У беларускіх канфіскатах прадаюць тры экзатычныя машыны
Сярод аўтамабіляў, якія па нейкіх прычынах арыштавалі ў Беларусі, ёсць даволі рэдкія асобнікі. Цяпер іх прадаюць з аўкцыёну, і гэта заўважыла выданне «Ганцавіцкі час».
01.02.2023 / 21:52
Mahindra Scorpio Pickup
Што, вы не чулі пра такую экзотыку? Гэтую машыну нельга знайсці нават на сайце аўтааб'яў. А вось у канфіскаце яна ёсць.
Пікап проста як з індыйскага фільма
Што гэта за звер такі? Гэта індыйскі пікап. У канцы 2020 года паведамлялася, што такія машыны будуць збіраць у Беларусі на беларуска-брытанскім сумесным прадпрыемстве «Юнісан». Тады пісалі, што ў Беларусь быў дастаўлены асобнік для вывучэння.
Па характарыстыках — 2,2-літровы турбадызельны рухавік, 140 конскіх сіл, 6-ступенная механічная каробка. Заяўлены расход паліва — 7,9 л на 100 км.
У 2004 годзе індыйская кампанія Mahindra спрабавала замацавацца на расійскім рынку. Але правалілася — продаж не пайшоў. Зусім дрэнна пайшоў бізнэс і з брытанцамі ў Беларусі, бо менавіта ў кампаніі «Юнісан» і арыштаваны гэты экзатычны пікап.
У канфіскаце гэтую машыну прапануюць на аўкцыёне са стартавай цаной ад 25 тысяч 400 бел. рублёў. Хто ведае, можа зацікавіць якога аматара індыйскага кіно.
Zotye E200
Яшчэ трохі экзотыкі ў канфіскаце ад таго ж прадпрыемства «Юнісан». Электрычная кітайская малеча Zotye E200.
Маленькі электракар
Такіх у канфіскаце цяпер выстаўлена на аўкцыён аж 9 штук. Усе 2018 года, ідуць з малатка са стартавай цаной ад 17 тысяч 300 рублёў. У 2018 годзе на старце продажу за гэтую машыну прасілі 44 тысячы 390 рублёў.
Выглядае вядома, смешна, як электрычны зэдлік на колцах. Але ў аўтамабільным патоку відавочна на такую машыну будуць азірацца. Хоць і з усмешкай.
Па характарыстыках: двухмесная машына. Запас ходу на адной зарадцы — 220 кіламетраў. Ад звычайнай разеткі зараджаецца ад 6 да 8 гадзін. На АЗС — 30 хвілін. Ёсць электрашклопад'ёмнікі, падагрэў люстэркаў, кандыцыянер, круіз-кантроль, сэнсарны экран мультымедыя.
А як усё пачыналася. Менавіта ў 2018 годзе аўтажурналісты ў аглядах з захапленнем пісалі: «Нарэшце ў продажы!» Разважалі пра перспектывы зборкі гэтых маленькіх электракараў у Беларусі. А цяпер гэтыя «перспектывы» ў канфіскаце.
Думаеце, гэта ўсе машыны, якія могуць вас здзівіць у канфіскаце? А як вам наступная?
Беспілотны аўтамабіль
Гэты цуд кітайскай тэхнікі арыштавалі ў ТАА «Тэхналогіі Вялікага каменя». Мадэль называецца мудрагеліста — NJL6450ICEV. Стартавая цана на аўкцыёне — 57 тысяч 540 рублёў.
Мінулы раз яе хацелі прадаць летам 2022-га са стартавай цаной амаль 96 тысяч.
Які фурор будзе, калі паехаць на такім у краму?
Кампанію «Тэхналогіі Вялікага каменя» стварылі ў 2021 годзе. Яна павінна была займацца распрацоўкай беспілотнага транспарту на альтэрнатыўнай энергіі. Планавалася, што будзе супрацоўнічаць з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Гэты «беспілотнік» 2020 года выпуску мае электрычны рухавік магутнасцю 30 кВт. Запас ходу на адной зарадцы — 180 км. Каму можа спатрэбіцца такі цуд інжынернай думкі, складана ўявіць.