«Вас прыветствует Анна Дмітрыеўна». Дзевяць дзіўных беларускіх тыкток-акаўнтаў ШМАТ ВІДЭА
Вакол кітайскай сацсеткі існуе мноства стэрэатыпаў. У першую чаргу, што там сядзяць адны дзеці і здымаюць розную бздуру. Але сярод беларускіх тыктокераў ёсць як маладое пакаленне, так і пенсіянеры, чыноўнікі ды нават селебрыці-ябацькі. Сабралі для вас адмысловую падборку.
21.08.2022 / 10:05
Ганна Дзмітрыеўна, якая любіць адпачываць у санаторыі «Лётцы» і не толькі
Пазітыўная жанчына шчырымі тыктокамі робіць санаторыю эфектыўную рэкламу. І наогул актыўнаму ладу жыцця.
Таксама ў тыктоку Ганны Дзмітрыеўны можна пазнаёміцца з усімі яе сваякамі.
Гіганцкі мядзведзь, які не толькі радуе, але і пужае людзей
У гэтым тыктоку сюжэты аднатыпныя: чалавек выходзіць на вуліцу, раптам пачынае граць гучная музыка, а з-за кута выскоквае гіганцкая раставая лялька мядзведзя.
Выглядае эфектна, але многія пужаюцца. Тым не менш, у гэтага тыктока больш за 650 тысяч падпісчыкаў.
Танцор Улад з Брэста
Малады хлопец штодня здымае ролікі, у якіх танцуе і спявае. Прычым робіць гэта і дома, і на шляху на працу, і на возеры. Некаторыя відэа збіраюць сотні тысяч праглядаў.
Да 15 верасня хлопец хоча набраць 100 тысяч падпісчыкаў.
Асаблівая фішка — гэта вітанні і развітанні штораніцу і штовечар.
Работнікі за 5 рублёў
У гэтых роліках у адмысловай манеры дэманструецца, чаму не варта эканоміць на спецыялістах.
Пан Усялян
Кіроўца аўтавоза з Ліды здымае каларытныя відэа на сакавітай трасянцы. Фішка тыктоку — музычныя кліпы, а таксама размовы Юрыка і Толіка: сяброў, адзін з якіх расказвае пра жыццё дальнабойшчыка ў Еўропе і пастаянна нешта жуе.
Сёстры Груздзевы
Як жа без гэтых персанажаў, якіх лаяльнасць да Лукашэнкі ў 2020 годзе нечакана вярнула на беларускую эстраду. Яны здымаюцца з сілавікамі, Саладухам і капіруюць кантэнт з інстаграма.
Просты беларускі вясковы хлопец Дзімасік
У гэтым тыктоку малады аграрый Дзмітрый паказвае сваю працу, танцуе, спявае песні і спрабуе адшукаць новыя знаёмствы — дыяпазон інтэрнэт-творчасці вельмі шырокі.
Полацкі трэнер, які намаляваў на дзецях літару Z
У ліпені беларускія медыя абляцела навіна пра трэнера з Полацка Сяргея Фірсава, які павёз сваіх падначаленых на мора ў Краснадарскі край і намаляваў ім на жыватах сімвал расійскай ваеннай агрэсіі.
Акрамя спартыўнай і педагагічнай дзейнасці, Фірсаў з жонкай спрабуюць сябе ў тыктоку. Атрымліваюцца спецыфічныя ролікі з гумарам «ніжэй за пояс», але і ў гэтага ёсць свая аўдыторыя.
Спробы гомельскіх чыноўнікаў у тыкток
Дзяржслужачыя імкнуцца стаць хоць крыху бліжэй да простых людзей і асвойваюць сучасныя сацсеткі. Вось, напрыклад, тыкток пра Гомельскі рэгіён — пад сур'ёзную музыку распавядаецца пра падпісанне дакументаў па супрацоўніцтве дэпутатаў з Гомеля і Кармы, іх сустрэчы з электаратам.
І як жа без работнікаў сяла і жніва.