Бабка ад Азарава і закускі ад Джыпсінкова. Палітыкі і селебрыці падзяліліся святочнымі рэцэптамі

Сярод гэтых рэцэптаў — гарачыя стравы, арыгінальныя закускі і дэсерт, правераны пакаленнямі.

31.12.2022 / 08:32

Селядзец пад шубай ад Алега Дулуба, галоўнага трэнера ФК «Львоў» (Украіна)

Фота: commons.wikimedia.org

Больш за ўсё на навагоднім стале Алег Дулуб любіць селядзец пад шубай, тым больш што ў яго рэцэпт гэтай стравы абноўлены. Трэнер пакаштаваў новую версію салаты ва Украіне, у рэстаране, дзе харчаваўся разам са сваёй камандай. Расказвае, што асноўнае адрозненне паміж беларускім і ўкраінскім рэцэптамі — гэта больш дробная нарэзка прадуктаў ва ўкраінскай страве.

Колькі браць інгрэдыентаў? «Звычайна ўсё бяру на вока, так сказаць, па бразільскай сістэме, у каго што ёсць. У кагосьці, можа, больш бульбы, у кагосьці — буракоў, гэта абсалютна не прынцыпова. Галоўнае, што атрымліваецца проста фантастычнае спалучэнне смакаў, гэта з дзяцінства мая любімая салата», — дзеліцца Алег.

Спачатку трэба адварыць бульбу, моркву і буракі, потым нацерці гэта ўсё на самай дробнай тарцы, што ў вас ёсць. Тады шуба атрымаецца «пухнатая».

Потым трэба разрэзаць цыбуліны на дзве часткі і замарынаваць — заліць іх гарачай вадой, дадаць трохі воцату і пасаліць на смак. Пакіньце цыбулю ў вадзе, пакуль вада не стане халоднай, то-бок на гадзіну-дзве, потым трэба нацерці цыбулю на самую дробную тарку — яна стане падобнай да жэле.

Яшчэ адзін важны момант — селядзец павінны быць бочкавы. Трэнер раіць, як дастаць з рыбы косткі: «Бяром селядзец хвастом да сябе, разварочваем на 180 градусаў, цягнем яго за дзве паловы хваста — і ўсе косткі застаюцца на руцэ».

Далей трэба нарэзаць селядзец вельмі дробна, як і іншыя інгрэдыенты.

Потым усё ўкладваем па слаях. Спачатку ідзе бульба, потым цыбуля, селядзец, потым морква і буракі. І далей гэта ўсё пакрываем сетачкай з маянэзу і паўтараем зноў.

«Калі ж мы робім гэтую салату на навагодні стол, трэба яшчэ зрабіць з агурка гадзіннік са стрэлкай на без пяці хвілін поўнач. І тады вы дакладна не забудзеце, што трэба пакаштаваць гэтую салату без пяці дванаццаць», — смяецца Дулуб.

Святочны пірог ад кіраўніка НАУ і намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі

Рабіць гэты пірог на святы — даўняя традыцыя ў сям'і Паўла Латушкі.

«Маю маму Валянціну Васільеўну навучыла пячы гэты пірог яе мама Лідзія Лучанок, а ўжо маю бабулю, Лідзію Лучанок, навучыла яе мама — Надзея Лучанок, — расказвае палітык. —

Гэты пірог мама заўсёды пякла на дзень нараджэння майго бацькі і на Новы год. Яна не лічыць рэцэпт працаёмкім і робіць гэта з задавальненнем. Ды і наогул, гатаваць трэба заўсёды з задавальненнем!

Фота: асабісты архіў

Мама пякла гэты пірог у бабулі на вёсцы ў Смалявіцкім раёне ў печы. У горадзе, вядома, яна пякла яго заўсёды на памер бляшкі ў духоўцы, і на гэты Новы год у Варшаве яна абяцае таксама спячы пірог.

Гэтым пірагом ужо частаваліся супрацоўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і не раз. Мы таксама частавалі і нашых польскіх сяброў.

Калі я быў дзіцем, я вельмі любіў замешваць цеста і дапамагаць маме. Мама кажа, што я ўвесь час спрабаваў яго з'есці, але сырое цеста есці не рэкамендую. Мая дачка Яна пайшла па маіх слядах і, калі бабуля робіць пірог, таксама спрабуе з'есці сырое цеста. Але зноў не рэкамендую гэта рабіць».

Як жа гатаваць любімы пірог Паўла Латушкі? Падрыхтуйце інгрэдыенты:

Прасейце муку. Пакладзіце дрожджы ў цёплае малако і дадайце 1 сталовую лыжку цукру для таго, каб яны падышлі. Потым замясіце з гэтых інгрэдыентаў цеста і пастаўце яго ў цёплае месца.

Калі цеста падыдзе, яго трэба абмяць і паўтарыць так два разы. Потым сфармуйце пірог так, як на фота. Для начынкі можна выбіраць любое варэнне, якое падабаецца. Мама Паўла Латушкі Валянціна Васільеўна пячэ пірог з яблычным ці вішнёвым варэннем. Калі варэнне занадта вадкае, то пасля выкладвання на цеста можна пасыпаць яго крухмалам.

Перад запяканнем можаце пасыпаць пірог карыцай. Потым стаўце яго ў духоўку, разагрэтую да 200 градусаў, і выпякайце на працягу 40 хвілін. Гатоўнасць правярайце драўлянай палачкай ці зубачысткай: калі цеста на яе не чапляецца, значыць, пірог гатовы.

Прыемнага апетыту!

Бабка са шкваркамі ад Аляксандра Азарава, кіраўніка «Байпола»

Аляксандр Азараў вырашыў падзяліцца сваім рэцэптам традыцыйнай беларускай стравы — бабкі са шкваркамі.

Колькасць прадуктаў, расказвае Азараў, бяром на смак — колькі чаго хочаш, столькі і кладзеш. У яго варыянце атрымліваецца каля 200 грамаў шкварак, 2 цыбуліны, бульбы столькі, колькі змесціцца ў форму для запякання.

Фота: commons.wikimedia.org

А вось і сам рэцэпт ад Аляксандра: «Трэба нацерці бульбу, дадаць да яе солі і трошкі кмену. Потым пасмажыць шкваркі з грудзінкі, пасаліць іх і паперчыць. Палову шкварак разам з тлушчам дадаць у нацёртую бульбу і перамяшаць, а палову шкварак адставіць убок.

Далей пакрышыце цыбулю паўколцамі і пасмажце на патэльні, змяшайце з другой паловай шкварак. Далей выкладаем усё ў качачніцу ці іншую форму, прыдатную для запякання. Спачатку палова бульбы, потым слой шкварак, змешаных з цыбуляй, прычым трэба выліць у форму ўвесь тлушч, а потым закрываем усё другім слоем бульбы. Разаграваем духоўку прыкладна да 180 градусаў і ставім форму ў духоўку недзе на дзве гадзіны. Падаваць бабку трэба са смятанай ці з малаком».

Закускі ад блогера Джыпсінкова

Міхаіл Цыганкоў, больш вядомы як блогер Джыпсінкоў, збольшага карыстаецца агульнапрынятымі рэцэптамі, але ўводзіць у іх некаторыя мадыфікацыі. Напрыклад, яго ідэі дазволяць вам дадаць новы смак знакамітай святочнай салаце: «Я дадаю чырвоную салодкую цыбулю ў крабавую салату і інакш гэтую салату не прызнаю. У багаты год можна крабавыя палачкі на крэветкі замяніць».

Што да гарачага, Джыпсінкоў прапануе зрабіць мяса па-французску, але расказвае, што яно ў яго — сапраўднае: «Не дзе кавалак мяса і маянэз з сырам зверху. А смажаная катлета са смачнага фаршу, зверху памідоры і сыр. Усё гэта ставім у духоўку, а зверху — смажанае на масле яйка з вадкім жаўтком».

Закусіць усё гэта можна іншай стравай ад знакамітага блогера: падсмажце багет на масле, зверху пакладзіце тварожны сыр, рукалу і яйка пашот.

Ці яшчэ адзін варыянт цікавай стравы на аснове французскага хлеба: «Вазьміце багет, зрэжце верхнюю частку, дастаньце ўсю мякаць і пакладзіце ўнутр мацарэлу. Асобна пасмажце любы фарш, які вы любіце, дадайце яго зверху на мацарэлу і натрыце зверху ваш любімы сыр. Пастаўце страву на 10—15 хвілін у разагрэтую духоўку».

Таксама Міхаіл раіць паспрабаваць запячы свініну ў апельсінах ці ў вішнёвым канфіцюры — блогер расказвае, што гэта вельмі смачна.

Ральмопсы з чарнаслівам ад Аліны Коўшык, прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні ў Аб'яднаным пераходным кабінеце

Былая журналістка Аліна Коўшык некалі вяла кулінарны блог. Для нашай падборкі святочных рэцэптаў яна падзялілася адным з рэцэптаў з гэтага блога. Гатуем ральмопсы з чарнаслівам!

Фота: 1000i1koushyk.blogspot.com

Для гэтай стравы нам спатрэбіцца селядзец, чарнасліў, цыбуля, алей і зубачысткі. Важна: селядцу трэба час, каб добра прамарынавацца, таму страву гэтую робім за пару дзён да застолля (лепш за тры).

Калі селядзец занадта салёны, перад гатаваннем можна яго вымачыць у вадзе на працягу гадзінкі-другой. Чарнасліў заліваем гарачай вадой на 10 хвілін, чысцім і наразаем.

Цяпер загортваем ральмопсы. На вузкі канец філе кладзём дзве сліўкі — можна іх папярэдне раздушыць пальцамі, каб былі больш плоскія і вузкія. Закручваем філе ў рулет, робім гэта максімальна шчыльна. Замацоўваем дзвюма зубачысткамі паралельна і разразаем на дзве часткі ўпоперак — у кожнай павінна быць адна зубачыстка.

Кладзём у слоік трохі цыбулі, потым селядзец і потым зноў цыбулю, заліваем усё алеем. На некалькі дзён пакідаем у прахалодным месцы. І частуемся!

Да святочнага стала. Запечаная садавіна ў глінтвейне — дэсерт, якім вы здзівіце гасцей

Выбіраем чырвоную ікру. Як адрозніць далікатэс і падробку

Рэцэпт на выхадныя. Ёркшырскія пудынгі з прыправамі і цыбуляй — добрая святочная закуска

Nashaniva.com