Сам на сябе выклікаў міліцыю, раўнаваў да Ціханоўскага, хацела «падабцасніка». З якіх прычын беларусы разводзяцца?
Колькасць разводаў у Беларусі з кожным годам павялічваецца. Пікам быў 2020 год. Судовая практыка паказвае, што ў 70% разводаў ініцыятаркамі выступаюць жанчыны. Часцей за ўсё разводзяцца ў 35-40 гадоў. Самыя распаўсюджаныя прычыны: розныя характары і погляды на жыццё. Далей ідзе працяглы раз’езд (у тым ліку з-за працы за мяжой), на трэцім месцы — хатні гвалт або залежнасць, а таксама страта пачуццяў. Выданне Palatno паразмаўляла з беларусамі і даведалася, колькі доўжыліся іх шлюбы і якія былі прычыны разводаў.
«Сцярвозны характар, сузалежныя адносіны»
Беларус Яўген браўся шлюбам тры разы: першыя два доўжыліся па тры гады, а апошні — пяць. Прычыны разводаў былі розныя: не сышліся характарамі, перабольшаныя чаканні. У першым выпадку развяліся па ўзаемным рашэнні, а ў другім і трэцім — жонкі сыходзілі самі.
«У адной сітуацыі — сцярвозны характар дзяўчыны і сузалежныя адносіны, над якімі мы не працавалі. У іншым выпадку — я занадта быў упэўнены ў сабе і ў тым, што жонка нікуды не дзенецца і будзе побач. І сам давёў сітуацыю да крытычнага пункту».
«Працягваю бачыць таго васямнаццацігадовага хлопчыка»
Беларуска Настасся была ў шлюбе адзін раз, і доўжыўся ён тры гады. Па словах Настассі, нягледзячы на тое, што шлюб быў кароткім, сама гісторыя атрымалася доўгай.
«Мы шмат гадоў былі знаёмыя, сустракаліся ў горадзе заўсёды выпадкова. Гадоў сем не мелі кантактаў адно аднаго: ні тэлефонаў, ні адрасоў (сацсеткі тады яшчэ толькі пачалі з’яўляцца). І гэта дужа рамантызавала нашыя сустрэчы і пачуцці ад іх.
Потым мы нават згубіліся на некалькі гадоў. А калі зноў сустрэліся, я была пасля складанага рамана з чалавекам, які мяне не паважаў, але якога я кахала з усёй уласцівай мне сузалежнай адданасцю.
У мяне траўма, а тут чалавек, які кахае шмат гадоў і носіць мяне на руках. Ён ахінуў мяне такой пяшчотай, што наконт шлюбу нават ніякіх пытанняў не ўзнікла. Хто, калі не ён. Гэта «лёс, мая палова, і каму я яшчэ патрэбная буду».
Настасся кажа, што «прапановы» не было: праз год сумеснага жыцця пара проста пайшла і распісалася адразу, як толькі гэта было магчыма. Беларусцы падаецца, што яна больш хацела кахаць, чым кахала на самой справе.
«Мінула некалькі год — і я зразумела, што працягваю бачыць таго васямнаццацігадовага хлопца, з якім усё пачыналася, і ніяк не магу разгледзець у ім мужчыну. Пры вонкавым шчасці нашай сям’і я пачала востра адчуваць, што мы зусім розныя: цікавімся і захапляемся розным.
Стала незразумела, да чаго мы ў выніку рухаемся. Не было агульнага малюнка будучыні, сумесных мэт. І так паціху мы перасталі размаўляць пра штосьці, акрамя хатніх спраў. Асобна бавілі вольны час. І неўзабаве вырашылі, што досыць».
Пасля гэтага Настасся і яе муж вырашылі раз’ехацца і на працягу прыкладна месяца не мелі стасункаў. Але потым ізноў пачалі бачыцца. Пара не падавала на развод, таму што «было лянота, да таго ж за грошы».
«Я думаю, мы яшчэ доўга не дайшлі б да ЗАГСа, калі б не яго новая дзяўчына, якая пачувалася няёмка ў стасунках з жанатым мужчынам. Да таго ж, мы з ёй былі знаёмыя. Не помню, хто з нас сказаў, што дзеля яе мы мусім падаць заяву. Магчыма нават, што і я».
«Усё пачыналася з прыезду Сяргея Ціханоўскага»
Адзіны шлюб Кацярыны (імя зменена) доўжыўся сем год: не супалі палітычныя погляды. Ініцыятарам разводу была сама беларуска. Па яе словах, развялі за дзве хвіліны.
«Усё пачыналася з прыезду Сяргея Ціханоўскага. Яшчэ да выбараў 2020 года. Прыязджаў ён двойчы, і я двойчы хадзіла на сустрэчу з ім. Пачалася рэўнасць, нібы я хаджу не дзеля таго, каб людзей паслухаць і сваё нешта сказаць, а таму, што ён мне як мужчына падабаецца.
Пасля выбараў, маіх затрыманняў і трох спроб адабраць сына з сям’і за мой удзел у пратэстах муж стаў вінаваціць мяне, гаварыў, што трэба сядзець дома ціха і нікуды не вылазіць. Што гэта не дзяржава вінаватая ў тым, што адбываецца, а я… Бо не маўчала.
Апошняй кропкай стала: калі пачалася вайна, мы з сынам былі ў Кіеве, а былы муж знаходзіўся ў Маскве, я патэлефанавала яму ў істэрыцы, што я**аныя маскалі нас бамбяць, і што маглі забіць яго сына, адказ быў такі: «Надо мочить хохлов!».
«Не гатовы быў падпарадкоўвацца ўсялякім капрызам»
У першым шлюбе беларус Алесь знаходзіўся з 2012 года па 2018-ы. Ініцыятарам разводу быў ён. Другім шлюбам, які доўжыцца дагэтуль, мужчына пабраўся ў 2020 годзе.
«Былая жонка хацела цалкам падпарадкаваць мяне, каб я стаў так званым «падабцаснікам». Але я ведаю сабе кошт — я вольны чалавек. Не гатовы быў падпарадкоўвацца ўсялякім капрызам: «Ты сёння не пойдзеш на стадыён займацца спортам, бо я не хачу», «Ты не пойдзеш на футбол, бо мусіш дома сядзець», «Ты не паедзеш у госці з сынам да бабулі, бо я не хачу» і гэтак далей».
«Быў ціхім алкаголікам»
У Марыны (імя зменена) былі два шлюбы: першы цягнуўся 7 гадоў. Прычына разводу — п’янства мужа. Па словах Марыны, ён пачаў піць незадоўга да разводу. Ініцыятарам разводу стала жанчына.
«Піў на працы і пасля працы з калегамі. Нашаму дзіцяці было пяць, ён ім зусім не займаўся. Быў ціхім алкаголікам, не буяніў. Праз алкагалізм ніяк не развіваўся. Каб развесціся, тады давалі тры месяцы, каб можна было падумаць. Але я пераканала, каб развялі адразу. Муж нічога не казаў, было сорамна, ён быў згодны на ўсё».
З другім мужам Марына пражыла чатыры гады: «Выпіваў адразу». Беларусцы падавалася, што муж піў, таму што не меў сям’і і дзяцей, а калі народзіцца дзіця — усё зменіцца.
«У нас з’явілася дзіця, але піць ён не перастаў. Дома буяніў. Мог нават сам на сябе выклікаць міліцыю — і такое было. Калі запіваў, на працу ўжо не выходзіў. Прапіваў палову заробку і нічога не прыносіў дадому. Калі піў, мог па два тыдні жыць у сваёй мамы, а потым вяртаўся. Маці яго шкадавала, карміла».
«Зразумела, што не змагу з ім адчуваць сябе ў бяспецы»
У беларускі Аляксандры былі два шлюбы: першы доўжыўся чатыры гады, другі — сем. У адным ініцыятарам разводу была сама Аляксандра, у іншым — мужчына. Прычыны разводаў беларусцы складана тлумачыць.
«Хутчэй за ўсё, сукупнасць розных прычын. Страта блізкасці і даверу, адсутнасць паразумення. Я думаю, гэта. З першым мужам да разводу падштурхнула канкрэтная сітуацыя, пасля якой я не змагла больш давяраць яму. У падрабязнасці, напэўна, не хочацца сыходзіць. У двух словах, справа была ў падарожжы: чалавек так сябе павёў, што я зразумела, што не змагу з ім адчуваць сябе ў бяспецы. Праз год мы развяліся.
На адносіны з другім мужам вельмі моцна паўплывала бягучая сітуацыя ў свеце. Мне было вельмі складана яму растлумачыць, што для мяне ўжо нічога не будзе як раней. Хацелася пераехаць. З 2020 года мы правялі разам яшчэ два гады, так ні да чаго і не прыйшлі».
«Ну і я таксама ні разу не прынц на белым кані»
У беларуса Міхаіла быў адзін шлюб, які доўжыўся тры гады. Прычын для разводу было шмат. Пасля нараджэння дзіцяці пара яшчэ некалькі гадоў спрабавала захаваць стасункі, але нічога не атрымалася. Пры разводзе фармальна пазоўніцай выступіла жонка, але рашэнне прынялі калегіяльна.
«Калі коратка: у жонкі, што называецца, «прайшло каханне». Абмеркавалі, вырашылі не трапаць адно аднаму нервы і мірна развяліся. Ну і я таксама ні разу не прынц на белым кані. Да гэтага часу не разумею, што яна ўва мне знайшла.
Яшчэ пра прычыны разводаў у Беларусі: проста паталагічнае няўменне і нежаданне людзей суіснаваць як роўныя партнёры. Абсалютная большасць пар жывуць як драпежнік і ахвяра, часам мяняючыся ролямі. І гэта прычына не толькі разводаў, на жаль».
Чытайце таксама:
«Зразумела, што вартая лепшага». Крысціна Ціманоўская разводзіцца
Каментары
Пытанне больш глыбокае і сістэмнае.
Няма сямейнага выхавання, няма павагі адно да аднаго, няма нармальнай мадэлі ў бацькоўскіх адносінах, каб яе капіяваць, і галоўнае не мае рэсурсу на яе, а адпаведна і рынку сямейнай тэрапіі
Я па сабе гляджу, дзесці мае памылкі, дзесьці жонцы, дзесьці знешнія праблемы, усё гэта спрыяе думкам пра развод. Іншая справа што за 18 год мы вынайшлі сваю ўласную тэрапію, прыцерліся, адшукалі кампрамісы і кропкі сутыкнення. І галоўнае не замоўчваем праблемаў і заўсёды аб іх гаворым, нават калі гэта спачатку дужа не прыемна.