Маці дзяўчынкі, якая на расійскім ТБ паказала жэст сігналу аб дапамозе, патлумачыла, што гэта было
Праграма «Мужчынскае і жаночае» на Першым расійскім канале, дзе дзяўчынка паказала міжнародны жэст, які сігналізуе пра хатні гвалт, нарабіла шуму. Але маці дзяўчынкі кажа, што ўсё не так, як падалося гледачам.
У выпуску апавядалася пра тое, як былыя муж і жонка вядуць барацьбу за чатырохгадовую малодшую сястру дзяўчынкі, якая паказала жэст аб дапамозе. У праграме маці, у прыватнасці, згадвае пра эпізоды гвалту, аб'ектам якога была яна сама.
Маці Крысціна пасля ў каментары выданню «День во Владимире» сказала, што пайшла на перадачу, бо спадзявалася, што былога мужа пазбавяць бацькоўскіх правоў. А жэст дачка паказала, бо яе пра гэта нібы прасілі самі тэлевізійнікі на выпадак, калі яна будзе запінацца.
«Я больш нікому не веру! Я сама выйду на праваахоўныя органы і даб'юся справядлівасці,
а карэспандэнты разам з вядучымі Першага канала панясуць перад законам адказнасць за тое, што вырашылі нажыцца на нас з дзецьмі, спецыяльна папрасіўшы маю дачку паказаць гэты жэст, калі яна пачне запінацца, каб перазняць»,
— сказала маці Крысціна.
Гэты жэст (дзяўчынка працягнула руку за спінай у малодшай сястры, раскрыла далонь, сагнула вялікі палец, а затым ахапіла яго іншымі) лічыцца сігналам аб дапамозе. Ці ведала дзяўчынка яго значэнне, невядома. Яна паўтарыла жэст у кадры некалькі разоў у той час, калі расказвала, як любіць маму.
Каментары