Што паглядзець. «Англічанка» (The English) — найлепшы вестэрн за доўгі час
Новы серыял ад Prime Video, магчыма, мае заблытаны сюжэт, але за ім хаваецца выдатнае шоу.
19.11.2022 / 16:09
Фота: Amazon Studios
У цэнтры ўвагі «Англічанкі» — Карнэлія і Элі, сыграныя адпаведна Эмілі Блант і Часкам Спенсерам. Паміж гэтымі незвычайнымі людзьмі ў жорсткіх умовах пустынь Дзікага Захаду ўтвараецца нечаканая, але неразрыўная сувязь. Гэтых двух персанажаў (і акцёраў, што іх іграюць) больш чым дастаткова, каб зрабіць добры серыял, але стваральнікі «Англічанкі» пастаянна дадаюць у сюжэт усё новыя і новыя дэталі. У выніку мы маем шэсць серый, матэрыялу ў якіх хапіла б і на дзесяць гадзін, мяркуе Variety.
Усе сцэны са сваім удзелам — ад першай яркай да апошняй меланхалічнай — Блант напаўняе ўнікальным спалучэннем цеплыні, гумару і рашучасці. Яе гераіня, Карнэлія, належыць да англійскай арыстакратыі, і яна апантаная жаданнем помсты за памерлага сына. Спенсер, што ўвасабляе супярэчлівага карэннага амерыканца, ураўнаважвае яе эмацыйнасць сваёй цвёрдасцю характара.
Першапачаткова здаецца, што Карнэлія і Элі — гэта максімальна розныя людзі, але чым больш мы паглыбляемся ў сюжэт, тым больш робіцца зразумелым, наколькі яны насамрэч падобныя. Нягледзячы на расавыя, сацыяльныя і культурныя адрозненні герояў, сувязь між імі робіцца тэматычнай і эмацыйнай асновай трохі сумбурнай «Англічанкі».
Акцёры другога плана граюць выдатна, а рэжысёр Х’юга Блік знайшоў цікавыя хады. Тым не менш, не ўсе крытыкі задаволеныя тым, які сцэнар для серыяла стварыў Блік: напрыклад, апошнія два эпізоды называюць трохі заблытанымі, а то і непаслядоўнымі. На жаль, апошнія серыі «Англічанкі» — гэта не тое яркае завяршэнне, якога заслугоўвае гэты серыял.
Фота: Amazon Studios
Нягледзячы на гэта, у стваральнікаў атрымаўся добры, а месцамі і ўвогуле выдатны вестэрн. Нават у сваіх найгоршых эпізодах, большасць з якіх прыпадаюць на фінал «Англічанкі», шоу выглядае ўнікальным прадстаўніком свайго жанру, які ў Галівудзе ў апошнія гады збольшага ігнаруюць. Што яшчэ важна, серыял нагадвае, якую працу могуць рабіць выдатныя акцёры накшталт Блант і Спенсера, калі ім даюць магчымасці і свабоду, якой яны заслугоўваюць. Стваральнікі «Англічанкі» выбіраюць не абмяжоўваць сваіх зорак, таму тыя і праяўляюць сябе так добра.
Ды і самае важнае тут — не дакладнасць сюжэта. Больш важным ёсць тое, што ў «Англічанцы» мы сустракаем шмат ашуканскіх персанажаў, якія ілюструюць бязлітаснасць Дзікага Захаду. Важна і тое, што масавыя забойствы карэнных амерыканцаў, на якіх быў пабудаваны Новы свет, не забытыя і заўсёды будуць прысутнічаць у жыццёвай гісторыі Элі і людзей, у якіх ён з Карнэліяй шукае прытулак. Нарэшце, важна тое, што хоць вы і можаце заблытацца ў дэталях, сюжэт ніколі не стане незразумелым, а выкананне — менш пераканаўчым.
Рэйтынгі на вялікіх сусветных рэсурсах:
IMDB — 8,1/10
Rotten Tomatoes — 82% (крытыкі), 68% (гледачы)