Беларускі след Гіёма Апалінэра. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча
Герой новага відэа паэта і літаратуразнаўцы Андрэя Хадановіча — адзін з самых значных паэтаў XX стагоддзя Гіём Апалінэр, які мае беларускае паходжанне.
30.11.2022 / 21:33
У выпуску расказваецца:
- якія падзеі вымусілі сваякоў Апалінэра пакінуць Беларусь;
- якая дэтэктыўная гісторыя злучае Апалінэра і Пікаса, і прычым тут скрадзеная з Луўра Джаконда;
- які беларускі літаратар — сваяк Апалінэра;
- Апалінэр і яго адносіны з эротыкай і парнаграфіяй: што гэта было?!;
- як французскі паэт з'явіўся ў вершах Барадуліна і прычым тут алкаголь;
- што гэта за бар у Мінску, кактэйлі ў якім адсылалі да творчасці Апалінэра, і за што яго закрылі.
Вось некалькі думак з новага відэа.
Амаль дэтэктыўная гісторыя злучае паэта з Паблам Пікаса. Як гэта было? Сумнеўныя сябры, якія займаліся перакупкай шэдэўраў, што знікалі з Луўра і з'яўляліся на чорным рынку. Кажуць, дапатопныя палінезійскія статуэткі такім чынам траплялі да Пікаса. Так ці інакш, у 1919 годзе ў Парыжы выбухнуў скандал — з Луўра знікла знакамітая Джаконда, і падазрэнні, дзякуючы гэтаму колу знаёмства, падаюць на Апалінэра, якога затрымліваюць і трымаюць у турме, дзе ён праводзіць няпоўны тыдзень, але адлюстроўвае гэта ў цыкле турэмнай лірыкі.
Што такое каліграмы? Слова вынайшаў Апалінэр, хоць з'ява старая, якая раней называлася «фігурнымі вершамі». Гэта верш, які пішацца на аркушы паперы так, што ўтварае малюнак. Наш славуты продак Сімяон Полацкі любіў гэты прыём, а Апалінэр старое забытае зрабіў знакам сучаснасці. Эйфелева вежа, якая проста намаляваная ў яго паэтычнымі радкамі, конь, альбо касы дождж, альбо найскладанейшая каліграма «Зарэзаная галубка і фантан» — верш памяці загінулых прыяцеляў дзяцінства і маладосці. Вы пазнаеце і фантан, і галубку, але пры гэтым тэкст таксама сам бароніцца, яго можна друкаваць не ў каліграфічным выглядзе, і гэта будзе добрай французскай паэзіяй.
Фотаздымкі з забінтаваным Апалінэрам, а таксама вядомыя партрэты Пікаса зрабіліся важным месцам у культуры, у тым ліку і беларускай, у вершы народнага паэта Рыгора Барадуліна, які наведаў Парыж і стварыў кароткую гумарыстычную мініяцюру «Парыжскае пахмелле». Алкаголь — самая важная назва ў творчасці Апалінэра, назва галоўнай яго кнігі. Апроч банальнага п'янства, Апалінэр мае на ўвазе ап'яненне жыццём, радасць жыцця, да сустрэчы з якім ён гатовы і таму п'е ўзахлёб.
Гіём Апалінэр натхняе на адкрыцці і пераадольвае межы, што вельмі важна для нас у сённяшнія цяжкія часы, таму глядзім новае відэа Андрэя Хадановіча, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся з сябрамі і сяброўкамі.
Глядзіце таксама:
«Камароўка бандытаў, багема і страчанае пакаленне, яўрэі і забойца Кенэдзі: топ-7 кніг пра Менск і Мінск». Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча
«Эліза Ажэшка і яе рэцэпты яднання для беларусаў». Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча
«Да свабоды гэтак блізка…» Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча