Каханне і сэкс35

«Стабільна дасылаюць дзікпікі». Ню-мадэлька Ліна Цапава — пра заробак ад фота, булінг у школе і адносіны з Мікітам Мелказёравым

Ліна Цапава прэзентуе сябе як мадэлька, і потым ужо фатографка і падкасцерка. Яе ню-здымкі правакуюць хвалі дзікпікаў і на сёння прыносяць ёй асноўны заробак на платных пляцоўках.

Пагутарылі з Лінай пра тое, што дапамагло разняволіцца дзяўчыне з Маладзечна з досыць строгай сям’і, пра булінг у школе, комплексы наконт знешнасці, беларускіх мужчын і стасункі з адным з галоўных блогераў краіны Мікітам Мелказёравым.

Ліна Цапава. Фота: «Наша Ніва»

«Наша Ніва»: Для цябе абмеркаваць сэкс — не складаней, чым пагутарыць пра рэцэпт, прытым што для многіх у Беларусі гэтая тэма застаецца табуяванай. Гэта цябе так выхоўвалі свабодна?

Ліна Цапава: Насамрэч я расла ў досыць кансерватыўным асяроддзі, дзе пра ўсё, што табе трэба, прыходзілася даведвацца самастойна.

Плюс з боку маці адчувалася дзіўнае стаўленне, што сэкс — гэта не вельмі правільна, што гэта нейкая такая гісторыя толькі дарослых, пасля замужжа. Максімум, што мы абмяркоўвалі — месячныя. Ну і як засцерагацца падчас сэксу. Каб нейкі лікбез, як адбываецца сам працэс, чаму ўвогуле людзі гэтым займаюцца — нічога такога не было.

Пра школу з АБЖ таксама маўчу.

«У школе дражнілі за разрэз вачэй і неславянскую знешнасць»

«НН»: Тое, што бацька хацеў сына, а нарадзілася ты, неяк паўплывала на выхаванне?

ЛЦ: Думаю, што ў плане строгасці паўплывала. Я пазней параўноўвала, як выхоўвалі маю малодшую сястру, з якой у нас розніца восем гадоў. Мне падаецца, што ў яе была ўсёдазволенасць па ўсіх франтах, і я такая: а што, так можна было? Чаму на мне адыгрываліся: нешта разбіла, не так зрабіла, як дамаўляліся — у кут ці нейкая сур’ёзная размова.

Да гадоў 18 я яго баялася, хаця тата казаў, што яму трэба, каб яго дзеці паважалі, а не баяліся.

Ліна ў дзяцінстве

«НН»: Ты згадвала, што ў школе цябе дражнілі…

ЛЦ: Так, было. За разрэз вачэй, за такую неславянскую знешнасць, нетыповую. І нават па прычыне залішняй худзізны — у год 14-15 я была суперхудая, ніякіх другасных палавых адзнак, нічога такога. Плюс мне заўсёды было цікава вучыцца, я да пасінення пісала сачыненні, удзельнічала ў алімпіядах па літаратуры — і для дзяцей гэта таксама было своеасаблівай чырвонай анучай.

У выніку ў мяне няма нейкіх цёплых успамінаў пра той перыяд. З большай цеплынёй я згадваю ўніверсітэт, таму што там мы падабраліся па цікаўнасцях і ўсе былі суперрозныя, каго ўжо там дражніць?

«НН»: Сёння ты свабодна распранаешся ў кадры, і здаецца, што на сто адсоткаў упэўненая ў сабе, ці так гэта?

ЛЦ: Насамрэч прыняцце сябе — гэта працэс, і за ім стаіць не адна лекцыя і не адзін паход да псіхолага.

У падлеткавым узросце мяне хвалявалі зусім іншыя рэчы: тыпу раней гэта быў разрэз вачэй, а цяпер — цэлюліт. У мяне ёсць такая асаблівасць: я лічу сябе суперкласнай і ўспрымаю са знакам «+», калі ўпісваюся ў акрэсленую лічбу на вагах. А калі, дапусцім, 61 кг — ну-у, хацелася б менш. Прытым што людзям вакол можа быць зусім незаўважна гэта. Але калі ўся дзейнасць завязаная на знешнасці, так ці інакш за яе перажываеш.

Важна проста з сабой дамовіцца, што перамены ў целе будуць заўсёды, і памятаць пра тое, што стабільная самаацэнка — гэта топ, і трэба ў сабе яе гадаваць. Як паказвае досвед, ніхто з ёй не нараджаецца. Гэта працэс, за які ты сам адказны.

Важна сябе настроіць хаця б у базавых рэчах: я добры сябра, добры прафесіянал — каб нічога звонку не магло выбіць гэтую глебу з-пад ног.

«НН»: Раней ты расказвала, што для цябе не праблема — сфатаграфавацца падчас сэксу. А ёсць нейкія табу, на якія ты ніколі не пойдзеш у кадры?

ЛЦ: Напэўна, нейкія небяспечныя і экстрэмальныя здымкі, дзе ёсць рызыка для жыцця ці здароўя

«НН»: Колькі ў цябе сыходзіць у месяц фінансаў на клопат пра знешнасць?

ЛЦ: Калі шчыра, я не лічыла, бо сума адрозніваецца штомесяц.

Але магу сказаць, што расходы выраслі — у Польшчы гэта даражэй — нават базавая стрыжка, манікюр, педыкюр, касметолаг, абнавіць касметыку…. Дадаткова апошнія месяцы тры я хаджу на фотатэрапію — гэта калі разрадамі святла працуюць з якасцю скуры. Гэта трэба рабіць курсамі, і гэта нятанная забава.

Я буду рабіць гэта ў любым выпадку, незалежна ад таго, ці плануюцца ў мяне здымкі. Таму што мне гэта прыемна: калі я клапачуся пра свой знешні выгляд, гэта адбіваецца на тым, як я сябе адчуваю ўнутры.

«НН»: Раскажы, як ты ўвогуле трапіла ў мадэлінг?

ЛЦ: Мне было 14. Я жыла ў родным Маладзечне, і тады была папулярнай гісторыя з мадэльнымі школамі як забава для дзяўчынак — умоўна, навучыцца трымаць спіну, упэўнена адчуваць сябе перад камерай, дэфіле паспрабаваць.

Мяне гэта таксама зацікавіла, я пачала вывучаць розныя агенцтвы. Памятаю, як адкрывала камп’ютар, загружала сайт агенцтва Nagorny і проста гартала карткі і партфоліа мадэляў. Маёй любімай мадэллю ў іх на той момант была Жэня Катава. Я глядзела на яе як на нейкае бажаство.

Карацей, я пачала хадзіць у тую мадэльную школу ў Маладзечне. Бацькі падтрымалі, усё ж гэта была платная гісторыя.

«НН»: Пры гэтым пасля школы ты паступіла на дызайн.

ЛЦ: Гэта цяпер грамадства стала больш свабодным у плане патрэбы вышэйшай адукацыі. Не хочаш — скончыш курсы і хопіць. Тады такога не было: нібыта, калі ты пасля школы не абраў сабе ВНУ, то ты нейкі няправільны. Трэба было абавязкова нешта выбраць, пры гэтым няважна, ці будзеш ты потым гэтым займацца.

Я вучылася ў гімназіі з мастацкім ухілам, і мне заўсёды было цікава вывучаць дызайн. Першапачаткова хацела паступаць на дызайнера інтэр’ераў, але ў выніку апынулася на спецыяльнасці «камунікатыўны дызайн». Я атрымала дыплом, але па спецыяльнасці прапрацавала, можа, паўгода на сталай аснове — была дызайнерам у кампаніі, якая прадавала запчасткі, інструменты, кандыцыянеры і ў брэндзе сяброўкі.

Пры гэтым ва ўніверы я пачала працаваць як мадэлька, супрацоўнічала нейкі час з польскім агенцтвам ANGER models. Але большую частку часу працавала як фрыланс-мадэль. З тых прапановаў, якія мне паступалі, самастойна адбірала тое, што адгукалася. Склалася гістарычна, што большая частка здымак была для брэндаў бялізны, яно і аплачвалася лепш.

«НН»: У Нацыянальную школу прыгажосці не падавалася?

ЛЦ: Я нічога толкам пра яе і не ведаю, як і пра конкурсы а-ля «Міс Беларусь». Калі рэтраспектыўна глядзець, чаму так склалася… Мне падавалася гэта нейкім нецікавым і крыху зашкварным нават.

«На «Онліфанс» больш за сотню падпісантаў»

«НН»: Раскажы, у які момант ты зразумела, што можаш прадаваць свае здымкі?

ЛЦ: Здаецца, быў 2021 год, я тады жыла ў Кіеве, і нехта са знаёмых расказаў мне пра «Патрэон».

Я здымалася ўвесь час, і досыць шмат было кантэнту, які не апублікуеш у інстаграме. Нават калі на фота бялізна ў сетку, інстаграм можа не прапусціць такі кантэнт, гэта заўсёды латарэя. Плюс гэта дае толькі лайкі — якая тут матывацыя і каштоўнасць для мяне?

Я вырашыла паспрабаваць і, шчыра кажучы, не асабліва верыла, што нешта з гэтага атрымаецца. Але цяпер я штомесяц прыдумляю план: што мне варта зрабіць, якія здымкі правесці, якія прома запусціць. І я вельмі ўдзячная сабе, што не здалася, не закінула гэтую ідэю. Бо гэта сапраўды такая гісторыя, у якой трэба запасціся цярплівасцю. Не будзе такога, што на заўтра пра цябе ўсе даведаліся і падпісаліся. Нават калі ўсе даведаюцца і падпішуцца, няма гарантыі, што праз тыдзень не адпішуцца.

Заўсёды прыходзіцца выдумляць новы кантэнт, новыя шляхі пошуку рэкламы, спосабы прыцягнення трафіку, каб усё гэта працавала. У інтэрнэце ў прынцыпе самае складанае — барацьба за ўвагу.

«НН»: Раней ты расказвала, што на «Патрэоне» ў цябе быў лот у 500 даляраў і яго купілі. З таго моманту ніхто не перабіў тую ўгоду?

ЛЦ: З таго моманту ў мяне з’явіўся «Онліфанс». Там ты проста падпісваешся на нейкі перыяд за фіксаваны кошт, як на музыку ў «Споціфай». Калі я завяла «Онліфанс», частка людзей з «Патрэона» перайшла туды, таму што пляцоўка больш зразумелая людзям.

Падпіска на месяц у мяне каштуе 20 даляраў, але я пастаянна праводжу нейкія рэкламныя акцыі.

«НН»: Колькі ў цябе там цяпер падпісантаў?

ЛЦ: Гэта прыватная інфармацыя (пасміхаецца). Магу сказаць, што больш за сотню.

«НН»: Пры ўсёй строгасці сям’і як яны ўспрынялі тваю новую дзейнасць?

ЛЦ: Ад маці былі пытанні з разраду: а што ты там публікуеш, а што гэта ўвогуле такое? Ёй не зусім было зразумела, што гэта за гісторыя. І я ёй паказвала свае здымкі, тлумачыла, што вось гэта ў інстаграме не апублікуеш, бо там такія правілы, а тут збіраеш не толькі лайкі. Крок па кроку прыходзілася тлумачыць, як гэта працуе. І цяпер усё абсалютна нармальна. Мама нават можа спытаць, як там у мяне справы і поспехі.

«Не хацелася жыць з адчуваннем вечнай трывогі»

«НН»: У які момант ты з’ехала з Беларусі?

ЛЦ: Я з’язджала пасля выбараў-2020. У мяне не было нейкай гісторыі, што трэба было выехаць тэрмінова. Проста ты разумееш, што нібыта навісае нешта, і не хацелася жыць з адчуваннем вечнай трывогі. Я вырашыла паспрабаваць розныя краіны, не адразу апынулася ў Польшчы — гэта трэцяя краіна эміграцыі.

Пры гэтым у эміграцыі таксама ў нейкі момант я адчула сябе сціснутым камяком з трывогі. Была восень 2023-га, у адзін момант здарылася некалькі гісторый са здароўем.

І вось ты без дзяржаўнай страхоўкі павінен хутка легчы ў бальніцу на абследаванне, там за чатыры дні з цябе здзіраюць 10 тысяч злотых. Потым аперацыя ў мяне тут была. Гэта ўсё нармальна па псіхіцы ўдарыла, я ўвесь час рыдала і думала: што наступнае?

Добра, што ў мяне ўжо быў досвед прыёму антыдэпрэсантаў. Я ведала, што трэба шукаць псіхалагічную дапамогу. Агулам вельмі рада, што мы жывем у такі час, калі фармакалогія дазваляе выходзіць з цяжкіх станаў. У маім выпадку я прымаю цяпер антыдэпрэсанты менш за год, і мы з доктарам паступова зніжаем дазіроўку, назіраючы за станам.

«Мікіта — той хлопец з дырэкта, які змог»

«НН»: У які момант вы пазнаёміліся з Мікітам Мелказёравым?

ЛЦ: Мы пазнаёміліся яшчэ да Польшчы. 2022 год, здаецца, быў. Я тады жыла паўгода ў Беларусі паміж сваімі пошукамі месца для эміграцыі.

І памятаю, нехта рэпоснуў нейкі допіс з Мікітам сабе ў інстаграм, адзначыўшы яго. Я перайшла на яго старонку і адкрыла перапіску з ім — проста было цікава, ёсць там нешта ці не. І ўбачыла, што чувак мне піша ўжо, можа, паўгода, а я проста не бачу гэтага. Ён не толькі агеньчыкамі там адказваў. Мы цяпер жартуем на гэтую тэму, што ён — той хлопец з дырэкта, які змог. Так што не спыняйцеся.

З таго моманту мы ліставаліся, потым я пераехала ў Польшчу. Пакуль жыла ва Уроцлаве, бачыліся разы два ці тры. А потым, калі я ўжо ў Варшаву перабралася, у нас усё закруцілася. Мы пачалі сустракацца.

Нядаўна пара завяла сабе сабаку — пці-брабансона. Ліна расказвае, што даўно марыла пра сабаку. У доме яе бацькоў жыў шпіц, але ён быў вельмі гучным. Таму ў выбары новай пароды дзяўчына кіравалася тым, каб сабака не прыносіў клопатаў суседзям.

«НН»: Згадваючы кейс са Славам Камісаранкам, для якога стала праблемай, што яго дзяўчына — былая вэбкамшчыца, ці не было нейкіх незразумеласцяў у вашых стасунках праз тваю дзейнасць?

ЛЦ: Было пару момантаў, што Мікіту пісалі ў прыватныя паведамленні: «Ой, а што твая дзяўчына посціць». Ці: «Ой, у яе вось такія здымкі». Ці калі быў толькі першы ці другі дзень існавання майго «Онліфанс», яму адразу напісалі: «А ты бачыў, што там у яе?»

Нашы стасункі, мне падаецца, гэта суперпадтрымальная гісторыя на сёння. Няма нейкіх пытанняў, асуджэння, непаразумення — у тым ліку адносна маёй дзейнасці. Калі б яно было, мне было б дзіўна і цяжка заставацца ў такіх стасунках, бо мая дзейнасць не з’явілася дзень таму. Калі мы пачыналі сустракацца, гэта ўжо існавала.

Ёсць жа гісторыі, калі хлопчыкі пачынаюць сустракацца з прыгожымі дзяўчатамі і потым кажуць: «Давай, выдаляй свой інстаграм, заканчвай камунікаваць са сваімі сябрамі, і ў пятніцу ўвечары ты нікуды не ідзеш». Мне няблізкія ніякія абмежаванні ў стасунках, толькі калі ў плане разумнага.

У сітуацыі з Камісаранкам — лепей яму б было прамаўчаць. Таму што выглядала так, нібыта ён такі бедны-няшчасны, усе яго падставілі і падманулі.

Для мяне незразумела, чаму чалавеку, якому хапіла даверу і пачуццяў да сваёй жанчыны, каб зрабіць ёй прапанову, не хапіла гэтага, каб перад грамадствам за яе заступіцца і сказаць: «Ну так, гэта яна, гэта мая жанчына, мы разам, ёсць яшчэ нейкія пытанні?» Гэта выклікала б больш павагі, чым пазіцыя маленькага хлопчыка-ахвяры абставін.

«Мужчыны думаюць: калі ў мяне фота ў бялізне — значыць, мне жыццёва неабходныя [іх дзікпікі]»

«НН»: У новым сезоне ты далучылася да каманды вядучых падкасту «Паўгадзіны кардыя», чыя гэта была ініцыятыва — пашырацца?

ЛЦ: Я прыходзіла на падкаст як госця, і ў нас тады сходу здарыўся з вядучымі мэтч. Мы як бы на адной хвалі.

Недзе праз пару месяцаў я паўдзельнічала ў конкурсе падкастаў Belarus podcast hub, у якім разыгрывалі навучанне. Я прайшла адбор, прэзентаваўшы сваю ідэю. Але яшчэ ў працэсе навучання зразумела, як гэта мегаскладана рабіць усё ў адзіночку — чысціць гук, наразаць… Я асэнсавала, што мне больш цікавая падрыхтоўка, выбар тэмы, але не прадакшн.

А потым у рабят выйшаў выпуск пра сэкс-цацкі для мужчын, я падумала — ваў, афігенная тэма. Прапанавала дапамагчы зрабіць тое самае, але для жанчын — падрыхтаваць падборку ці паўдзельнічаць у новым выпуску. У адказ Макс Паршута сказаў, што, калі б я хацела, то можам увогуле заканэкціцца і весці падкаст утраіх. Досыць шмат часу спатрэбілася, каб знайсці спонсарства на трэці сезон, але ў выніку я тут.

«НН»: У дэбютным выпуску ў якасці вядучай ты сярод топа беларускіх мужчын згадала блогераў Ваню Пруса і Глеба Сямёнава. Камісаранка туды не ўвайшоў па вышэйзгаданай прычыне. Нехта яшчэ ў галаву пасля прыйшоў, можа, больш «прызямлёны»?

ЛЦ: Я б магла ўключыць у топ нейкага свайго сябра, але наўрад ці людзям было б зразумела тады, якія якасці для мяне ў прыярытэце, чаму, уласна кажучы, гэты чалавек трапіў у топ. Прыходзілася выбіраць з больш-менш медыйных.

Калі выпуск ужо апублікавалі, я падумала, што незаслужана не ўнесла туды Арцёма Лук’яненку з «Навібэнд». Ён суперкласна выглядае, вельмі стылёвы, з сямейнымі каштоўнасцямі і вайбам добрай, цёплай энергіі.

«НН»: Ты казала, што «беларускія мужчыны зажраліся і не цэняць беларускіх жанчын». Як гэта праяўлялася ў стаўленні да цябе?

ЛЦ: Было такое, калі чалавек спрабаваў хаваць мяне, не афішаваць нашы стасункі. І ты такі думаеш: «А што не так?» Любы іншы абагаўляў бы і паўтараў: «Глядзіце, мы разам, яна са мной, а я ў яе ёсць!»

Ці было, калі мужчына не мог выклікаць таксі, каб я дабралася бяспечна дадому пасля спаткання. У многіх мужчын нібыта ілюзія бясконцага выбару ў тындары: сёння я з табой, заўтра з іншай.

«НН»: Пасля жудаснай гісторыі са згвалтаваннем і забойствам беларускі Лізы ў Варшаве ў сеціве пачаўся флэшмоб «Хопіць гвалціць», таксама з гісторыямі пра гвалт. З улікам тваёй адкрытасці ў інтэрнэце наколькі гэта моцна ўплывае на прыцягванне неадэкватаў?

ЛЦ: Хейт адбываецца на пастаяннай аснове. І ў прыват, і ў каментары прылятаюць паведамленні з разраду — калі ў яе такія здымкі, значыць, яна шлюха і гэтак далей. Я стараюся не звяртаць на гэта ўвагу. Здаецца, любы чалавек, які выбраў не пазіцыю назіральніка і гледача, а стваральніка, не застрахаваны ад хейту. Што б ён ні посціў.

У свядомасці некаторых мужчын ёсць вось гэта — калі яна такая адкрытая, у яе шмат фотаздымкаў у бялізне, значыць, яна гэтак жа выглядае ў жыцці, гэтак жа паводзіць сябе і заўсёды хоча сэксу. І напэўна, ёй усё адно з кім. З такім разуменнем я сутыкалася.

Яшчэ гэта вельмі прасочваецца, калі адкрываеш паведамленні, а там з перыядычнасцю, можа, два разы на тыдзень, стабільна дасылаюць дзікпікі. Без прывітання, без нічога, проста таму, што яны думаюць: калі ў мяне фоты ў бялізне — значыць, мне гэта жыццёва неабходна. Добра, што інстаграм блюрыць такое папярэдне.

«НН»: Чытала каментары, што пакуль яна маладая, можа ню-фоткамі займацца, а потым не будзе ведаць, што рабіць. Ты думаеш такімі катэгорыямі?

ЛЦ: Я дазваляю сабе жыць так, як мне хочацца. Няма ніякай гарантыі, што праз пяць год я не захачу заняцца нечым іншым.

Планаваць змяніць жыццё да моманту, пакуль я не пастарэю, не пакрыюся маршчынамі і ў мяне не абвіснуць грудзі? Але гэта непазбежна, вы ўсе таксама пастарэеце. Не адна я такая ўразлівая, якой трэба паклапаціцца пра тое, чым займацца далей. Здаецца, любая дзейнасць не застрахаваная ад перамен. Калі ты сёння айцішнік — гэта не значыць, што ты і праз 10 год ім будзеш.

Я думаю пра будучыню, але не абмяжоўваю сябе рамкамі. Мне б хацелася паглядзець, што мне будзе цікава, куды я буду накіроўваць сваю ўвагу. Не выключаю, што ў нейкі момант я апынуся ў Партугаліі і буду ляпіць там гліняныя збаны.

Каментары35

  • Лейцар коркавы
    08.06.2024
    Малайчынка, годная праца, менш слухаць крывадушнікаў.
  • Злобный вожык
    08.06.2024
    Кто это и зачем это здесь? Очередная онлифанщица, каких миллион, однодневная подруга кого-то из Ютуба.
  • Дульсінея
    08.06.2024
    Ліна - "барада" для Мікіты.

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі1

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі

Усе навіны →
Усе навіны

Германія ў 1/4 фіналу. Але для немцаў усё толькі пачынаецца2

Пуцін спрабуе перадаць хусітам балістычныя і крылатыя ракеты — амерыканская выведка3

Пакуль Еўра-2024 ідзе без нас, беларусы згулялі ў тарфяны футбол. Але і тут прайгралі2

Ізраіль памяняў правілы бязвізавага ўезду ў краіну3

Італія, пераможца мінулага Еўра, цяпер вылецела ў 1/8 фіналу — 0:2 ад Швейцарыі ВІДЭА

Слава Камісаранка расказаў, як яго канцэрты чатыры разы мініравалі4

«Эйсмант пачытала гэты ваш твітар і таксама ўлупіла Азэмпік». Найлепшыя твіты тыдня4

Аналітык назваў тры прычыны таго, чаму Украіна захоўвае дыпламатычныя адносіны з Беларуссю16

У Чарнігаве паставілі памятную шыльду Кастусю Каліноўскаму. Вось як яна выглядае 2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі1

Байдэн не збіраецца здымацца з выбараў і абяцае перамогу нягледзячы на сумневы ў яго здароўі

Галоўнае
Усе навіны →