Тыдзень таму ў ДТЗ загінуў бабруйскі хакеіст Вадзім Капусцін, пляменнік Лідзіі Ярмошынай
11.06.2017 / 12:17
«Наша Ніва» паведамляла, што 4 чэрвеня на трасе М1 перавярнуўся аўтамабіль Toyota Land Cruiser. У выніку аварыі загінуў пасажыр машыны. Як выявілася, гэта быў пляменнік старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.
Бабруйскі бізнэсмен і хакеіст Вадзім Капусцін у той дзень удзельнічаў у гонках на ўседарожніках. Рэйд «Партызанскія сцежкі — 2017» праходзіў у Мастах Гродзенскай вобласці.
Па дарозе назад за стырно села яго знаёмая. У раёне Мінска яна не дала рады кіраванню, аўтамабіль некалькі разоў перакуліўся. Капусцін, які сядзеў на заднім пасажырскім крэсле, не быў прышпілены. Ён вылецеў праз верхні люк машыны і ад атрыманых траўм памёр на месцы.
Вадзім Капусцін гуляў за хакейны клуб «Бабруйск», апошнім часам уваходзіў у аматарскую зборную горада.
У яго засталіся жонка і двое дзяцей.