Аўтар «Прэсбола» шкадуе, што БТ не пачало займацца пірацтвам раней
Аўтар газеты «Прессбол» Сяргей Вярсоцкі выказаўся на яе старонках наконт паказу тэлеканалам «Беларусь 5» матчаў Australian Open з парушэннем аўтарскіх правоў, піша Tribuna.
05.02.2023 / 11:40
«Зусім раптоўна, без маштабных анонсаў і змен у праграме перадач тэлеканал «Беларусь 5» паказаў у запісе паўфінальныя матчы Australian Open з удзелам Азаранка і Сабаленка. А пазней у жывым эфіры — і пераможны фінал першай ракеткі Беларусі.
Айчынныя аматары тэніса не чакалі такога павароту падзей. Усе два тыдні турніру яны глядзелі матчы на канале «Еўраспорт», якому, уласна, і належалі асноўныя правы на паказ AO ў Старым Свеце. З улікам таго, што на «Беларусь 5» прафесійныя турніры не паказвалі ўжо даўнавата, на падобны сюрпрыз ніхто не разлічваў.
Ды і самі тэлевізіёншчыкі не спяшаліся растлумачыць сітуацыю. Толькі перад фіналам тэлеграм-канал Агенцтва тэлевізійных навін намякнуў на прынцып трансляцыі сігналу і паведаміў пра адкрыццё нейкага рублёвага рахунку за гэты паказ.
Як аказалася, у Беларусі з 3 студзеня працуе Закон пад нумарам 241-3 «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты». Гэты дакумент «дапускае выкарыстанне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці без згоды (дазволу) праваўладальніка або арганізацыі… з замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні». Такімі аб’ектамі лічацца камп’ютарныя праграмы, аўдыявізуальныя і музычныя творы, перадачы арганізацый вяшчання.
Застаецца шкадаваць, што Палата прадстаўнікоў, якая прыняла гэты закон, разгойдвалася так доўга, ратыфікаваўшы яго толькі 20 снежня. Спрацуй яна больш аператыўна, беларускаму народу яшчэ ў лістападзе зладзілі б свята футбола — тэлетрансляцыю ўсіх матчаў ЧС — 2022», — напісаў Вярсоцкі.