Дзевяць мабільных праграм, якія павялічаць колькасць беларускамоўнага кантэнту ў вашым жыцці
Слоўнікі, аўдыякнігі і гульні: расказваем, што варта ўсталяваць на тэлефон.
23.10.2022 / 13:08
Кніжны Воз
Бясцэнны дадатак для тых, хто жадае заўсёды мець магчымасць слухаць кнігі па-беларуску. Спіс кніг тут досыць арыгінальны: ад больш-менш класічных «Прыгод Рабінзона Круза» і «Маўглі» да твораў сучаснай дзіцячай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай, «Хронікаў Нарніі» і вершаў Андрэя Скурко. Кантэнт у дадатку збольшага дзіцячы.
Skarnik — белорусский словарь
Адзін з найлепшых беларускіх анлайн-слоўнікаў можа стаць да вас яшчэ бліжэй. І руска-беларуская, і беларуска-руская версіі «Скарніка» маюць больш за 100 тысяч слоў, таксама на рэсурсе даступны неблагі тлумачальны слоўнік. Выданне ўвесь час абнаўляецца, таму не бойцеся атрымаць ад яго састарэлыя версіі лексікі.
Лемантар — беларускі алфавіт
Простая і зразумелая дзіцячая гульня, якая дапаможа маленькім беларусам вывучыць родныя літары. Дзіцяці прапануюць яркія карткі з малюнкамі, па якіх можна вывучаць словы і літары, і аўдыяверсіі літар, а таксама гульні, у якіх можна праверыць свае веды. Усё наглядна і прыгожа — тое, што трэба, каб прыцягнуць увагу дзіцяці.
Мова прафесіі
Назва гэтага дадатку можа гучаць занадта спецыялізавана для звычайнага карыстальніка, але ж насамрэч гэта цудоўны спосаб трошкі пашырыць свой слоўнікавы запас. Напрыклад, калі вы фанат ранішняй кавы, прайдзіце модуль пра камунікацыю ў кавярнях, хочаце падцягнуць веды па беларускіх назвах прадуктаў — вам шлях у раздзел «Крамы». І не праходзьце міма часткі «Асновы»: яна дапаможа вам палепшыць фанетыку, падвучыць адметныя беларускія словы і шмат іншага.
Крыжаванкі
Класічная крыжаванка, толькі на беларускай мове. Ёсць розныя версіі складанасці, крыжаванкі, дзе трэба перакладаць з рускай мовы, розныя падказкі, магчымасць гуляць афлайн і нават начная тэма для гульні ўвечары. Але будзьце асцярожныя: гэтая гульня насамрэч зацягвае.
Шлях
Яшчэ адна гульня, што падцягне ваш узровень беларускай мовы. Заданне простае — злучаць літары ў словы. Стваральнікі абяцаюць, што гульня не дазволіць засумаваць нават самым кемлівым, бо з кожным узроўнем словы ўскладняюцца. Добра, што ў гульню ўбудаваны слоўнік, які дазваляе праглядзець і пераклад слова, і яго тлумачэнне.
Kazki
Адзін з найлепшых беларускамоўных праектаў у свеце мабільных дадаткаў: бібліятэка з 53 казак, прафесійна агучаных Алегам Хаменкам і гуртом «Палац». Разам з казкамі вы атрымаеце больш за 15 ілюстрацый з героямі беларускага фальклору і магчымасць размаляваць кожную з іх.
Ведай мову!
Дадатак, што дае магчымасць папоўніць веды па беларускай мове і патрэніраваць памяць. У адрозненне ад мінулых праграм, «Ведай мову!» надае больш увагі граматыцы, чым лексіцы, і гэтым ён цікавы.
Беларускае Радыё Рацыя
Вядома, тут ёсць навіны, нездарма ж гэта дадатак медыя. Але не абыдзіце ўвагай і падкасты, прадстаўленыя «Радыё Рацыя». Тут вы знойдзеце выпускі пра гісторыю, культуру і адукацыю, грамадства і эканоміку, а таксама забаўляльныя перадачы — спісу хопіць надоўга.