Ці рэальна ў эміграцыі стварыць дэмакратычныя інстытуты, з якімі можна будзе прыйсці ў новую Беларусь?
Такое пытанне ўзнікае, калі ўнутры краіны сфармаваць пэўныя структуры нельга. «Наша Ніва» звярнулася па каментар да палітолагаў, якія прывялі прыклады з гісторыі, калі інстытуты ў эміграцыі мелі значэнне ў палітычных зменах у розных краінах, а таксама патлумачылі, якое месца тут займаюць інфармацыйныя тэхналогіі і ідэя «лічбавай дзяржавы».
02.08.2022 / 08:54
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Стварыць у эміграцыі інстытуцыі і жыўцом іх перанесці ў Беларусь наўрад ці магчыма»
«Інстытуцыі — гэта людзі, правілы і матэрыяльныя рэсурсы. Стварыць у эміграцыі інстытуцыі і пазней жыўцом іх перанесці ў Беларусь наўрад ці магчыма, бо ўмовы іх функцыянавання могуць значна адрознівацца, — лічыць палітолаг Пётр Рудкоўскі. —
Але фармаванне інстытуцый — гэта таксама досвед калектыўнага ўзаемадзеяння і магчымасць развіваць свае прафесійныя навыкі. І вось гэта — досвед і навыкі — тое, што застанецца каштоўнасцю пры любых умовах і ў любы час. Фармаванне інстытуцый у эміграцыі — гэта таксама асяродкі прыцягнення беларусаў замежжа, тое, што запавольвае асіміляцыйныя працэсы.
Дзякуючы такога тыпу інстытуцыям узрастаюць шанцы, што пасля наступлення пераменаў больш беларусаў вернецца на Радзіму».
Палітолаг адзначае, што стварыць эфектыўную сістэму кіравання з дапамогай інфармацыйных тэхналогій немагчыма, бо любое кіраванне прадугледжвае магчымасць пакарання за парушэнне ўстаноўленых правіл.
«Дыстанцыйна, з дапамогай выключна ІТ, гэта немагчыма рабіць. Аднак такога тыпу тэхналогіі захоўваюць каласальную важнасць як каналы камунікацыі і ў якасці альтэрнатыўных СМІ.
Можна казаць пра патэнцыял ІТ у стварэнні квазі-інстытуцый, такіх як платформа «Голас» у 2020 годзе. «Голас» не быў і не прэтэндаваў на ролю альтэрнатыўнага ЦВК, але з-за надзвычай нізкага даверу да ЦВК ён займеў сярод вялікай часткі грамадства нарматыўнае значэнне: яго высновы сталі для многіх (магчыма, большасці) верагодным пунктам аднясення, тым, што прадвызначала рашэнні і паводзіны многіх грамадзян.
Гэта я і маю на ўвазе, калі кажу пра магчымасць стварэння квазі-інстытуцый», — тлумачыць ён.
На дадзены момант у Беларусі 85% жыхароў карыстаюцца інтэрнэтам, каля 40-45% карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. У такой сітуацыі інфармацыйная ізаляцыя грамадства проста немагчыма. Гэта слабы пункт рэжыму, пра які ўлады добра ведаюць, але не могуць нічога зрабіць.
«У Румыніі часоў Чаўшэску некаторыя грамадзяне, узяўшы з сабой радыёпрыемнікі, ездзілі да венгерскай мяжы, каб злавіць заходнія радыёканалы і атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю. Ясна, што нешта такое маглі рабіць толькі вельмі матываваныя грамадзяне, а такіх магло быць толькі долі працэнта ад усяго насельніцтва. Калі прыгадваем інфармацыйныя рэаліі тых часоў у краінах камуністычнага блоку і параўноўваем з сітуацыяй у Беларусі, то розніца проста каласальная», — падсумоўвае Пётр Рудкоўскі.
«Падчас развалу Саюза ў Беларусі не было ўплывовых структур у выгнанні. Магчыма, таму краіна не стала дэмакратычнай»
У тым, каб стварыць дэмакратычныя інстытуты ў эміграцыі, праблемы няма, лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч.
«Ці гатовы да гэтага палітычныя, грамадзянскія арганізацыі? Ці маюць яны патэнцыял, каб гэтым кіраваць? Вось тут ужо няма ўпэўненасці. Але калі не будзе спробаў гэта зрабіць, то і зразумела не будзе,
— разважае ён. — Эфектыўна ў Беларусі можа быць толькі ў тым выпадку, калі гэта пачне рэалізоўвацца. Загадзя сказаць, немагчыма, ці спрацуе гэта ці не, бо гэта звязана не толькі з тым, наколькі добра працуюць дэмакратычныя сілы, а таксама і з тым, які адказ будзе беларускіх уладаў.
Гістарычны досвед паказвае, што такія інстытуты мелі важнае значэнне ў палітычных зменах у розных краінах. Напэўна, бліжэйшы прыклад для нас — краіны Балтыі, дзе вельмі доўга за мяжой існавалі палітычныя і грамадскія інстытуты, якія з надыходам зменаў у Савецкім Саюзе значна паўплывалі на наладжванне стасункаў паміж новымі краінамі (якія раней ўваходзілі ў СССР) і Захадам. Яны выконвалі важную лабісцкую функцыю, таксама мелі візію, ведалі, якім чынам трэба пераўладкоўваць грамадства».
Ёсць таксама выпадкі, калі такія структуры існуюць дзесяццігоддзямі ў выгнанні і ў выніку не аказваюць істотнага ўплыву на тое, што адбываецца ў краіне. Як, напрыклад, у Іране.
«Структуры ў выгнанні там уплыву на палітычную сітуацыю ў краіне не маюць. Але ёсць і другі бок. Вядома, што да ўсталявання Ісламскай Рэспублікі Рухалла Хамейні знаходзіўся ў выгнанні, ён вярнуўся адтуль для таго, каб узначаліць ісламскую рэвалюцыю. Таму адназначнага адказу на пытанне, наколькі эфектыўна рабіць нейкія структуры ў выгнанні, няма», — кажа Казакевіч.
Навошта ўвогуле ствараюцца такія структуры? Калі няма магчымасці мець палітычнае прадстаўніцтва для тых людзей, якія не падтрымліваюць дзейную ўладу ўнутры краіны.
«Менавіта такая сітуацыя ў Беларусі. І структуры за мяжой дазваляюць фармаваць нейкае лідарства. Сродкі камунікацыі зараз дазваляюць больш шчыльна звязвацца з людзьмі ў краіне, чым некалі раней.
Такі досвед, атрыманы ў эміграцыі, можна потым уключаць у інфармацыйную працу, развіццё стасункаў з замежнымі краінамі, палітычнымі і грамадскімі інстытутамі. Таксама такая актыўнасць дазваляе проста прасоўваць беларускі парадак дня. Каб Беларусь, як палітычная праблема, гучала на міжнародным узроўні ці асобных краін.
Дадатковы тэзіс — зварот да прыкладаў падчас распаду Савецкага Саюза.
У Беларусі не было тады істотных, уплывовых структур у выгнанні. Іх адсутнасць вызначала, што Беларусь не стала развівацца па дэмакратычным сцэнары. Толькі пасля распаду Саюза пачаліся дыскусіі аб тым, як развіваць краіну, было мала часу, каб сфармаваць канцэпцыі, якія б заслугоўвалі давер», — кажа палітолаг.
Інфармацыйныя тэхналогіі, СМІ, сацыяльныя сеткі, месенджары дапамагаюць дэмакратычным сілам камунікаваць з людзьмі.
«Цяпер не вельмі важна, дзе знаходзіцца сам палітык, калі ён эфектыўна выкарыстоўвае гэтыя каналы. І патэнцыял такой камунікацыі далёка не вычарпаны. Але пакуль мы не бачым магчымасці для эфектыўнай рэалізацыі адной анлайн-платформы для прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Умоўна кажучы, такая электронная дзяржава, якая магла б выконваць функцыю па мабілізацыі, камунікацыі і дзеянні розных сэрвісаў, якія традыцыйна выконваюць дзяржаўныя інстытуты», — тлумачыць Андрэй Казакевіч.
«Цяперашнюю палітычную эліту, наменкулатуру або бізнэс-кола нельга цалкам скідваць з рахункаў»
Палітолаг Кацярына Шмаціна лічыць, што стварэнне Офіса Святланы Ціханоўскай і прызначэнне іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл было мэтай, каб пачаць развіваць пэўныя структуры ў эміграцыі, а пасля з гэтымі вярнуцца ў Беларусь.
«Іншая справа, што мы зараз назіраем спрэчкі вакол легітымнасці Офіса. На маю думку, гэта абсалютна нармальны дэмакратычны працэс. І я думаю, што пасля зменаў у Беларусі, нас чакае яшчэ больш скандалаў, карупцыйных раследванняў. Варта паглядзець у гэтым сэнсе на досвед Украіны пасля Майдану.
Таксама не трэба забывацца пра палітычную эліту, наменкулатуру або бізнэс-кола. Іх нельга скідваць з рахункаў.
Нават калі мы кажам у будучыні пра нейкую люстрацыю — усё роўна нейкая частка застанецца ў сістэме і яны будуць шукаць паразуменнне з дэмакратычнымі інстытутамі. Будзе запыт на тое, каб дэмакратычныя сілы, якія вернуцца з Захаду, даказалі сваю экспертнасць», — кажа яна.
Скрыншот: АНТ
Дэмакратычныя інстытуты ў выгнанні могуць актыўна фармавацца ў тым ліку з дапамогай лічбавых тэхналогій.
«Хочацца згадаць праект Паўла Лібера пра стварэнне лічбавай дзяржавы. Я думаю, што ён шматабяцальны. Карысць платформы ў тым, што будзе надавацца ідэнтыфікацыйны нумар карыстальніка, па якім у Еўропе любому беларусу будуць аказвацца ў тым ліку нейкія паслугі, таксама гэта мае патэнцыял для транспарэнтнасці палітычных сілаў, яны змогуць аб’ядноўвацца.
Я бачу ў праекце лічбавай дзяржавы вялікую будучыню і дапамогу ў вырашэнні палітычных крызісаў, спрэчак наконт легітымнасці», — тлумачыць Кацярына Шмаціна.
З гісторыі палітолаг прыводзіціць прыклад развалу Савецкага Саюза. Дыяспары Літвы, Латвіі, Эстоніі даволі актыўна працавалі ў замежжы, а пасля актывісты змаглі вярнуцца ў свае краіны і адбудоўваць нацыянальныя інстытуты.
«Падчас савецкай акупацыі Латвіі ў выгнанні існавала дыпламатычная місія, якая прадстаўляла інтарэсы Латвіі ў адносінах з тымі дзяржавамі, якія не прызнавалі савецкую акупацыю краін Балтыі. Гэта місія існавала да 1991 года і дапамагала захоўваць пераемнасць латвійскай дзяржаўнасці і пасля аднаўлення незалежнасці перадала свае паўнамоцтвы МЗС Латвіі.
Яшчэ адзін прыклад — былы прэзідэнт Эстоніі і дыпламат Тоомас Ільвес, які нарадзіўся ў сям’і эмігрантаў, вымушаных пакінуць Эстонію падчас савецкай акупацыі. Дзякуючы свайму міжнароднаму досведу ў ЗША і Еўропе, пасля аднаўлення Эстоніяй незалежнасці займаў дыпламатычныя і іншыя дзяржаўныя пасады, быў адным з тых, хто праводзіў перамовы па далучэнні Эстоніі да Еўрапейскага саюза, таксама быў абраны прэзідэнтам на два тэрміны ў 2006-2016 гадах.
Роля інфармацыйных тэхналогій на прыкладзе Беларусі вялікая. Тая ж платформа «Голас» стала падставай для таго, каб сфармаваць давер і ўспрыняццё легітымнасці для Святланы Ціханоўскай», — падсумоўвае Шмаціна.