Ён гатовы прапанаваць сваю праграму Лукашэнку.
Выглядае на тое, што Віктар Цярэшчанка выступаў у запісе, а не ў жывым эфіры. Залу ён ніяк не ўпрыгожваў. Сам глядзеў убок камеры, нібы размаўляў з кімсьці ў студыі.
Глядзелася тое някепска. Гаварыў ён спакойна, ясна.
На першы погляд, яго выступ найперш быў адрасаваны людзям старэйшага пакалення, што яшчэ настальгуюць па вялікай дзяржаве. Шмат у чым ягоныя прапановы грунтаваліся на голым папулізме, але выгляд ён рабіў прыстойны.
Найперш Цярэшчанка зазначыў, што «жорсткае ручное кіраванне ў краіне абсалютна вычарпала сябе». А як пацверджанне пачаў пералічваць рост цэнаў на хлеб і бульбу.
«Калі перад выбарамі растуць пенсіі і заробкі, то чакай павелічэння цэнаў», — сказаў кандыдат. «Мы ўсе ўмеем працаваць. Але працаваць і зарабляць розныя рэчы».
Цярэшчанка шмат абураўся тым, што мы скупляем і захоўваем даляры, а не рублі, а такім чынам працуем на замежную эканоміку. У другой частцы прамовы ён паабяцаў моцную нацыянальную валюту.
«Трэба змена грашовай палітыкі. Мы зробім рубель свабодна канвертаваным. Курс будзе тры рублі да аднаго даляра, а цягам двух гадоў зробім адзін да аднаго», — такое было абяцанне.
Цярэшчанка на графіках паказаў рост замежнага доўгу беларусаў, затратнасць айчынных прадпрыемстваў (паказаў на параўнанні з Японіяй). Што датычыць вялікіх падаткаў, то тут параўноўваў ужо з ЗША. Натуральна, што прыклады былі не на карысці Беларусі.
«У нас плацяць 20% ПДВ, а ў іншых краінах плацяць з прыбытку. Мы ж прадаём без прыбыткаў», — сказаў Цярэшчанка.
Выступоўца назваў крытычным знос машын на прадпрыемствах. Не даспадобы яму судовая сістэма. Калі любога дырэктара могуць пасадзіць.
Пасля ўмацавання рубля будуць расці пенсіі і заробкі. Акцыі прадпрыемстваў паабяцаў прадаваць самім рабочым.
Цярэшчанка адзін з нямногіх кандыдатаў, хто закрануў праблему сяла. Паабяцаў, што заробкі ў вёсцы будуць не меншыя, чым у горадзе.
Яшчэ было агучанае замацаванне сяброўскіх і братніх стасункаў з Расіяй «сёння, заўтра і навечна». Сваю праграму ён таксама паабяцаў Лукашэнку, калі той стане прэзідэнтам.
Каментары