Можна арандаваць не ўвесь дом, а асобныя памяшканні. На сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці з’явілася аб’ява пра арэнду цаглянага дома №9 па вуліцы Сыракомлі.
Будынак знаходзіцца непадалёк ад перакрыжавання з вуліцай Савецкіх Памежнікаў і побач з музычнай школай №2, паведамляе Newgrodno.by.
На выгляд гэта звычайны дом даваеннай пабудовы, якіх у горадзе хапае. Але насамрэч гэта аб’ект з незвычайнай гісторыяй. Справа ў тым, што доўгі час па гэтым адрасе знаходзіўся гарадскі выцвярэзнік. У 2016 годзе яго закрылі: санітарныя ўмовы не адпавядалі сучасным патрабаванням. Пазней выцвярэзнік адкрылі па новым адрасе, а будынак з таго часу не выкарыстоўваўся.
Зараз яго прапануюць узяць у арэнду. Ёсць некалькі варыянтаў. Напрыклад, арандаваць пабудову цалкам (але праз аўкцыён) ці зняць частку памяшканняў (без таргоў).
Агульная плошча памяшканняў — гэта першы паверх і мансарда — складае каля 200 квадратных метраў. Мэблі ўнутры няма, але некаторыя з пакояў яшчэ нагадваюць пра сваё былое прызначэнне.
Каментары
Рэальная магчымасць адразу адчуць сябе, як дома!