Чым больш людзі ездзяць, тым лепш сябе адчуваюць — даследаванне
Вучоныя з Універсітэцкага каледжа Лондана апыталі больш за тры тысячы дарослых жыхароў паўночнай Англіі.
07.01.2023 / 11:15
Навукоўцаў цікавіла, як часта апытаныя людзі ад’язджаюць ад свайго дома на адлегласць больш чым 15 міль (24 кіламетры), піша The Times.
І што ж выявілася? Тыя, хто рэгулярна ці як мінімум часта ездзяць далей, апісвалі сваё здароўе больш пазітыўна, чым дамаседы, і гэта было асабліва актуальна ў выпадку з пажылымі людзьмі.
Выснова ў даследчыкаў нечаканая: важна, каб грамадскі транспарт быў добра развіты, каб нават людзі без уласных аўтамабіляў маглі ездзіць, сустракацца, падарожнічаць.
Праца даследчыкаў з’явілася ў выданні Transport & Health.
Важнай характарыстыкай навукоўцы называюць колькасць месцаў, якія чалавек наведвае за межамі свайго квартала. Чым больш гэтых месцаў, тым больш чалавек сацыяльна актыўны, а гэта добра для ягонага здароўя. Адпаведна, лічаць даследчыкі, іх праца паказвае, што важна інвеставаць у паляпшэнне грамадскага транспарту — цягнікоў і аўтобусаў.
Адзінота шкодзіць здароўю, павялічвае рызыку высокага крывянога ціску, сардэчных захворванняў, атлусцення, дэпрэсіі і дэменцыі. Адзінота павышае рызыку заўчаснай смерці на 26 працэнтаў, і эксперты кажуць, што самотнасць трэба лічыць адной з праблем грамадскай аховы здароўя, аналагічнай курэнню і атлусценню.