20 гадоў таму ў псіханеўралагічным інтэрнаце ў Гродзенскай вобласці згарэў 31 чалавек. Што адбылося ў Дзятлаўскім раёне ў 2003 годзе
У ноч на 12 кастрычніка 2003 года ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці здарыўся пажар, у якім загінуў 31 чалавек. Тое, што тады здарылася, часам называюць «другой Нямігай», адсылаючы да гібелі 53 чалавек у 1999 годзе ў падземным пераходзе ў цэнтры Мінска. «Люстэрка» згадвае падрабязнасці страшнай трагедыі, да якой прывёў збег трагічных выпадковасцяў, а таксама канкрэтныя дзеянні супрацоўнікаў установы і ўладаў.
Адсутнасць грошай і нядзейная пажарная сігналізацыя
Псіханеўралагічны інтэрнат — гэта ўстанова, дзе ўтрымліваюцца людзі, што пакутуюць на хранічныя псіхічныя разлады і маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе. Установа, пра якую пойдзе гаворка, была створаная ў 1964 годзе. Афіцыйная назва — Казлоўшчынскі інтэрнат (паводле назвы буйнога пасёлка непадалёк), хоць знаходзіцца ён у невялікай вёсцы Рандзілаўшчына.
«Рэгулярная транспартная камунікацыя яе жыхароў з раённым цэнтрам пачынаецца толькі за шэсць кіламетраў адсюль, у вёсцы Казлоўшчына, дзе размешчаны сельсавет, ёсць хуткая і пажарная, крама і аптэка, — расказвала журналістка, якая пабывала там ужо пасля трагедыі. — Да цывілізацыі мясцовыя дабіраюцца пешшу, на ровары або транспартам інтэрната. Практычна ўсё насельніцтва Рандзілаўшчыны — персанал інтэрната, былы або цяперашні. Ужо пакаленні тры жыхары вёскі прапрацавалі тут, хто кухарам, хто вартаўніком, хто санітаркай. Калі камусьці кепска і трэба выклікаць хуткую, бягуць зноў жа ў інтэрнат: У корпусе медчасткі працуе адзіны на ўсю вёску тэлефон. Да дырэктара інтэрната мясцовыя ідуць па дапамогу, калі трэба помнік на магіле паставіць, бульбу пасадзіць ці прыбраць».
Спецыяльны корпус для пацыентаў у гэтай вёсцы ў 1960-я не ўзводзілі. Пад установу прыстасавалі стары драўляны аднапавярховы будынак з пячным ацяпленнем — былы панскі дом, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Побач узвялі будынак медчасткі (дзе і быў адзіны тэлефон). У канцы 1980-х стала зразумела, што трэба будаваць новы корпус. Неабходную праектную дакументацыю падрыхтавалі ў 1991-м, пасля чаго на будаўніцтва выдзелілі грошы. Калі яно пачалося і з якой хуткасцю ішло, звестак няма, але ведаючы, як усё адбывалася ў пачатку дзевяностых, выкажам здагадку, што вельмі павольна і са шматлікімі паўзамі.
У 1995-м інтэрнат наведаў Мечыслаў Грыб, тагачасны спікер парламента — Вярхоўнага Савета. У тым годзе праходзілі парламенцкія выбары, палітык балатаваўся ў дэпутаты наступнага склікання ад роднай яму Дзятлаўскай акругі. «Ужо ў той час гэты інтэрнат выклікаў вялікія турботы. І ўжо ў той час былі амаль што пабудаваныя сцены цагляныя новага корпусу. Але <…> прайшло восем гадоў, і не знайшлося грошай, каб закончыць гэтае вялікае будаўніцтва», — каментаваў ён пасля трагедыі.
Сапраўды, апошнія фінансавыя паступленні на будаўніцтва былі зафіксаваныя ў 2001-м. Пасля гэтага яны спыніліся, таму хворыя былі вымушаныя туліцца ў старым драўляным памяшканні.
Галоўнай праблемай інтэрната быў катастрафічны недахоп сродкаў. Яшчэ ў 1998-м там паставілі пажарную сігналізацыю. Два гады фірма абслугоўвала яе па гарантыі бясплатна. Але калі тэрмін прайшоў, інтэрнат плаціць не стаў: не было грошай. Таму фірма ўрэшце адмовілася абслугоўваць абсталяванне. Саму сігналізацыю не дэмантавалі — але ў верасні 2003 года, недзе за месяц да трагедыі, яна перастала працаваць.
І гэта была не адзіная праблема. За паўгода да трагедыі інспектар пажарнага нагляду забараніў эксплуатацыю інтэрнатам печак (яны не былі адрамантаваныя) і памяшканняў вакуум-помпавай і кармакухні. Дырэктар Аляксандр Бялятка падпісваць прадпісанне адмовіўся, бо не быў згодны з забаронай пячнога ацяплення. Логіка была наступнай: у выпадку згоды трэба праводзіць цэнтральнае ацяпленне. Але грошай не было нават на пажарную сігналізацыю — пра якую замену цэлай сістэмы ацяплення магла ісці гаворка?
Зачыненыя вокны і запасны выхад
Каля дзевяці гадзін вечара 11 кастрычніка 2003 года медсястра Ірына Логін прыйшла з медчасткі ў корпус інтэрната, дзе было дзесяць палат. Дзяжурныя санітаркі далажылі ёй, што ўсё ў парадку. Жанчына раздала хворым лекі і вярнулася на сваё працоўнае месца.
Прыкладна ў дзесяць гадзін санітаркі Ядзвіга Барук і Лілія Кавальчук абышлі палаты. Паводле іх, скаргаў не было. Потым прыкладна да гадзіны ночы жанчыны разам з вартаўніком Міхаілам Томчыкам глядзелі тэлевізар. Потым апошні пайшоў на абыход тэрыторыі дома-інтэрната, а санітаркі зачынілі за ім дзверы. Адзін з хворых ноччу папрасіўся ў прыбіральню. Барук выпусціла яго, а калі ён вярнуўся, зноў зачыніла ў палаце.
Калі дакладна пачаўся пажар, невядома. Хутчэй за ўсё, каля чатырох гадзін раніцы. Прыкладна ў 4 гадзіны 10 хвілін Ядзвіга Барук пайшла да рукамыйніцы папіць вады і ўбачыла, што пад столлю клубіцца дым. Яна паведаміла пра гэта сваёй калезе Кавальчук.
Паводле адной версіі, тая адразу пачала выводзіць хворых з палат, а Барук пабегла да медсястры Ірыны Логін, каб папярэдзіць яе пра пажар (нагадаем, што ў самім корпусе тэлефонаў не было). Паводле іншай, расказанай самой Барук, у іншы корпус кінулася Кавальчук.
Калі Логін даведалася пра пажар, то патэлефанавала дырэктару. «Ірына Уладзіміраўна, медсястра, ад спалоху набрала спачатку нумар дырэктара, а потым адразу пажарных», — тлумачыла Барук. Існуе і іншая версія, паводле якой менавіта дырэктар выклікаў па тэлефоне пажарных і сам кінуўся ратаваць людзей. Зрэшты, магчыма, што абедзве версіі праўдзівыя і званкі пажарным было два: ад дырэктара і ад медсястры.
Самі тушыць пажар жанчыны не маглі: у корпусе, які гарэў, быў усяго адзін вогнетушыцель (норма — дзесяць). Шчыты з першаснымі сродкамі пажаратушэння (скрынямі з пяском, вогнеўстойлівымі тканінамі і гэтак далей) аказаліся разукамлектаваныя. Грошай на ўсё гэта таксама не было.
Таму жанчыны разам з вартаўніком пачалі выводзіць хворых. Многія з іх спрасонку, у цемры, а таксама праз асаблівасці здароўя былі дэзарыентаваныя: лаялі медсясцёр, якія іх пабудзілі, і зноў клаліся спаць.
«Гэта ж хворыя людзі, спяць на снатворным, — казала Ядзвіга Барук. — Іх і ў шэсць раніцы не ўсіх адразу дабудзішся. Я яму: «Уставай, уцякай!» А ён устае і пачынае павольна апранацца. Нічога не разумее… У нас 22 чалавекі наогул ляжачыя (паводле іншых звестак, іх было каля дзесяці). Вокны сталі выбіваць — агонь як пыхнуў. Каго праз вокны дасталі, каго праз дзверы вынеслі. А сілы дзе? Іх 62 дарослыя мужыкі, а нас пяць санітарак з усіх карпусоў, медсястра і вартаўнік Міша. Яны не ўсе і зразумелі, што пажар… Нават тыя, каго мы вывелі».
У дадатак двое пацыентаў, ужо вырваўшыся з агню, вярнуліся па тэлевізар і музычны цэнтр і ўжо не змаглі выбрацца.
Тым часам агонь пачаў хутка распаўсюджвацца па будынку. Да некаторых палат работнікі інтэрната так і не змаглі падысці. У тым ліку да ізалятара — двух пакояў, вокны якіх былі закрытыя металічнай сеткай, а дзверы замкнутыя на ключ. Людзі, якія знаходзіліся там, спрабавалі выратавацца самі: яны вырвалі сетку на адным з вокнаў, але выбрацца з полымя здолеў толькі адзін чалавек, а шасцёра згарэлі.
Тым часам прыехалі пажарныя з Казлоўшчыны. Калі менавіта гэта адбылося, дакладна невядома. Ядзвіга Барук сцвярджала, што ратавальнікаў выклікалі адразу, але першая машына прыехала з цэнтра сельсавета толькі праз паўгадзіны — у 04.36 раніцы. Іншыя пажарныя каманды з раённага Дзятлава — яшчэ пазней. «Прыкладна ў 04.20 хуткая ехала з выкліку і бачыла, як пажарныя запраўляліся з возера ў Казлоўшчыне», — казала яна.
Паводле іншай версіі, першая машына пажарных усё ж прыехала вельмі хутка: прайшло ўсяго восем ці нават шэсць хвілін пасля выкліку. Як сказаў адзін з пажарных, калі яны пад’ехалі да будынка, полымя ўжо шугала з усіх вокнаў, шыферны дах «страляў». Праз некалькі секунд усё абрынулася проста на іх вачах.
Прыбыўшы, пажарныя адразу ж папрасілі па рацыі падмацавання і пачалі змагацца з агнём самі. Але нават калі яны выдаткавалі ўвесь запас вады, пажар не сціх. Тым часам аператыўна прыбылі іншыя пажарныя аўтамабілі (мяркуючы з усяго, акурат з райцэнтра). Але на той час дах будынка ўжо абрынуўся.
«Медсёстры, вартаўнік і дырэктар ратавалі людзей да апошняга», — расказвалі журналістам у пракуратуры. У адной з сясцёр былі апёкі, іншая парэзалася аконным шклом. «Яны атрымалі моцную псіхалагічную траўму і знаходзяцца ў шоку», — дадаваліў ведамстве.
Раніцай 12 кастрычніка пажарныя дасталі целы загінулых. Некаторых знайшлі групамі ў праходах паміж ложкамі і ў калідоры, некаторых — пад ложкамі, многіх — на ложках. Адной з прычын гібелі быў закрыты запасны выхад. Тут версіі таксама разыходзяцца: паводле адной, санітарка Барук забыла, што ключы ад яго знаходзяцца ў службовым памяшканні. Паводле іншай, ключ даўно згубілі і не змаглі знайсці нават пасля патрабавання следства.
Усяго выратавалі 31 чалавека, столькі ж загінула. Самаму маладому сярод апошніх было 19 гадоў.
Гора мясцовых жыхароў і цынізм уладаў
Мясцовыя жыхары ўспрынялі здарэнне як асабістую трагедыю. «У кожнай хаце цяпер жалоба, у кожнай хаце свой нябожчык», — казала журналістам пенсіянерка Марыя, якая сама прапрацавала ў інтэрнаце 26 гадоў. Паводле яе, усіх пацыентаў інтэрната мясцовыя жыхары добра ведалі. Некаторымі хворымі вяскоўцы апекаваліся: тыя прыходзілі да іх у госці, як у сям’ю. «Не, яны не дапамагаць прыходзілі: якая ад іх дапамога, яны ж хворыя. Так, пасядзець, пагаварыць. Міша Матус усё гісторыі розныя складаў: напрыклад, як ён у Казлоўшчыну ездзіў, машыну разгружаў, аварыю бачыў. Ён у агонь за Колем Янкоўскім ускочыў. У Янкоўскага цэнтр музычны ў палаце заставаўся і тэлевізар — вось ён сам назад палез і Мішку клікнуў», — казала яна.
«Да нас Гена пастаянна прыходзіў, — расказвала пра аднаго з загінулых Вольга, іншая мясцовая жыхарка. — Прыйдзе, сядзе на лаўку, пасядзіць. Маці мая, яна кухарам у інтэрнаце калісьці працавала, бывала, падыдзе, спытае: «Што ты, Геначка, сядзіш?» А ён: «Маці чакаю». А самому яму ўжо больш за сорак. Яго прывезлі з Самарскай вобласці, калі яму толькі 16 гадоў споўнілася, ён усё жыццё тут пражыў. Нешта з нагамі ў яго было, хадзіў дрэнна. Калі мама захварэла і ёй горш станавілася, ён бег як мог у медчастку, хуткую выклікаў. Памятаю, маму апошні раз хуткая везла, ён усё машыне ўслед крычаў: «Каця, не памірай!» Цяпер няма Гены…»
Як казалі мясцовыя жыхары, у тую ноч яны не бачылі пажару. Але калі б бачылі, кінуліся б ратаваць. Пажару б напэўна не патушылі, але людзей бы выцягнулі, бо ведалі размяшчэнне пакояў і месцы, дзе ляжалі хворыя, што не маглі хадзіць.
Ужо на чацвёрты дзень пасля пажару вонкавых слядоў трагедыі ў Рандзілаўшчыне амаль не засталося. Экскаватары знялі з пажарышча апошнія пласты чорнага грунту, трактары вывезлі яго ў спецыяльна выкапаную траншэю кіламетры за тры ад вёскі.
Абгарэлыя целы адправілі ў морг у Дзятлаве. Пажар быў такой сілы, што апазнаць трупы было немагчыма. Ідэнтыфікацыю праводзілі па генетычным матэрыяле. Эксперты параўноўвалі яго з пробамі крыві сваякоў, якія звярнуліся па рэшткі. У першыя дні такіх зваротаў было каля дзясятка.
Таму асабліва цынічнай выглядала пазіцыя ўладаў. Тагачасная прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Пяткевіч у каментары «Радыё Свабода» заявіла, што ўлады не скіроўвалі спачуванняў родным, бо тыя нібыта адмовіліся ад гэтых людзей, што не адпавядала рэчаіснасці. Калі ў Пяткевіч спыталі, ці будзе абвешчаная афіцыйная жалоба, яна адказала пытаннем на пытанне: «А вось вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь? Як бы вы ўспрынялі, калі б па 30 псіхічна ненармальных людзях у краіне абвесцілі жалобу?.. Так, гэта трагедыя». Пасля гэтага яна кінула трубку. Жалобы ў краіне так не абвясцілі.
Следства
У першым жа прэс-рэлізе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сфармулявала прычыны пажару так: «Неасцярожнае абыходжанне з агнём ці падпал па неасцярожнасці». Пра гэта ж заявіў кіраўнік МНС Уладзімір Астапаў, які сказаў, што падпал здзейсніў адзін з пацыентаў. Таксама міністр дадаў, што хворыя нібыта ўжо двойчы спрабавалі падпаліць будынак дома-інтэрната. А супрацоўнікі, паводле яго, не здолелі своечасова апавясціць дзяжурную службу і эвакуяваць людзей.
Пасля гэтага з’явілася версія пра падпальшчыка-пацыента, які пакутаваў на піраманію. Нібыта гэта быў далёка не першы падпал у інтэрнаце і нават у дзень трагедыі такіх падпалаў было некалькі. Версію падхапілі СМІ.
Пачуўшы пра такое, санітарка Ядзвіга Барук расплакалася: «Адкуль яны ўсё гэта бяруць? Я дзяжурыла ў тую ноч у гэтым корпусе. Які падпал? Ёсць у нас такі хворы, Рэйба. Як дапамогу атрымае — да бутэлькі прыкладаецца. А па п’яні рве кашулю на грудзях: «Я вас усіх спалю да нейкай там маці». Але каб далей за пагрозы ішло — не было такога».
Праўда, жыхары Рандзілаўшчыны дапускалі, што будынак маглі падпаліць пацыенты. Мясцовая пенсіянерка Марыя ўспамінала, што за час яе працы пацыенты некалькі разоў падпальвалі матрацы і ўласную вопратку: «Гэта ж хворыя людзі — вядома, усякае бывала. Памятаю, калі яны хацелі печку падпаліць, то матрац падпальвалі і ў печку засоўвалі. А тое і ўласныя штаны здымалі. Таму яшчэ гадоў дзесяць таму печкі перарабілі так, што ў палатах іх адкрыць немагчыма».
Але ўрэшце следчыя адмовіліся ад версіі пра падпал. «Мы вывучылі асабістыя справы ўсіх пацыентаў корпуса, апыталі персанал і выжылых пацыентаў, вядома, тых, хто здольны гаварыць, — і не знайшлі ніякага пацверджання версіі пра пірамана. Ніводнага чалавека, у якога былі б хоць найменшыя прыкметы піраманіі. Невядома, на чым грутнуецца гэтая версія», — заявілі ў Генпракуратуры. У пажарнай частцы вёскі Казлоўшчына дадалі, што апошні выклік у інтэрнат быў недзе за паўгода да трагедыі: адзін з хворых падпаліў свой матрац. У дзень, які папярэднічаў пажару, ніякіх выклікаў з інтэрната не было.
Падчас расследавання высветліўся шэраг абставінаў. Так, у корпусе не было абсталяванага месца для курэння, пры гэтым супрацоўнікі не перашкаджалі курэнню ў палатах (наўпрост гэта не было звязана з трагедыяй, але магло прывесці да аналагічнай сітуацыі ў будучыні). Нягледзячы на патрабаванне правяральнікаў, агучанае тройчы, у інтэрнаце так і не правялі вогнеахоўнай апрацоўкі драўляных вокнаў, што таксама прывяло да яшчэ большых ахвяр.
У канцы лістапада 2003 года кіраўнік МНС Валерый Астапаў адзначыў, што пасля таго выпадку стаўленне да супрацьпажарнай бяспекі на такіх аб’ектах рэзка палепшылася: былі аператыўна праведзеныя абследаванні бальніц, дамоў-інтэрнатаў і іншых установаў сістэмы Мінздароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Падчас праверак выявілі мноства розных парушэнняў, якія пачалі аператыўна ліквідаваць.
За некалькі дзён да гэтага Мінгарвыканкам выдаў пастанову «Пра дадатковыя меры забяспечання бяспекі жыццядзейнасці аб’ектаў г. Мінска», дзе наўпрост спасылаўся на страшны досвед трагедыі ў доме-інтэрнаце.
Прысуд суда быў вынесены ў лютым 2004 года. Абвінавачанне дырэктару інтэрната Аляксандру Бялятку і яго намесніку па гаспадарчай частцы Уладзіміру Бараноўскаму мела восем пунктаў. Яны прызналі два самыя сур’ёзныя — пра стан аварыйнага выхаду, пра што мы ўжо казалі, а таксама пра абсталяванне корпуса. Паводле інструкцый, на вокнах ізалятара мусілі быць распашныя краты, а не намёртва прывараная сетка (нагадаем, яе ўсё ж змаглі вырваць, але выратаваўся толькі адзін чалавек). Калі б выхад быў адкрыты і не было кратаў на вокнах, выжылых было б больш.
Адвакаты прасілі для падабаронных умоўныя тэрміны. Але суд даў пяць гадоў пазбаўлення волі — максімальнае пакаранне, якое прадугледжваў артыкул «Службовая халатнасць, што пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей і іншыя цяжкія наступствы». Суд ужыў закон пра амністыю і скараціў тэрміны да чатырох гадоў.
Хоць насамрэч віна ляжала не толькі і не столькі на гэтых двух людзях, колькі на дзяржаўнай сістэме, па віне якой псіханеўралагічны дыспансер не меў грошай і не мог сабе дазволіць аплаціць працу пажарнага апавяшчальніка. Калі б ён спрацаваў пасля пачатку пажару (дарэчы, яго прычына так і засталася невядомай), пажарныя прыехалі б аператыўна і ахвяр удалося б пазбегнуць (ці, прынамсі, іх колькасць была б меншай).
Целы трох загінулых забралі сваякі, астатніх пахавалі проста на тэрыторыі інтэрната. Цяпер там пабудаваны новы корпус. А само месца нічым не нагадвае пра трагедыю, якая здарылася ў далёкім 2003 годзе.
Каментары
[Не, так атрымалася. У нас артыкулы нумараюцца адзін за другім па меры напісання, таму падгадаць нерэальна -- вэб-рэдактар]