Польшча хоча прыцягнуць памежнікаў з Фінляндыі, Германіі і Грэцыі для абароны мяжы з Беларуссю
Польскія ўлады маюць намер прыцягнуць памежнікаў і паліцэйскіх з Фінляндыі, Германіі і Грэцыі для патрулявання мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіў высокапастаўлены польскі чыноўнік, піша Reuters.
«Падрыхтоўка ідзе поўным ходам, і гэта краіны, у якіх вялікі вопыт па ахове межаў. Асабліва, напрыклад, грэчаскі досвед можа быць вельмі карысны», — распавёў чыноўнік.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што сярод мігрантаў з Беларусі могуць быць людзі, спецыяльна навучаныя нападаць на польскіх жаўнераў. Урад Польшчы мае намер падняць пытанне аб абароне мяжы з Беларуссю на саміце НАТА ў Вашынгтоне на наступным тыдні.
Памежнае агенцтва Еўрапейскага саюза Frontex паведамляе, што колькасць людзей, якія спрабуюць перасячы мяжу ЕС праз усходнюю мяжу блока, амаль падвоілася за першыя пяць месяцаў 2024 года, хоць гэты маршрут застаецца адносна невялікім у параўнанні з іншымі шляхамі ў Еўропу.
У пачатку ліпеня пасля таго, як сітуацыю пракаментаваў афіцыйны Пекін, колькасць спробаў штурму мяжы Польшчы з тэрыторыі Беларусі крыху скарацілася.
Каментары