Неймаверны прарыў украінскай арміі ўздоўж Дняпра. Расійская абарона пад Херсонам можа абрынуцца
Украінскія войскі пад Крывым Рогам за дзень прасунуліся на 20—30 км, пішуць расійскія франтавыя блогеры. Гэта пагражае калапсам расійскага фронту на гэтым кірунку.
02.10.2022 / 22:01
Нечаканы ўдар украінскай арміі пасля абеду ў суботу скончыўся прарывам дзвюх ліній абароны расійскай арміі і выхадам украінцаў у тыл расійскім часцям, сканцэнтраваным каля Архангельскага і Давыдавага Броду. На карце: сінім пазначаныя ўкраінскія пазіцыі па стане на ранак суботы. Жоўтым — куды ўкраінцам удалося прасунуцца да вечара нядзелі. Чырвоны пункт — сяло Дудчаны, якое перайшло пад кантроль украінскай арміі.
Дудчаны — вялізнае сяло, дзе да вайны жыло 2100 чалавек.
Украінскае камандаванне паведамляе пра вызваленне тых ці іншых населеных пунктаў толькі пасля ўстанаўлення працяглага кантролю над імі.
Расійскі прапагандыст «Военкор Котенок» тлумачыць поспех украінцаў тым, што яны ўдарылі ў месцы, адкуль расійскіх дэсантнікаў вывелі на ратацыю.
Выглядае, што рэзервы расійскага камандавання — як трышкаў кафтан.