Кітай заявіў, што не будзе прадаваць зброю ніводнаму боку ў расійска-ўкраінскай вайне
Міністр замежных спраў Кітая Цінь Ган заявіў 14 красавіка, што Пекін не будзе прадаваць зброю бакам канфлікту ва Украіне і будзе рэгуляваць экспарт тавараў двайнога прызначэння, піша «Радыё Свабода».
Ган адрэагаваў на занепакоенасць ЗША і іншых краін наконт таго, што Кітай, магчыма, разглядае магчымасць аказання вайсковай дапамогі Расіі, якую Пекін падтрымлівае ў палітычным і рытарычным плане, афіцыйна заяўляючы пра свой нейтралітэт:
«Што да экспарту вайсковай прадукцыі, то Кітай прытрымліваецца асцярожнага і адказнага падыходу», — заявіў Цінь Ган на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з міністаркай замежных спраў Германіі Аналенай Бербак.
«Кітай не будзе пастаўляць зброю бакам канфлікту і таксама будзе кіраваць і кантраляваць экспарт тавараў двайнога прызначэння ў адпаведнасці з законамі і правіламі», — дадаў ён.
Цінь Ган таксама пацвердзіў гатоўнасць Кітая садзейнічаць перамовам па мірным урэгуляванні канфлікту і заявіў, што ўсе бакі павінны заставацца «аб’ектыўнымі і спакойнымі».
Каментары