Новая Windows выйдзе 29 ліпеня
Windows 10 будзе каштаваць 110-150 даляраў, але многія атрымаюць яго бясплатна.
01.06.2015 / 16:45
Карпарацыя Microsoft назвала афіцыйную дату выхаду Windows 10: 29 ліпеня 2015 года. Дату выхаду пацвярджае і Cortana — галасавы асістэнт на Windows Phone і папярэдняй версіі Windows 10.
Карыстальнікам Windows 7 і 8 ужо прапануюць зарэзерваваць бясплатнае абнаўленне для спампоўвання ў дату выхаду.
Абнаўленне будзе першы год пасля выхаду бясплатным для карыстальнікаў ліцэнзійных версій Windows 7 і 8, але чуткі пра «амністыю для піратаў» не пацвердзіліся — калі вы не куплялі адну з дзвюх папярэдніх аперацыёнак Microsoft, за «дзясятку» давядзецца плаціць.
Паводле чутак, Windows 10 будзе каштаваць 110 (за хатнюю версію) і 150 даляраў (за прафесійную) — менавіта такія цэны былі загадзя выстаўленыя сайтам newegg.com.
Агулам будзе выпушчана сем розных версій Windows 10: настольная будзе падыходзіць і для вялікіх планшэтаў, а мабільная запусціцца на планшэтах дыяганаллю менш за 8 цаляў. Сярод навінак — падтрымка галасавога асістэнта Cortana, перапрацаваны браўзер Microsoft Edge, вяртанне кнопкі «Пуск» і многае іншае.
Пасля Windows 10 Microsoft збіраецца адмовіцца ад вялікіх разавых абнаўленняў і гучных прэзентацый, перайшоўшы да рэгулярных і паступовых абнаўленняў. У планах таксама пераход ад разавай пакупкі Windows да рэгулярнай аплаты па падпісцы.