Стала вядома, як КДБ вылічвае тых, хто данаціў у «Байсол»

Два гады спецслужбісты патрацілі на вывучэнне наладак фэйсбука, каб знайсці там дзірку ў бяспецы, і цяпер шантажуюць гэтым беларускіх айцішнікаў. 

15.01.2023 / 16:19

Мы паведамлялі пра тое, што беларускія спецслужбы скончылі ідэнтыфікацыю асоб, якія ў гарачыя месяцы 2020-2021 гадоў данацілі грамадскім ініцыятывам. У першую чаргу гаворка ідзе пра «Байсол», але не толькі. А падазраваныя збольшага — заможныя колы праграмістаў. 

Крыніцы: Янчэўскі прыдумаў, каб праграмістаў за данаты 2020-га не садзілі, але здзіралі кампенсацыю ў дзесяціразовым памеры

Цяпер праграмістаў масава выклікаюць у КДБ, дзе прымушаюць прызнавацца ў фактах данатаў і выстаўляюць дзесяцікратны рахунак ад памера даната, які трэба выплаціць на карысць лукашэнкаўцаў. 

«Наша Ніва» даведалася, якім чынам спецслужбісты атрымалі інфармацыю аб асобах ахвярадаўцаў. 

Сэнс у тым, што на адпаведны запыт з боку КДБ беларускія банкі далі спецслужбам інфармацыю толькі аб плацяжах з беларускіх карт у бок Facebook за перыяд са жніўня 2020-га года, калі здарыўся ўсплёск данатаў у фонды на фоне зверстваў лукашэнкаўцаў — тысячам людзей у адзін момант спатрэбілася рэабілітацыя і дапамога. 

Але вось нюанс — і банкі, і спецслужбы могуць бачыць толькі перавод у бок фэйсбука з персаналізаванай беларускай карты, але яны не могуць ідэнтыфікаваць, на што канкрэтна пайшлі грошы: сацсетка прапануе масу платных сэрвісаў, такіх як гульні, дадаткі, тавары ў Facebook Marketplace. 

Як жа тады зразумець, што чалавек падтрымліваў менавіта «Байсол» ці іншы збор? А не, напрыклад, купляў сабе віртуальны меч ці шыны на машыну? 

Толькі інтуітыўна, разумеючы абставіны: наўрад ці ў жніўні-снежні 2020-га праграмісты масава куплялі сабе віртуальныя мячы, — думаюць лукашэнкаўцы. 

Каб у гэтым пераканацца і выставіць дзесяцікратны мультыплікатар, праграмістаў і выклікаюць у КДБ, дзе ўсіх просяць зайсці ў свой аккаўнт на фэйсбуку. 

І тут пачынаецца тое, чаго можна пазбегнуць толькі праз поўнае выдаленне акаўнта. Аказваецца, у фэйсбуку ёсць дзірка ў бяспецы, якая, калі глядзець на яе вачыма каліфарнійца (Facebook створаны ў Каліфорніі), дзіркай можа і не з'яўляецца, але ў рэжымах дыктатуры можа стаць нагодай для крымінальнага пераследу. 

У раздзеле Facebook Pay вашай старонкі захоўваюцца даныя пра ўсе плацяжы карыстальніка, і выдаліць іх адтуль ніяк немагчыма — такой опцыі проста не існуе. Можна толькі атрымаць чэк аб плацяжы, што па-чорнаму іранічна ў беларускіх абставінах. 

Прыклад справаздачы аб траце з замазанымі дэталямі

Такім чынам, калі лукашэнкаўцы атрымліваюць фізічны доступ да фэйсбук-профілю падазраванага, таму застаецца толькі прызнаць факт падтрымкі фондаў і пагадзіцца на выплату па 10-кратным мультыплікатары на карысць лукашэнкаўцаў. 

Схаваць гісторыю сваіх плацяжоў можна, толькі калі цалкам выдаліць свой акаўнт, але спецслужбы будуць працягваць бачыць факт пераводу грошай з вашай беларускай карткі ў бок фэйсбука, таму прыйдзецца тлумачыць, што ж насамрэч вы аплочвалі, і тлумачыць, чаму цяпер таго профілю не існуе. 

Nashaniva.com