Рэцэпт на выхадныя. Ёркшырскія пудынгі з прыправамі і цыбуляй — добрая святочная закуска
Ёркшырскія пудынгі — гэта вельмі простыя і лёгкія булачкі з бліннага цеста. Дадайце ў іх для водару шалфей, або размарын, або маяран і падавайце гэтыя пудынгі з запечанай свінінай ці курацінай.
18.12.2022 / 08:39
Фота: BBC Food
Каб згатаваць ёркшырскія пудынгі з травамі, вам спатрэбіцца:
- 150 грамаў мукі
- 1 чайная лыжка сушанага шалфею (можна замяніць на маяран ці размарын)
- 2 узбітыя яйкі
- 275 грамаў малака (не бярыце абястлушчанага)
- 1 сталовая лыжка свінога туку (можна замяніць на масла)
- 1 вялікая цыбуліна, парэзаная на колцы
- соль
- Разагрэйце духоўку да 220 градусаў.
- Прасейце муку ў міску, дадайце дробку солі і шалфей ці іншую спецыю. Зрабіце паглыбленне ў сярэдзіне горкі і дадайце яйкі. Пачніце ўзбіваць яйкі, паступова змешваючы іх з мукой, потым паступова ўліце малако. Іншы варыянт: змяшайце ўсе інгрэдыенты ў кухонным камбайне. Пакіньце цеста на гадзіну.
- Раскладзіце тлушч па 12-ці формах для кексаў. Пастаўце ў духоўку і трымайце там формы, пакуль яны не нагрэюцца.
- Наліце ваду ў невялікую каструлю і давядзіце яе да кіпення. Дадайце дробку солі і цыбулю, варыце тры хвіліны, потым зліце ваду.
- Раскладзіце цыбулю ў формы і выліце на яе цеста — яго павінна быць роўна з краямі формаў. Выпякайце на працягу 20 хвілін ці пакуль пудынгі не паднімуцца і не стануць залацістымі. Падавайце гарачымі.