«Беларусь 5» паказала пірацкія запісы паўфіналаў Australian Open з удзелам беларусак
Тэлеканал «Беларусь 5» 27 студзеня паказаў у запісе паўфінальныя матчы жаночага адзіночнага разраду на тэнісным турніры Australian Open з удзелам беларусак Вікторыі Азаранкі і Арыны Сабаленкі, піша «Прессбол». Але права на трансляцыю канал не мае.
Першы паўфінал, у якім Вікторыя Азаранка саступіла казахстанцы Алене Рыбакінай, быў паказаны ў 12.00, другі матч, у якім Арына Сабаленка перамагла польку Магду Лінет, — у 16.00, калі ў праграме стаяла трансляцыя матча КХЛ «Авангард» — «Дынама» Масква. Паказ хакея пачаўся з другога перыяду пасля завяршэння матчу Сабаленкі і Лінет.
Правамі на трансляцыю Australian Open у Еўропе валодае Eurosport, а таксама аўстрыйскі Servus TV і швейцарскі SSG. «Беларусь 5» жа ў гэтым сезоне не паказвае турніры ВТА, не было ў сетцы трансляцый і папярэдніх раўндаў Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.
Кіраўнік «Беларусь 5» Павел Булацкі, пачуўшы пытанне карэспандэнта «Прессбола» адносна трансляцый Australian Open, размаўляць не стаў і паклаў слухаўку.
Каментары