ISW: Расія можа змяніць тактыку нанясення ракетных удараў з-за недахопу ракет
Расійскія войскі могуць змяніць тактыку нанясення ракетных удараў па Украіне, засяродзіўшыся на ўкраінскіх вайсковых аб'ектах, пішуць у чарговай зводцы эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Паводле іх звестак, агульная колькасць расійскіх ракетных удараў памяншаецца, што сведчыць пра вычарпанне запасаў высокадакладных ракет.
Прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення вайсковай разведкі Украіны Вадзім Скібіцкі заявіў, што расійскія войскі могуць пераарыентаваць свае ўдары на ўкраінскія вайсковыя аб'екты і месцы засяроджання сіл, працягваючы наносіць удары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.
Скібіцкі заявіў, што, паводле ацэнкі ГУР, цяпер у Расіі засталося толькі 15% запасаў высокадакладнай зброі, якая была да 24 лютага 2022 года, а крылатыя ракеты «Калібр», Х-101 і Х-555 складаюць менш за 10% ад агульных запасаў.
Са слоў Скібіцкага, расійскія сілы не могуць праводзіць атакі часцей за два разы на месяц праз неабходнасць эканоміі ракет (восенню мінулага года яны праводзілі буйныя паветраныя атакі часцей — прыкладна раз на тыдзень).
Эксперты ISW раней таксама ацэньвалі, што расійскі ракетны арсенал вычэрпваецца, што можа абмежаваць частату і інтэнсіўнасць удараў.
Каментары