Рэцэпт на выхадныя. Халодны суп гаспача — тое, што трэба ў летнюю спёку
Гэты просты іспанскі суп з таматаў ідэальна падыходзіць для гарачага летняга надвор’я. Добрым дадаткам да гаспача (gazpacho) стане варанае яйка. Гэты суп можна падаваць як у місках, так і ў чарках, нібыта шот добрага кактэйля.
11.06.2022 / 09:56
Фота: BBC Food
Кампаненты можна вар'іраваць у залежнасці ад наяўнасці той ці іншай гародніны. Каб згатаваць ідэальны гаспача, вам спатрэбіцца:
- палова ачышчанага агурка,
- 1 вялікі жоўты перац без насення,
- 1 вялікі чырвоны перац без насення,
- 6 спелых памідораў,
- дзве галоўкі цыбулі,
- 3 зубкі часнаку,
- 100 грамаў чэрствага белага хлеба ці багета, замочанага ў халоднай вадзе,
- 3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею,
- паўтары сталовыя лыжкі віннага воцату.
- Нарэжце агурок, памідоры, цыбулю і перцы. Адкладзіце трохі гародніны для ўпрыгожвання супу, а большую частку (толькі часнок не кладзіце!) перамяліце ў кухонным камбайне ці блэндары да стану аднароднага пюрэ.
- Дадайце ў сумесь часнок, замочаны хлеб, аліўкавы алей і воцат, зноў усё змяшайце. Вы можаце рабіць сумесь больш вадкай ці больш густой, з асобнымі кавалкамі гародніны ці без, на ваш густ.
- Пераліце суп у пасудзіну, накрыйце яго харчовай плёнкай і астуджвайце ў халадзільніку не менш за 20 хвілін. Гаспача смачны халодны.
- Нарэжце невялікімі кубікамі рэшткі гародніны для ўпрыгожвання стравы. Перад падачай разліце суп па місках ці чарках і ўпрыгожце гароднінай.