грамадстве, відаць, што гэты падзел ідзе па ўзросце, па месцы пражывання, па ўзроўні адукацыі, хаця нічога дзіўнага, адметнага і ўнікальнага ў гэтым няма.
Па ўсім свеце грамадствы неаднародныя. Яны складаюцца з розных людзей розных поглядаў, іхнія інтарэсы прадстаўляюць палітычныя партыі, а сапраўды справядлівыя выбары даюць магчымасць адносіцца з больш-менш пэўным даверам да ўлады.
Падзел беларускага грамадства не фатальны. З ім і грамадства, і дзяржава могуць жыць, але яго існаванне трэба ясна ўсведамляць, а не заплюшчваць вочы і не будаваць сабе ўтульны свет так, як камусьці хацелася б. Мільёны беларусаў думаюць і разважаюць, урэшце, жывуць вось так, а мільёны — па-іншаму. І не так важна, каго сёння больш. І адных, і другіх мільёны.
Важна зразумець, што такі ўнутраны падзел грамадства надоўга. І з гэтым падзелам нам усім — усяму беларускаму грамадству ў незалежнасці ад нашых поглядаў і перакананняў — прыйдзецца яшчэ доўга жыць.
У гэтай сітуацыі курс на канфрантацыю, калі адна частка — сілавыя структуры, спецслужбы, пракуратура, следчы апарат, суды — цісне і душыць другую, небяспечны і бесперспектыўны. Ён вядзе ў нікуды. Гісторыя краін Лацінскай Амерыкі XX стагоддзя — Чылі, Аргенціны, Гаіці і іншых краін — гэтаму пацвярджэнне.
Хунты Бананавай рэспублікі, дыктатуры не маюць перспектывы для доўгага жыцця і развіцця. Вынікі такой палітыкі нецярпімасці, канфрантацыі і поўнай адмовы ад палітычнага плюралізму — гэта няспынны грамадска-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая міграцыя. Усё гэта шчыльна завязана паміж сабой.
Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі — краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: «Той самы нерат, з якога ні ўзад, ні ўперад».
Адзіным магчымым выйсцем з усебаковага крызісу, у якім апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансэнсусу, раўнавагі ў грамадстве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадства.
Дзеля захавання Беларусі як дзяржавы, дзеля будучыні нашага народа нам усім, а найперш уладам трэба праявіць мудрасць і дальнабачнасць. Я згадваю наш заклік, праваабарончага цэнтра «Вясна», перад выбарамі 2020-га года, які быў апублікаваны на нашым сайце і ў іншых сродках масавай інфармацыі. У ім мы заклікалі ўлады не ўжываць гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ужылі — і чым гэта скончылася?
Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы цяжка не здавалася б камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць.
У такім дыялогу павінны ўзяць удзел як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто цяпер знаходзіцца ў турмах, і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з'ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля.
Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста цяпер выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране.
Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур'ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь.
Калі мы думаем пра Беларусь як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзян Радзіму, у якой, нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім.
Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народа, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць.
Каментары