Валасы пасля мыцця: высушыць ці пакінуць, каб сохлі самі?
Правільны догляд валасоў дапамагае захаваць шавялюру прыгожай. Акрамя выбару якаснай касметыкі, варта не забывацца і пра тое, як мы мусім даглядаць валасы пасля мыцця.
14.01.2023 / 23:09
Фота: vecteezy.com
Існуе перакананне, што лепш даваць валасам высахнуць самастойна, бо сушка фенам іх псуе. Але, наадварот, валасы могуць пашкодзіцца, калі мы пакідаем іх сушыцца без нашай дапамогі, а вільготная скура галавы больш уразлівая на інфекцыі.
Добры фен і ўмелае абыходжанне з ім не толькі не пагоршаць стан валасоў, а могуць нават палепшыць яго. Мокрыя локаны лягчэй пашкодзіць, бо тады кутыкула — вонкавы слой воласа — не цалкам закрытая. Высушаныя валасы больш устойлівыя да механічных пашкоджанняў, а сухая скура галавы не схільная да свербу, перхаці і мікозу.
Таму дзейнічаем наступным чынам. Калі вы вымылі галаву, акуратна прамакніце валасы баваўняным ручніком, прытым важна не церці яго аб валасы і не тузаць іх.
Пасля таго, як вы сабралі з валасоў лішнюю ваду, нанясіце на іх тэрмаахоўны касметычны сродак, які дадаткова абароніць валасы ад высокіх тэмператур. Гэта можа быць міст, спрэй, алей ці крэм — што вам больш падабаецца.
Потым пераходзім да сушкі: калі ў вас доўгія і густыя валасы, варта падзяліць іх на часткі, каб сушыць іх было зручней і хутчэй.
Лепш за ўсё сушыць валасы фенам з рэгуляванай тэмпературай паветра, іанізацыяй і магчымасцю сушкі халодным паветрам.
Валасы не любяць гарачага паветра, таму варта сушыць іх папераменку цёплым і халодным паветрам, аптымальная тэмпература — 30 градусаў.
Не забывайце трымаць фен на адлегласці 20—30 сантыметраў ад валасоў. А для найлепшага эфекту сушыце іх у кірунку ад каранёў да кончыкаў.