«Ідуць на вайну ў патрыятычным запале, а войска — гэта дысцыпліна і руціна». Пра выгаранне каліноўцаў і не толькі
Эмацыйнае выгаранне ў людзей творчых прафесій ці ІТ — гэта зусім не тое, што назіраецца падчас вайны ў вайскоўцаў. Яны яшчэ паўтара стагоддзя таму заўважылі сіндром, які тады назвалі «сэрца старога сяржанта». Потым з'явіліся новыя назвы — «в'етнамскі», «афганскі», «чачэнскі» сіндромы…
11.02.2023 / 21:50
30-гадовы Васіль Грудовік з Пінска загінуў 26 чэрвеня 2022 года, баронячы незалежнасць Беларусі і Украіны. Фота: сацыяльныя сеткі
Даследаванні паказалі, што чалавеку нават не абавязкова ваяваць ці быць непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў. Дастаткова быць сведкам катастрофы альбо адчуць жорсткасць і гвалт у паўсядзённым жыцці, каб змагло развіцца так званае ПТСР — посттраўматычнае стрэсавае расстройства.
Кажучы простымі словамі, гэта такі стан, калі чалавек зноў і зноў перажывае падзею, якая нанесла яму траўму, нібыта яна адбываецца ў гэты момант. ПТСР можа прывесці да дэпрэсіі, панічных атак, агрэсіўнасці і нават да самагубства.
А калі гэта на фронце ў баявых умовах, ды калі яшчэ салдат мае зброю? Ці можна прадухіліць такія наступствы? Ці робіцца нешта дзеля гэтага ва ўкраінскім войску? Украінскія медыкі кажуць, што гэтаму пытанню надаецца цяпер шмат увагі.
Доктар-неўролаг, кандыдат медычных навук Ала Аляксюк-Нехамес працуе ў Львоўскай медыцынскай акадэміі. Яна аглядае пацыентаў у шпіталі, куды іх прывозяць з зоны баявых дзеянняў.
Сітуацыі, калі вайскоўцам патрэбна дапамога неўролага, становяцца распаўсюджанай з’явай.
«Ва Украіне з 2014 года пачалі рыхтаваць ваенных псіхолагаў, бо тады стала відавочна, што гэта неабходна. Ваенныя псіхолагі знаходзяцца ў штаце. Яны на першай лініі разам з салдатамі. Але псіхолаг не можа выпісаць салдату антыдэпрэсант. Гэта можа зрабіць толькі неўролаг.
Яны, праўда, ёсць не ва ўсіх часцях. Але, акрамя гэтага, ёсць абавязковыя ратацыі, каб паправіць здароўе ў тыле і прайсці абследаванне. У шпіталі абследуюць усіх.
На перадавой задача камандзіра і псіхолага — заўважыць сімптомы і адправіць салдата на ратацыю. На нулі (непасрэдна ў баявой зоне) працуюць медыкі шырокага профілю. Яны таксама маюць дастатковую кваліфікацыю. Калі трэба, то і верталёт могуць выклікаць для салдата», — расказвае медык.
Вайсковы капелан Сяргей Горбік кажа, што ў тэорыі сітуацыя выглядае дастаткова стабільна, але вайна — гэта той выпадак, калі практыка часта можа разыходзіцца з тэорыяй.
«Вось ёсць вайсковы медык, які звычайна сядзіць у пункце стабілізацыі, куды прывозяць усіх параненых. І яму проста няма часу займацца ПТСР. У яго людзі рэальна параненыя, якім трэба ратаваць жыцці тут і цяпер. У той жа час камандзіру аддзялення ці роты, калі ў яго засталося дзесьці 50—60% асабовага складу ў лепшым выпадку, ну ніяк не выпадае займацца тым байцом з праблемамі ў галаве ды яшчэ адпраўляць яго на машыне і тым больш на верталёце кудысьці ў тыл».
Некаторыя беларускія добраахвотнікі цяпер сыходзяць з войска, бяруць паўзу, каб падумаць, чым заняцца далей.
Усяго за незалежнасць Украіны ваююць, напэўна, каля паўтысячы беларусаў. Як мінімум, 19 з іх загінулі.
Чытайце таксама: Ва Украіне загінуў беларус-добраахвотнік Эдуард Лобаў
Капелан Сяргей Горбік лічыць, што далёка не ўсе ўяўлялі сабе, з чым давядзецца сутыкнуцца на вайне. А эмацыйныя выбухі, баявыя траўмы і звычайная вайсковая руціна могуць справакаваць псіхічныя расстройствы.
«Добраахвотнік ідзе на вайну ў патрыятычным запале. А фронт — гэта штодзённая манатонная праца. Часам даводзіцца нешта цягнуць і цягнуць, капаць і капаць. Самы лепшы салдат — той, каму ўжо 35 гадоў ці нават 40. Гэтыя прыйшлі на фронт не заваёўваць медалі, а працаваць.
Вось ён цягаў цэглу на будоўлі, а цяпер ён артылерыст і цягае снарады. А хлопцы 20-гадовыя думаюць, што яны, як у кіно, будуць бегаць і страляць. Насамрэч той жа мінамёт вельмі цяжкі, яго цягаць трэба ўвесь час. Або яму загад далі капаць акоп і сядзець там. І ён сядзіць. І трэба не адзін дзень сядзець. А там зверху дождж і знізу вада.
Падчас абароны Кіева ў першыя дні вайны тут жа з усіх бакоў грукатала, ішлі баі, стральба, выбухі. А цяпер, калі не лічыць Бахмута ці іншых гарачых месцаў, пачалася руціна.
Большасць гэтых людзей у войску не служыла. Многія з іх [па натуры], па сутнасці, анархісты. А войска — гэта дысцыпліна, напрыклад, «капаць ад гэтага дрэва і да абеду». Іх паслалі кудысьці, і яны там нарваліся на засаду — абвінавачваюць камандзіраў. Але яны не разумеюць, што гэты бой мог быць адным са звёнаў таго ланцуга, які вядзе да перамогі. Або той акоп, які ён капаў тры дні, выратуе некалькі дзясяткаў чалавек».
Былы баец з пазыўным Роджэр (зменены) нядаўна сышоў з войска. Ён стаў добраахвотнікам у першыя ж дні пасля 24 лютага 2022-га. Сваю незадаволенасць камандаваннем не хавае. Але больш падрабязна казаць не хоча.
«Я маю добрую фізічную падрыхтоўку. Ніколі я не хаваўся і не шукаў лёгкіх шляхоў. Наогул, я думаў, што ўсё павінна было скончыцца раней. Але ніхто тады нічога толкам не ведаў і цяпер не ведае.
Я не буду асабліва разважаць, але скажу толькі, што тая дысцыпліна, якую тут лічаць дысцыплінай, насамрэч часам проста дыктатура і спосаб уздзейнічаць на некаторых байцоў, якія не падабаюцца кіраўніцтву. Чым буду займацца далей, пакуль не вырашыў».
Медыкі лічаць, што ў тыле мільёны мірных жыхароў таксама маюць ПТСР. Гэта небяспечна для жыцця, бо людзі становяцца абыякавымі да гукаў трывогі і перастаюць хавацца. Таму і з’яўляюцца новыя ахвяры. Але і тыя, хто выехаў за межы краіны, не ўратаваліся ад наступстваў у выглядзе расстройства. Гэтая сітуацыя вельмі блізкая не толькі ўкраінцам, але і беларусам, якія вымушаны былі раптоўна пакінуць свае дамы і разлучыцца з роднымі.
Амерыканская псіхіятрычная асацыяцыя апублікавала даследаванне, у якім сцвярджаецца, што траўма выклікае спачатку стрэс у 13—50% людзей, а потым амаль у паловы з іх развіваецца ПТСР.
Прымусовая міграцыя раптоўна мяняе жыццё. На новым месцы такія стрэсавыя фактары, як страта блізкіх, адсутнасць працы, сацыяльнай падтрымкі, цяжкасці ў міграцыйным працэсе, выклікаюць праяву «сіндрому бежанца». Чалавек адчувае віну за тое, што сам знаходзіцца ў бяспецы. Пры гэтым у яго можа быць прыгнечаны настрой і пачуццё бездапаможнасці.
А сіндром «адкладзенага жыцця» не дазваляе людзям цешыцца і атрымліваць задавальненне ў моманце, бо людзі жывуць у чаканні перамогі і вяртання дадому.
Што да сіндрому «віны ацалелага», то ён развіваецца ў людзей, якія перажылі сітуацыю, якая пагражала іх жыццю або свабодзе. Яны адчуваюць сябе вінаватымі за тое, што ўратаваліся.
Пасля вайны і рэпрэсій мільёнам людзей давядзецца жыць з псіхалагічнай траўмай, і пераадолець яе будзе не проста.