Каго Мінкультуры ўключыла ў рэестр арганізатараў канцэртаў і фэстаў?
Па новых правілах арганізоўваць канцэрты і імпрэзы могуць толькі тыя, хто ўключаны ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Складае яго Міністэрства культуры. Паглядзелі, хто ўжо ёсць у спісе.
23.08.2022 / 16:53
Фота: atomenterglobal.by, Сяргей Тарасаў
З найбольш вядомых агенцтваў у рэестры — «Атам Інтэртэймант». Гэта агенцтва прывозіла ў Мінск сусветных зорак — Depeche Mode, Linkin Park, Lana Del Rey, 30 Seconds to Mars. Яно ж праводзіла фестываль «МОСТ».
Разам з тым гэты ж арганізатар збіраўся прывезці расійскіх артыстаў на канцэрт у Мінск 8 жніўня 2020 года напярэдадні выбараў — але канцэрт быў адменены, бо людзі пачалі масаваць пісаць артыстам з просьбай адмовіцца ад выступлення. Само агенцтва тады каментавала, што бясплатны канцэрт планавалі рабіць не за дзяржаўнае фінансаванне і што гэта быў прыватны заказчык, раскрываць якога яны не могуць.
Агенцтва «Анбрэйкбл», якое таксама акрэдытавана Мінкультам, у гэтым годзе арганізуе канцэрт спявачкі MакSім, «Элітканцэрт» — запрашае Вольгу Бузаву і Стаса Міхайлава.
Кампанія Soundcafe праводзіла фестывалі «Віва Браслаў» і «Вуліца Ежы».
У рэестры і агенцтва «Эвентус». Гэта яно ў кастрычніку збіраецца прывезці ў Мінск расійскага спявака Shaman, які выпусціў патрыятычна-рэваншысцкія хіты «Устанем» і «Я рускі».
У спіс унесены тэатр «ТрыТфармаТ», дзе за мастацкага кіраўніка актрыса Вера Макей-Палякова, жонка міністра замежных спраў.
Вера Макей-Палякова. Фота: інстаграм актрысы
Уключаны спявак Аляксандр Саладуха, які нядаўна на СТБ прэзентаваў песню, прысвечаную хлебаробам, і святочнае агенцтва спявачкі Улады.
Акрэдытаваны таксама музычны прадзюсерскі «Залатыя галасы» — ён адказны за культурна-спартыўны фестываль «Вытокі», дзень горада, канцэрты некаторых беларускіх артыстаў.
Усяго ў спісе цяпер 85 арганізацый і прадпрымальнікаў. Пакуль там няма, напрыклад, вядомага мінскага клуба «Рэпаблік» (але рэестр абнаўляецца).
Нагадаем, у рэестр будуць уключаць юрыдычных асоб (акрамя дзяржорганаў і дзяржарганізацый), замежныя або міжнародныя арганізацыі, у тым ліку якія не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі.
Каб трапіць у спіс, трэба накіраваць заяву ў Мінкульт і неабходныя дакументы. Іх разгледзіць рэспубліканская экспертная камісія пры Мінкульце.
Дэкларуецца, што камісія будзе ўлічваць мастацкі ўзровень культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, праведзеных арганізатарам. А таксама «зверне асаблівую ўвагу на наяўнасць фактаў адмены мерапрыемстваў без уважлівых прычын, іх правядзення з парушэннем патрабаванняў Кодэкса аб культуры, іншых актаў заканадаўства, парушэння тэрмінаў выплаты грашовай кампенсацыі кошту ўваходнага білета, яго нявыплаты або выплаты ў няпоўным памеры».
Гэтае правіла не датычыцца мерапрыемстваў, пасведчанне на права арганізацыі і правядзення якіх выдадзена да 1 жніўня 2022 года.
Тыя, каго не ўключаць у спіс, не будуць мець права праводзіць мерапрапрыемствы.