МЗС Літвы: Лячыць беларусаў у санаторыі «Беларусь» у Друскеніках можна па ўхваленні офіса Ціханоўскай
Санаторый «Беларусь», які належыць Беларусі, скардзіцца, што Літва не выдае візы грамадзянам Беларусі, таму яны вымушаныя звольніць 1/4 частку персаналу. Міністэрства замежных спраў Літвы прапануе ўзгадняць спісы тых, хто прыязджае ў санаторый, з офісам Святланы Ціханоўскай.
19.10.2022 / 10:37
Фота: Romas Sadauskas / Delfi
«Мы прапануем санаторыю «Беларусь» звяртацца ў офіс Ціханоўскай, прадстаўляць яму спіс грамадзян Беларусі, якія маюць намер прыехаць на лячэнне, і атрымаць яго дазвол на прыезд гэтых людзей», — сказана ў каментары МЗС, які атрымала выданне BNS.
«Пасля атрымання адабрэння і рэкамендацый офіса Ціханоўскай МЗС гатовы разгледзець пытанне выдачы віз», — піша МЗС.
17 кастрычніка санаторый паведаміў літоўскай службе занятасці аб тым, што найбліжэйшым часам звольніць каля 60 работнікаў (1/4 усяго персаналу). Як распавёў тады BNS кіраўнік і галоўны доктар санаторыя Ілля Епіфанаў, санаторый змушаны скараціць персанал, паколькі з пачаткам вайны з Украінай МЗС спыніў выдачу віз беларускім грамадзянам, у тым ліку непаўналетнім.
«МЗС Літвы не згаджаецца быць пасярэднікам у выдачы візаў для ўезду ў Літву для лячэння і рэабілітацыі дзяцей з Беларусі. Да вайны ва Украіне мы штомесяц прымалі каля 50 хворых дзяцей з рознымі дыягназамі», — распавёў BNS кіраўнік санаторыя. Паводле яго, зараз санаторый абслугоўвае толькі пацыентаў з краін Еўрасаюза.
Скарачэнне супрацоўнікаў санаторыя ўжо другое сёлета — у чэрвені быў звольнены 51 чалавек: медсёстры, выхавальнікі, настаўнікі, фізіятэрапеўты.
У снежні 2020 года, праз уведзеныя Еўразвязам санкцыі ў дачыненні да Беларусі, банк Swedbank замарозіў рахункі санаторыя, яны былі разблакаваныя ў ліпені мінулага года.