«Трэба канчаткова размежаваць для сябе дзяржаву і радзіму». Наста Кудасава пра страшныя дні ў Рагачове і жыццё ў непрадказальнасці

«У Рагачове апошнія месяцы мне практычна не было з кім паразмаўляць», — прызнаецца паэтка Наста Кудасава. «Мы перасталі адно аднаму званіць, бо па тэлефоне ніхто не можа цяпер гаварыць адкрыта. Сустрэўшыся на вуліцы, баяліся размаўляць шчыра. Дайшло да таго, што мы проста перасталі бачыцца». У шчырым інтэрв’ю адна з найлепшых беларускіх паэтак расказвае пра перажытае, паваротны імпульс і жалезныя прынцыпы, якіх не трэба баяцца.

26.11.2022 / 12:22

Наста Кудасава. Фота: budzma.org

«Побач — гэта не толькі той, хто збоку, але і той, хто здольны бачыць»

Неўзабаве Наста Кудасава прадставіць новую кнігу «Побач». Працаваць над зборнікам вершаў яна стала яшчэ да падзей 2020 года, а потым пачалася вайна ва Украіне і ў яе з’явілася занепакоенасць, што кніга можа страціць актуальнасць.

«Але, прайшоўшы ўсе гэтыя страшныя этапы, разумею, чым больш жорсткі свет, тым больш хочацца данесці простыя рэчы да людзей. Што трэба захоўваць чалавечнасць, зважаць на тых, хто побач, і памятаць, што ты не адзін», — даводзіць паэтка.

Кніга-альбом «Побач». Фота: facebook.com / nastakudasawa

У зборніку прадстаўленая пераважна філасофская, інтымная лірыка. Пачынае яго верш «Побач будзь, і пабачыш». Аўтарка кажа, што ёй спадабалася гульня словаў з коранем «бач».

«Побач — гэта не толькі той, хто збоку, але і той, хто яшчэ здольны бачыць, — тлумачыць яна. — Гэтаму вучыць хрысціянства. Любіць бліжняга свайго — гэта, верагодна, умець бачыць яго, разгледзець, адкрыць для сябе. Адчуваць яго, дараваць яму. Прыняць такім, які ён ёсць. Мне хочацца данесці просты мэсэдж: як важна захоўваць пачуцце чалавечнасці, любові, разумення, быць блізкімі адно да аднаго, каб не зваўчэць канчаткова».

У кнізе з вершамі прадстаўленыя малюнкі беларускай мастачкі Святланы Сафіі Дземідовіч. Яны створаныя адмыслова для зборніка. 

«Гэта кніга двух паўнапраўных аўтараў, на яе старонках мы побач. Нам хацелася сказаць гэтым, як важна аб’ядноўвацца цяпер беларусам, падтрымліваць адно аднаго, разумець, што мы ўсе працуем у адным напрамку», — дадае Наста.

«У Рагачове апошнія месяцы мне практычна не было з кім паразмаўляць»

Наста Кудасава лічыць сябе чалавекам моцна ўкаранёным у зямлю, за якую, здавалася, будзе трымацца да апошняга. Але пасля падзей 2020 года ёй стала адзінока. Многія сябры апынуліся ў турме або ў эміграцыі, і яна жыла ў інфармацыйным і эмацыйным вакууме.

«Такая атмасфера цяпер у краіне, што людзі пазбягаюць спатканняў, размоваў, — апавядае яна. — У Рагачове апошнія месяцы мне практычна не было з кім паразмаўляць. Людзі сталі вельмі запалоханыя. Мы перасталі адно аднаму званіць, бо па тэлефоне ніхто не можа цяпер гаварыць адкрыта. Сустрэўшыся на вуліцы, баяліся размаўляць шчыра. Дайшло да таго, што мы проста перасталі бачыцца. Калі ў мяне і было там пару сяброў, то паступова ўсе неяк замкнуліся, кожны ў сабе».

Калі прыйшла вайна, Наста зразумела, што гэта той момант, калі трэба канчаткова размежаваць для сябе дзяржаву і радзіму.

Ёй не хацелася больш «мець нічога супольнага з дзяржавай, якая ўдзельнічае ў вайне на непрыемным баку». 

«Не хацела, каб мае дзеці працягвалі атаясамліваць сябе з гэтай дзяржавай. Таму вырашыла дзеля іхняй будучыні найперш звезці іх у больш здаровае грамадства», — даводзіць паэтка.

«Цябе нібыта каменем прыплюшчыла»

У эміграцыі адзінота набыла іншыя формы, прызнаецца Наста. Тут адзінота з-за адарванасці ад роднага.

«Цябе нібыта каменем прыплюшчыла, расціснула. Гэта камень на сэрцы. Але ў той жа час, тут шмат такіх, як я, каму баліць, хто перажыў тое ж, што я. Трымаемся адно аднаго пакуль што, — кажа яна. — Тут не страшна сабрацца разам, паплакаць, падзяліцца сваім горам. Можна нарэшце быць шчырым. Тут атрымалася задыхаць, хоць і праз боль».

На творчай сустрэчы Наста Кудасавай у Беластоку. Фота: МOST

Наста дадае, што ў эміграцыі не трэба хаваць, як у Беларусі, прозвішчы за ініцыяламі, калі прысвячаеш вершы людзям, якіх нельга называць.

«Тут ёсць свабода, але мне хочацца гэтую свабоду прывезці для тых, хто там, бо там мой народ.

Я працую з моваю і дзеля мовы найперш. Усё, што я раблю, робіцца выключна для беларускай аўдыторыі. Гэта ўсё завязана на глыбінна нацыянальным. Мне хацелася б гэта рабіць для маёй краіны, для маіх людзей. Наўрад ці я магу быць моцна цікавая камусьці яшчэ. Тут, у Польшчы, цяпер шмат нашых людзей, беларусаў, таму я адчуваю тут запатрабаванасць. Але ў прынцыпе гэта сітуацыя не здаровая і не нармальная. Правільна мне б было жыць у сваёй краіне і рабіць для тых, хто там. Правільна, каб мы ўсе вярнуліся».

«Беларусы жывуць у прадчуванні, што мур хутка рухне» 

Наста кажа, што замежныя імпрэзы, у якіх яна ўдзельнічала, збіралі нашмат больш людзей, чым магло быць у цяперашняй Беларусі. Па яе словах, нават у Мінску ў апошнія гады на літаратурныя вечарыны магло прыйсці 10—15 чалавек. Не таму, што людзям не цікава, проста яны ў прыгнечаным стане.

«Людзі выехалі не таму, што ім так захацелася, а таму што гора прымусіла. Яны спрабуюць інтэгравацца, але моцна адчуваецца, што яны тут з намерам вярнуцца. Жывуць у прадчуванні, што мур хутка рухне. Таму цягнуцца да беларушчыны. І беларускую мову стараюцца вучыць. І трымацца свайго. У іх агонь нейкі запаліўся, яны вераць, ці прынамсі спадзяюцца захаваць тут Беларусь, а потым вярнуцца ў пэўны момант з ёю. Мяне гэта абнадзейвае», — кажа яна.

Пра адну з вечарын паэтка напісала:

«Я выступала і бачыла (адчувала), як плачуць людзі ў зале. Адчувала, якія мы ўсе паламаныя, пакамечаныя, раструшчаныя, як балюча ўсім.

Я атрымала вельмі многа надзвычай цёплых водгукаў пасля — такіх шчырых, пранізлівых, шчодрых. І ў чарговы раз падумала, якое ж гэта шчасце мець такіх чытачоў, аднадумцаў, аднадушцаў…»

«Я ведала, з якім злом маем справу»

Наста лічыць, што беларусы не былі гатовыя да таго, з чым сутыкнуліся ў 2020 годзе, а пагатоў да такой ахвяры, як вымушаная эміграцыя.

«У 2020 годзе было шмат маладых людзей, якія прыйшлі ўпершыню ў пратэсную плынь. Многія наогул не ўяўлялі, куды трапілі і як усё павернецца. Я дык у гэтым усё жыццё, колькі сябе памятаю. Таму стрымана ўдзельнічала ўва ўсім і хутчэй назірала. Бо ведала, з чым мы маем справу, з якім злом. Але і для мяне быў шокам такі моцны гвалт ды катаванні, я не чакала такой жорсткасці з боку гэтай сістэмы. Цяпер у людзей паламаныя лёсы і псіхіка. Многія ў моцным стрэсе дагэтуль», — адзначае суразмоўніца.

Перажытае — добры паваротны імпульс, каб асэнсаваць сябе, сваю нацыянальную прыналежнасць, каб нешта магло нарадзіцца з такога памежнага стану, з моцнага ўзрушэння, кажа паэтка.

Менш пафасу

Ці гатовая літаратура рэагаваць на падзеі 2020 года або яна знаходзіцца ў такім жа крызісе і роспачы як і тыя, на каго яна арыентаваная?

«Хтосьці знайшоў патрэбныя словы і патрэбную мову, але не ўсе.

Некаторыя мае калегі, літаратары, часам кажуць, што не могуць сабе дазволіць выказацца на гэтую тэму, не адчуваюць сябе кампетэнтнымі. Лічаць патрэбным, каб у такой сітуацыі муза змоўкла, і яны таксама маюць рацыю па-свойму», — даводзіць Кудасава.

Наста Кудасава. Фота: facebook.com / nastakudasawa

«А хтосьці працягвае пісаць і даволі прадуктыўна, — кажа далей Наста. — Той жа Дзмітрый Строцаў напісаў неймаверна шмат моцных дакладных рэчаў пра наш час».

Пішацца і самой Насце. Яна кажа, што хоча занатаваць тое, што з намі адбылося.

«Літаратура можа з гэтым справіцца і павінна. Культура павінна першаю рэагаваць на такія падзеі».

Інтанацыя ў творах паэткі змянілася: стала больш жорсткай. З 2020 года ў яе сталі выходзіць вершы-хронікі, бо сёння запатрабаваныя жанры імгненнага рэагавання.

«Творы становяцца больш лаканічнымі і трагічнымі. Менш дэкаратыўна-эстэцкага пафасу, а больш грамадскага, грамадзянскага акцэнту, — тлумачыць суразмоўніца. — Творцы адыходзяць ад філасафічных, асабістых разваг і прыходзяць да фіксацыі будзённых рэчаў, якія, на жаль, цяпер вызначаюць наша жыццё, — вайна, турма, рэпрэсіі, эміграцыя».

Паводле яе, новыя тэмы вымагаюць і новых мастацкіх сродкаў, каб адлюстраваць перажытыя падзеі, літаратары мусяць быць і хранікёрамі, а хроніка мае свае асаблівасці, свае інтанацыі і рытмы.

«Я пішу хутчэй дзеля тэрапіі. Для многіх гэта псіхатэрапія, каб перажыць тое, што з імі адбылося, справіцца з болем. Можа, неўзабавае стануць запатрабаванымі і іншыя жанры. Але патрэбны час, адлегласць, каб асэнсаваць усё, што з намі адбылося», — разважае паэтка.

Па яе словах, на сустрэчах некаторыя прызнаюцца, што, наадварот, ім хочацца, каб зноў гучалі вершы пра каханне, пра прыроду, бо стаміліся ад перажыванняў.

«Гэта натуральна, бо жыццесцвярджальны пафас перамагае жахі, — мяркуе Наста. — Жыццё заўсёды імкнецца перамагчы».

«Я сама так жыла: уціснуўшы галаву ў плечы»

На погляд паэткі, беларусы хутка вернуцца да здаровага стану, калі вакол будзе нармальнае здаровае грамадства.

«Веру ў нашых людзей, — кажа яна. — Разумею, што іх такімі прымусілі быць: уціснуць галаву ў плечы і прыстасоўвацца. Я сама жыла так, баючыся сказаць лішняе слова і хаваючы свае пачуцці, каб не нашкодзіць родным, бо час такі. Даводзілася ісці наўскос праўды жыцця, наўскос сябе самой».

Сваё перакананне суразмоўніца ілюструе тым, як беларусы, прыязджаючы ў Польшчу, у свабоднае асяроддзе, дзе не страшна быць сабою, літаральна праз некалькі месяцаў мяняюцца, адкрываюцца.

Аднак, прызнаецца Кудасава, часам ёй здаецца, што вяртанне на радзіму расцягнецца на дзесяцігоддзі.

«Я стараюся пра гэта не думаць, бо мне вельмі страшна. Гісторыя паказвае, што ёсць розныя сцэнары для сітуацыі, у якой мы аказаліся. Як будзе ў нас, прадказаць цяжка. Варта верыць, спадзявацца, а пакуль — уладкоўваць жыццё, як ёсць, працягваць рабіць сваю справу».

Чытайце таксама:

На гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве будзе беларускі стэнд

Наста Кудасава. Мой дом згарэў. Верш

У турэмнай выдавецкай серыі выйшаў «Зэкамерон» Максіма Знака

Nashaniva.com