Алкаголь шкодны. Але ў малых дозах ратуе ад дэменцыі
«Толькі па адным бакале ці куфлі на дзень».
10.02.2023 / 22:29
Фота: AP Photo / Nam Y. Huh
Навукоўцы з Паўднёвай Карэі высветлілі, што ўжыванне малых доз алкаголю на дзень зніжае рызыку развіцця дэменцыі. Адпаведнае даследаванне было апублікавана 6 лютага ў медыцынскім часопісе JAMA Network Open.
Паводле даследавання, штодзённае ўжыванне малых (не больш за адзін бакал ці куфель падчас ежы) доз алкаголю змяншае рызыку ўзнікнення дэменцыі ў чалавека, а вось п'янства, наадварот, павялічвае рызыку яе развіцця.
Для высвятлення гэтага факта навукоўцы выдаткавалі восем гадоў і вывучылі медыцынскія даныя амаль чатырох мільёнаў чалавек узростам ад 40 гадоў. Узровень спажывання алкаголю падзяляўся на лёгкі (менш за 15 г на дзень — г. зн. маленькі бакал віна ці маленькі куфель піва), умераны (15—29,9 г на дзень) і цяжкі (больш за 30 г на дзень).
«Высветлілася, што людзі, якія п'юць адну порцыю алкаголю на дзень, мелі на 21% меншую імавернасць развіцця дэменцыі, чым людзі, якія ўвогуле не ўжываюць алкаголю. А тыя, хто п'е каля дзвюх порцый алкаголю ў дзень, маюць ужо толькі на 17% менш шанцаў з'яўлення хваробы», — паведамляюць навукоўцы.
Пры гэтым ужыванне трох і больш порцый ужо, наадварот, цягне за сабой павелічэнне імавернасці развіцця дэменцыі.
«Тры і больш порцый на дзень гарантуюць ужо больш высокія шансы — на 8% вышэйшыя, чым у людзей, якія не п'юць», — дадаюць даследчыкі.
Аднак яны адзначаюць, што вынікі даследавання не могуць быць універсальнымі і абсалютна дакладнымі па некалькіх прычынах.
-
Яно праводзілася толькі на карэйцах і ўлічвала толькі ўласцівы ім метабалізм і культуру спажывання алкаголю.
-
У даследаванні не ўлічваліся тыпы алкагольнага напою і магчымыя генетычныя асаблівасці паддоследных.
-
Заяўленая ў медыцынскіх звестках колькасць ужытага алкаголю магла адрознівацца ад рэальнасці.
«Але гэта не мяняе галоўнага — спажыванне алкаголю трэба кантраляваць, каб не дапускаць развіцця розных захворванняў ці чаго-небудзь іншага», — падагульняюць навукоўцы.
Дэменцыя — гэта захворванне, пры якім у чалавека з узростам адбываецца дэградацыя памяці, мыслення, паводзін і здольнасці выконваць штодзённыя дзеянні. Гэты стан суправаджаецца паступовым распадам асобы, што ў выніку прыводзіць да інваліднасці.
Цяпер у свеце больш за 57 мільёнаў чалавек з дэменцыяй, і чакаецца, што да 2050 года гэтая колькасць узрасце да 152 мільёнаў.