Беларускаму хакеісту збіраюць грошы на рэабілітацыю пасля траўмы
Сям’я Мікіты Ярмачкова, экс-гульца хакейнага наваполацкага «Хіміка», абвясціла пра збор грошаў на аднаўленне хлопца пасля цяжкай траўмы. Гулец трапіў у інвалідную каляску пасля аднаго з матчаў.
03.08.2022 / 15:28
Мікіта Ярмачкоў. Фота: hockey.by
Родныя беларускага хакеіста Мікіты Ярмачкова абвясцілі пра тэрміновы збор сродкаў на рэабілітацыю спартсмена пасля цяжкай траўмы. Паведамленне пра гэта з’явілася на адмыслова створанай старонцы ў Instagram.
Мікіта атрымаў траўму 9 сакавіка гэтага года падчас першай гульні чвэрцьфінала серыі плэй-оф «Кубка прэзідэнта» супраць «Юнацтва». 27-гадовы абаронца наваполацкага «Хіміка» распачынаў атаку сваёй каманды і зрабіў перадачу, але пасля гэтага не ўтрымаў раўнавагу і на высокай хуткасці ўляцеў спінай у борт арэны.
Пасля гэтага хлопец не здолеў сам стаць на ногі і пакінуў лядовую пляцоўку на насілках. Мікіту адвезлі ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, дзе паставілі дыягназ: пералом пазванка груднога аддзела пазваночніка, удар спіннога мозга, чэрапна-мазгавая траўма, страсенне галаўнога мозга, ніжняя параплегія (параліч ніжніх канечнасцяў) і некаторыя спадарожныя пашкоджанні.
Хлопец трапіў у аддзяленне рэанімацыі і ў гэты ж дзень прайшоў праз складаную аперацыю. Два тыдні Мікіта правёў у шпіталі, пазней быў выпісаны і распачаў рэабілітацыю.
Сям’я хакеіста ўжо сабрала 2500 еўра, неабходныя для набыцця Мікіце інваліднай каляскі. Цяпер родныя хлопца вядуць перамовы з універсітэцкай клінікай нямецкага Фрайбурга, дзе Ярмачкоў можа атрымаць рэабілітацыю, і ў бліжэйшыя дні чакаюць ад клінікі рахунак на яе.
Каб дапамагчы хлопцу, можна пералічыць грошы на нумар тэлефона +375(33)3403735 МТС ці скарыстацца банкаўскімі рэквізітамі для дапамогі (Беларусбанк):
— BY78 AKBB 3134 0000 0134 5007 0000 (BYN)
— BY60 AKBB 3134 1000 0072 2007 0000 (USD)
— BY98 AKBB 3134 2000 0063 2007 0000 (EUR)
— BY71 AKBB 3134 3000 0061 1007 0000 (RUB)