Неўролага Руслана Бадамшына звольнілі — у дзень выхаду з СІЗА ён прыйшоў на працу пазней
Урача функцыянальнай дыягностыкі Руслана Бадамшына звольнілі з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Прычынай стала тое, што 8 красавіка пасля выхаду з СІЗА доктар прыйшоў на працу на дзве гадзіны пазней.
12.04.2021 / 20:06
Як распавёў доктар Tut.by, 8 красавіка ён выйшаў з СІЗА ў Жодзіне пасля 15-ці сутак адміністрацыйнага арышту а 7.30. У гэты ж дзень а 12.00 ён быў на працы.
— Адміністрацыя сабрала сход, я даў тлумачэнні, дзе я быў. У пятніцу прынёс дакументы з суда, рахункі з ЦІПа. Здаецца, было ўсё нармальна. А сёння, у панядзелак, раптам зноў пасяджэнне. На ім мяне знаёмяць з пратаколам, што я адмовіўся падрабязна патлумачыць, чаму я у чацвер выйшаў на працу а 12.00. Я ў пратаколе напісаў, што інфармацыя паказаная не дакладна і я не адмаўляюся. Цягам гадзіны прынёс у адміністрацыю больш падрабязную дакладную, чаму 8 красавіка выйшаў пазней на працу. Але да гэтага часу ўжо быў гатовы загад аб маім звальненні.
Руслан Бадамшын лічыць сваё звальненне незаконным і збіраецца падаваць у суд.
Спрабавалі заступіцца за доктара і яго калегі, але выніку гэта не дало.