Эстэты, старпёры, нацыянал-кансерватары і Макс Корж

Абмяркоўвайце!

31.08.2019 / 22:31

Пасля канцэрта Макса Каржа, які сабраў 35 тысяч чалавек на стадыёне «Дынама», давялося прачытаць шмат негатыўных водгукаў ад «тусоўкі» пра дэградацыю нацыі і г. д. Апошняй кропляй для мяне стаў артыкул Віталя Цыганкова на «Радыё Свабода», у якім ён кажа, што насамрэч тыя, хто не любіць Каржа, гэта эстэты, узрост не грае ролі. Мы проста эстэты, а не старпёры. У прыклад ён прыводзіць свайго сына, які таксама не ўспрымае гэтую музыку.

Я згодны, рэч не ў тым, што гэтыя людзі старпёры.

Праблема зусім ў іншым, гэтыя людзі з’яўляюцца прыхільнікамі нацыянал-кансерватыўнай ідэалогіі, дзве галоўныя каштоўнасці якой у нашых ўмовах — гэта мова і вера ў Бога. Спяваючы дакладна такія ж трэкі, толькі на мове, Корж бы стаў для нацыянал-кансерватараў месіяй, далёка за прыкладам не трэба хадзіць, глядзі кейс пад назвай «Міхалок».

А калі заспяваў бы яшчэ які-небудзь адзін трэк з упамінаннем Ісуса, то дакладна б трапіў на дыск «Хрысціянскі гіт» ад Пашы Севярынца.

Спадар Віталь прыводзіць у прыклад, што ён лёгка слухае больш сучасную музыку, накшталт Nizkiz, не толькі Вольскага. Прабачце, але давайце перакладзём беларускамоўныя хіты Nizkiz на рускую, чым яны будуць моцна адрознівацца ад трэкаў сярэднестатыстычнага поп-рок-гурта? Што ад іх застанецца, які яны пасыл хочуць данесці? І ў гэтым няма нічога страшнага, поп-музыка (няхай нават і ў рокавай апрацоўцы), не павінна несці ў сабе нейкіх сакральных сэнсаў, яе галоўная мэта гэта забаўляць слухача, дапамагаць бавіць час.

Але Корж — зусім іншы выпадак, і тыя, хто лічыць, што трэкі Каржа — гэта бессэнсоўна і пошла, проста не аналізавалі яго творчасць як мае быць.

Чытайце таксама: Макс Корж сабраў стадыён «Дынама», на канцэрт прыйшлі 35 тысяч чалавек ФОТАРЭПАРТАЖ

Давайце разбяром па пунктах, на чым грунтуюцца трэкі Каржа?

1. Корж заўсёды даволі дакладна атаясамляе сябе з Беларуссю.

Паглядзіце практычна любы кліп Каржа, кожны з іх альбо цалкам прысвечаны Мінску («Оптимист»), альбо падзеі цалкам упісаны ў прастору Мінска («Слово пацана», «Малиновый закат», «Стилёво»), альбо Корж пакідае ў кліпах беларускія «пасхалкі». Тут яскравыя прыклады, кліп на трэк «Мотылёк», які здымаўся ва Уладзівастоку, на іншым канцы зямлі (!), у кадры шмат разоў буйным планам выдзяляецца тое, што Корж грае на піяніна з надпісам «Беларусь».

І ў гэтым ўвесь Корж. Вяртаючыся да кліпа на трэк «Слова пацана», паглядзіце, з якой любоўю зроблена сцэна ў пачатку, калі Корж гаворыць па-беларуску з сябрам, а зверху накладзены пераклад «ад гобліна», як з 90-х.

Пройдземся па трэках, там таксама шмат адсылак да Беларусі і Мінска. Трэк «Тралики» — беларускамоўная абвестка з тралейбуса «Асцярожна, дзверы зачыняюцца». Увесь час можна пачуць згадкі пра Беларусь і Мінск: «Этот малый мне напоминает мой Минск», «Нет, я люблю этот минский шум, обожаю город, в котором живу», «Грушевка цветёт», «Лунинецкие бродяги in da street». Трэк «Пралетарка» названы ў гонар станцыі метро ў Мінску. 

Любоў да роднага складаецца з тысячы дробязяў, якія мы нават не заўважаем і Корж па-майстэрску ўпісвае гэтыя дробязі ў свае кліпы і трэкі, ён не дэнацыяналізаваны. Аб тым жа ён казаў на канцэрце, чаго варта толькі выказванне «Я не хачу жыць як на Захадзе, бо там няма душы, я не хачу жыць як на Усходзе, бо там няма парадку, я хачу жыць тут». Гэта было не адзінае прызнанне Каржа ў любові да Беларусі. Канцэрт пачаўся з таго, што на экранах з’явіліся дзяўчаты ў нацыянальных строях, якія спявалі беларускія песні, а за кадрам быў голас Каржа, які казаў, што дзе ён толькі ні быў, але заўсёды вяртаўся сюды, на сваю зямлю.

Сам Корж выйшаў у майцы ФК «Лунінец», які не існуе ўжо шмат гадоў.

Пра яго першы, беларускамоўны гурт LunClan пісаць падрабязна не буду, можаце самі паглядзець і паслухаць.

2. Корж ледзь не ў палове трэкаў заклікае ўзяць свой лёс ў свае рукі, ісці за марай, падняць сваю пятую кропку і штосьці рабіць. Паглядзіце квінтэсенцыю гэтай тэматыкі ў творчасці Каржа «Горы по колено» ці «Пралетарка», ён заклікае браць і рабіць, ісці за сваёй марай. Хіба не менавіта гэтага не хапае беларусам, браць адказнасць за сябе? Патэрналізм беларусаў — гэта не праблема? Аб тым самым Корж і казаў на канцэрце, што кожны павінен ўзяць свой лёс у свае рукі, рабіць сваю справу на ўзроўні. А хіба магчымы аўтарытарны рэжым у краіне, дзе кожны будзе за сябе адказваць?

3. Корж прасоўвае каштоўнасці сяброўства, таварыства. Квінтэсенцыя тут — «Слово пацана». Цытата з гэтага трэка: «Своих не забывать, вместе идти, вместе до конца». Яшчэ Гегель казаў, што мова можа вызначаць наша ўспрыманне свету. Так, напрыклад, калі ў мове няма азначэння сіняму колеру, то чалавек будзе ўспрымаць аб’ект зусім іначай, чым той, у каго ў мове ёсць такое слова, гэта навукова даведзеныя рэчы. Давайце зірнём з гэтага пункту гледжання, што ёсць трэк «Слово пацана»? «Своих не забывать» (гэту цытату можна часта пабачыць на шаліках фанатаў» — а хто гэтыя свае? Пераглядзіце кліп, у ім, як я казаў, ён размаўляе па-беларуску, усе лакацыі беларускія. Гэта нам дае зразумець, што свае — гэта мы, беларусы. Менавіта таму Корж змог сабраць самую вялікую пляцоўку тут, у Беларусі, а не ў Расіі ці Украіне. Канцэрты ў Маскве і Кіеве, якія па колькасці жыхароў большыя за Мінск, па выніку былі разлічаны на меншую колькасць гледачоў, і гэта не проста так.

Корж такім чынам фарміруе ў беларускай моладзі каштоўнасць таго, што мы павінны быць разам, сваіх не забываць, аб’ядноўвацца, а хіба не гэтага так не хапае ў Беларусі? Не дарэмна шмат хто параўноўвае фанатаў Каржа з футбольнымі фанатамі, з’явы вельмі падобныя. Такія кам’юніці даюць досвед самаарганізацыі і адчуванне еднасці. Грамадзянская супольнасць пачынаецца на ўзроўні сям’і і сяброў.

4. У той жа час Корж прасоўвае каштоўнасці «адкрытага свету», заклікае пашыраць кругагляд, падарожнічаць (так, так!).

Паслухайце хаця б трэк «Зелёный чемодан» — гэта самы яскравы і не адзінкавы прыклад. Вось вам прыпеў:

Обойти планету Земля — есть мечта у меня.

Посетить кучу стран, взяв с собой зеленый чемодан.

Без границ и бумаг, без долгов и зарплат.

Люди не поймут, зато ты понял сам —

Однажды взяв с собой зеленый чемодан.

Хіба чалавек, які шмат дзе быў, можа быць агрэсіўным ксенафобам?

І мы маглі на канцэрце ў Мінску бачыць яскравыя прыклады таго, як каштоўнасці, якія транслюе Корж, моцна ўплываюць на слухача. Там было шмат людзей як з Украіны, так і з Расіі, кожныя са сваімі сцягамі, аднак ніхто не канфліктаваў, яны разам спявалі песні Максіма, разам гулялі па горадзе, гэтых людзей відавочна будзе складана прымусіць паддацца мілітарысцкай прапагандзе. На самім канцэрце Корж у тым ліку казаў, што захоп чужых земляў — гэта непрымальна.

Хіба не гэтага так не хапае беларусам — бачыць свет шырэй?

Такім чынам, Корж праз свае трэкі спрабуе закласці (свядома ці не, гэта не важна) тыя каштоўнасці, якіх вельмі часта не хапае беларусам. 1. Любі і помні сваё. 2. Вазьмі свой лёс ў свае рукі, стань гаспадаром свайго жыцця 3. Любі бліжніх сваіх, шануй кам’юніці. 4. Глядзі на свет шырэй, падарожнічай.

Корж даносіць моладзі гэтыя важныя каштоўнасці яскрава і захапляльна, у адрозненне ад сур’ёзных дзядзек, якія крычаць са сцэны на мітынгах аднолькавыя і прэсныя прамовы.

А што ж нацыянал-кансерватары?

Яны любяць называць сябе нацыянал-дэмакратамі, толькі вось праблема, — «дэмас» ім крытычна не падабаецца, ён дурны і замбаваны, а яны адны мудрыя сваёй вышэйшай мудрасцю.

Nashaniva.com