Правакатара з чат-рулеткі, па чыіх наводках затрымлівалі людзей, звольнілі з польскай фірмы
Польская фірма скасавала працоўныя адносіны з дальнабойшчыкам-правакатарам з Мазыра Юрыем Комарам, пасля размоў з якім у сэрвісе «чат-рулетка» затрымлівалі беларусаў.
01.02.2023 / 14:33
Юрый Комар. Фота: сацыяльныя сеткі
Праз Bypol стала вядома, што Юрый Комар працаваў у фірме, зарэгістраванай у Беластоку і ажыццяўляе грузаперавозкі з Кітая, Расіі і Беларусі ў краіны ЕС.
Пасля таго, як інфармацыя пра Юрыя трапіла ў сеціва, яго працадаўца скасаваў з ім працоўныя адносіны.
«Мне давялося звольніцца», — сказаў Юрый у стрыме 1 лютага.
З канца лістапада Юрый у сваім канале «Бело росс» пачаў выкладваць аднастайныя відэа, запісаныя падчас зносін у папулярным сэрвісе «чат-рулетка». Размаўляючы з выпадковымі беларусамі, Комар выдаваў сябе за ўкраінца і імкнуўся справакаваць іх на выказванні, якія могуць стварыць людзям праблемы з уладамі.