У Расіі паказалі новыя аўтамабілі «Волга». Ну як новыя? Гэта скапіяваныя кітайскія Changan
У Ніжнім Ноўгарадзе прэзентавалі адразу тры новыя аўтамабілі Volga: седан Volga С40 і два красоверы Volga К30 і Volga К40.
Зноў Кітай
Пра планы адрадзіць выпуск аўтамабіляў пад брэндам «Волга» ўсур'ёз загаварылі яшчэ летам 2022 года. Адбылося гэта пасля таго, як сусветныя аўтавытворцы пачалі сыходзіць з Расіі ў адказ на ваенную агрэсію супраць Украіны. Прэзентавалі навінку амаль праз два гады пасля агучвання планаў.
Праўда, па факце, публіцы паказалі не нешта новае, а тры аўтамабілі кітайскага брэнда Changan, толькі выпушчаныя пад уласным брэндам.
Ад арыгінальных мадэляў расійскія «Волгі» адрозніваюцца толькі радыятарнай рашоткай і шыльдзікамі. Першым плануюць наладзіць выпуск седана С40. Пачатак вытворчасці красовераў К30 і К40 запланаваны на пачатак 2025 года.
Замест VW i Skoda
Раней па падобнай схеме ў Расіі «адрадзілі» брэнд «Масквіч», якія цяпер збіраюць на магутнасцях былога завода Renault у Маскве. Як і ў выпадку з «Волгай», расійскага там толькі назва. Мяркуецца, што зборка новай «Волгі» будзе адбывацца ў цэхах, дзе да вайны збіралі аўтамабілі Volkswagen Group.
Адметна, што ў гэтага расійскага аўтавытворцы ўжо быў досвед выпуску іншамарак пад уласным брэндам. Так, у 2008-2010 на магутнасцях завода ў Ніжнім Ноўгарадзе наладзілі выпуск седана Volga Siber, які з'яўляўся копіяй Chrysler Sebring. Той выпускаўся ў Штатах з 2001 года.
Тады першапачаткова планавалася, што ў 2008 годзе будзе выпушчана 10 000 аўтамабіляў Volga Siber, а ў 2009 годзе — 45 000. Рэальныя лічбы вытворчасці аказаліся куды больш сціплымі. У перыяд з 2008 па 2010 гады, было выпушчана ўсяго 8933 адзінкі Volga Siber.
На гэтым вытворчасць аўто пад брэндам Volga спынілася. Калі браць чыстакроўныя «Волгі», то іх перасталі выпускаць яшчэ раней — у 2009-м.
Такім чынам, атрымліваецца, што ГАЗ-31105 стала апошняй сапраўднай «Волгай» у гісторыі брэнда.
Каментары