Працавала на тэлеканалах Медзведчука. Хто такая Надзея Сас — новая прапагандыстка СТБ
На тэлеканале яна з’явілася пасля пачатку вайны ва Украіне. Надзея Сас вядзе палітычнае ток-шоу «Сас упаўнаважаны заявіць», у якое запрашае беларускіх і расійскіх прапагандыстаў. Сама дзяўчына з'ехала з Кіева за 10 дзён да пачатку вайны.
27.10.2022 / 17:55
Фота: скрын з СТБ
Тэлевядучай 28 гадоў. Родам яна з Украіны, горада Днепрадзяржынска (цяпер Каменскае) Днепрапятроўскай вобласці.
У 2016-м Надзея Сас скончыла Інстытут міжнародных адносін Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, атрымала спецыяльнасць магістра міжнароднага права, перакладчыцы з англійскай мовы.
У тым жа годзе праходзіла стажыроўку ў офісе віцэ-прэзідэнта Еўрапарламента Рышарда Чарнецкага.
Пасля выпуску Надзея Сас пачала працаваць на прарасійскіх тэлеканалах, якія належалі пулу Віктара Медзведчука.
Вяшчанне тэлеканалаў NewsOne, ZIK, «112 Украина», на якіх працавала Надзея Сас, было спынена на пачатку 2021-га. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні санкцый у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб тэлеканалаў.
У Офісе прэзідэнта Украіны санкцыі патлумачылі неабходнасцю супрацьдзеяння «замежнай прапагандзе». Як пацвердзіцца ў лютым 2022 года, кум Пуціна Медзвядчук быў часткай плана Уладзіміра Пуціна па захопе і расчляненні Украіны.
Фота: скрын з СТБ
У Беларусь Надзея Сас разам з сям’ёй пераехала 13 лютага, за дзесяць дзён да пачатку вайны.
«Свабода слова ва Украіне яшчэ да 24 лютага стала вельмі ўмоўнай, — тлумачыла прычыну пераезду ў Беларусь Сас лукашэнкаўскаму выданню «Беларусь сегодня». — Як журналіст, я практычна цалкам страціла права на прафесію, бо вяшчанне тэлеканалаў, на якіх я працавала (NewsOne і ZIK), было забаронена па рашэнні рэпрэсіўнага органа дзейнай улады — Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.
Са студзеня 2021-га ўлада разгарнула паляванне на тых, хто ім жа дапамог у 2019-м, а не на Парашэнку, чыёй пасадкі чакалі мільёны ўкраінцаў. Таму мы прынялі рашэнне пакінуць Украіну».
Выказвалася Надзея Сас і пра вайну.
«Цяпер усё, што адбываецца ва Украіне, — гэта боль. Боль, які стаў вынікам вялікай памылкі дзейнай улады, яе дылетанцтва, няздольнасці ісці на кампраміс і нежадання ўсведамляць наступствы сваіх дзеянняў. Наша краіна магла б стаць зусім іншай», — казала яна ў інтэрв’ю.
Сас звольнілі з тэлеканала NewsOne яшчэ ў 2017 годзе «за парушэнне прафесійных стандартаў». Тады тэлевядучая выказалася пра Пятра Парашэнку.
«Калі б ён падзяліўся ўсім сваім дабром, якое ў яго ў афшорах і якое ён атрымаў ад Ліпецкай фабрыкі, гэта было б лепш для ўсіх украінцаў», — казала яна.
У Беларусь Надзея Сас прыехала разам з двума дзецьмі (сынам і дачкой) і мужам Алегам Валошыным, з якім яна пабралася шлюбам у 2016-м.
Яшчэ нядаўна сацсеткі Надзеі Сас былі адкрытымі, цяпер тэлевядучая закрыла сваю старонку ў фэйсбуку і інстаграме.
Мяркуючы па фотаздымках, якія там былі, сям'я, калі яшчэ жыла ва Украіне, часцяком ездзіла ў Еўропу.
Надзея Сас з мужам Алегам Валошыным. Фота: сацыяльныя сеткі
Яе муж — Алег Валошын — былы прэс-сакратар і дырэктар Дэпартамента інфармацыі Міністэрства замежных спраў Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады IX склікання ў складзе фракцыі прарасійскай партыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё» (у чэрвені гэтага года дзейнасць партыі рашэннем суда была забаронена, бо яна таксама выявілася часткай ваеннага сцэнара Расіі).
Сёлета ў сакавіку Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны правяло ператрусы ў некаторых дэпутатаў АПЗЖ. Як паведамлялася раней, у Алега Валошына была знойдзена зброя.
Следчыя дзеянні праводзілася ў рамках дасудовага расследавання, якое было распачата па факце «неправамерных дзеянняў службовых асоб праваахоўных органаў, якія садзейнічалі пэўным асобам, у прыватнасці народным дэпутатам, у незаконным перасячэнні дзяржмяжы».
Крымінальная вытворчасць адкрытая па ч.3 арт. 365 КК Украіны (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў работнікам праваахоўнага органа, якое прывяло да цяжкіх наступстваў).
Вядома, што сама Сас была членам АПЗЖ, балатавалася ад яе ў дэпутаты Днепрапятроўскай абласной рады.
Пра што расказвае Надзея Сас на тэлеканале СТБ?
Яна вядзе палітычнае ток-шоу «Сас упаўнаважаны заявіць», у якое запрашае выключна праўладных беларускіх і расійскіх экспертаў. Напрыклад, у яе ў студыі былі Алег Гайдукевіч, Аляксандр Шпакоўскі, Алег Белаконеў, Аляксей Аўдонін, Аляксей Дзермант.
Вось з якімі назвамі выходзілі праграмы: «Што пагражае Беларусі і ў чым сэнс палітыкі сучаснай Еўропы?», «Крызіс у Еўропе і наступствы санкцый для абодвух бакоў», «Захад супраць Усходу! Хто будзе кіраваць светам у будучыні?».
Вось што Надзея Сас сама гаворыць у выпусках.
«Да нядаўніх часоў такія дзяржавы, як Польшча і краіны Балтыі, успрымаліся марыянеткамі ў руках Захаду. Ці не складваецца ў вас уражанне, што зараз яны з'яўляюцца асноўнымі застрэльшчыкамі эскалацыі? — пыталася Надзея Сас у экспертаў.
«Сёння амерыканскія нафтагазавыя кампаніі ў сярэднім зарабляюць на адным танкеры-газавозе каля 130 мільёнаў даляраў. Менавіта 130-150 мільёнаў долараў — гэта і ёсць кошт танкера. Гэта значыць, за адзін паход яны забяспечваюць сабе такія фінансавыя магчымасці. Узнікае пытанне. Добра, Пуцін дрэнны, чаму тады ЗША не ідуць насустрач ЕС, тое, што адбываецца зараз з еўравалютай, падштурхоўвае на думку, што ЗША зацікаўлены ў краху эканамічным ЕС», — казала яна з экрана.