Грамадства6060

Хто ў акружэнні Лукашэнкі выступаў за ўступленне ў вайну, а хто быў супраць

У лютым 2022 года расійскія войскі перайшлі ўкраінскую мяжу амаль па ўсім яе перыметры, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. Не толькі расійскія, але і заходнія спецслужбы меркавалі, што Украіна не выстаіць, а Кіеў, які знаходзіцца за 90 км ад беларускай мяжы, будзе захоплены расійскімі войскамі ў першыя дні канфлікту. Крыніцы «Нашай Нівы» ў беларускім істэблішменце дазволілі апублічыць некаторыя дэталі таго, што адбывалася ў Мінску год таму. 

Belarus Chiefs of Law Enforcement Agencies
Старшыня Памежнага камітэта Анатоль Лапо, міністры абароны Віктар Хрэнін і ўнутраных спраў Іван Кубракоў, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка — злева направа на цырымоніі ў Аляксандра Лукашэнкі 7 сакавіка. Скрыншот відэа

Рашэнні ў Беларусі прымае асабіста Аляксандр Лукашэнка, але пэўны ўплыў на яго рашэнні мае тое, якія дакументы, ацэнкі і прапановы да яго даходзяць.

Кола людзей, якія маюць «доступ да цела» і фарміруюць матэрыялы, што атрымлівае дыктатар, або асабіста размаўляюць з ім, не вялікае. У яго ўваходзяць кіраўнікі спецслужбаў, адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, сваякі кіраўніка дзяржавы і вузкае кола памочнікаў і людзей, якім ён давярае. Адносна пытання такой важнасці, як вайна, гэтае кола было яшчэ меншым.

Пазіцыя «ястрабаў» была прадказальная.

«За ўступленне ў вайну выступаў кіраўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель, — расказаў «Нашай Ніве» чалавек, знаёмы з сітуацыяй. — Церцель прапаноўваў, каб да «трыумфу Расіі» спрычыніўся абмежаваны кантынгент Сіл спецыяльных аперацый Беларусі». 

За ўдзел у вайне выказваўся і дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

І 56-гадовага Івана Церцеля, і 55-гадовага Аляксандра Вальфовіча адносяць да секты «адэптаў Вялікай Расіі».

Адзін — выхадзец з Гродзеншчыны, другі — ураджэнец савецкай арміі, абодва — руска-савецкія па свядомасці людзі і знаходзяцца пад моцным уплывам агентурнай ды аналітычнай інфармацыі, якая паступае з Расіі ад ФСБ і ГРУ. Такія афіцэры цяпер на галоўных пазіцыях у многіх сілавых структурах.

Церцель і Вальфовіч працягвалі верыць у перамогу Расіі і тады, калі праблемы Масквы сталі відавочныя. Так,

Іван Церцель у кастрычніку 2022 года, пасля катастрофы пад Ізюмам, публічна заяўляў, што «пераломны момант у «спецаперацыі» ва Украіне можа наступіць у лістападзе — лютым». Цяпер у нас, нагадаем, сакавік. 

Ivan Tertel chief of State Security Committee of Belarus
Іван Церцель, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Скрыншот відэа

Такой жа пазіцыі трымаўся міністр абароны Віктар Хрэнін. Гэты чалавек з вечна спалоханым выразам твару ў 2020 годзе адзначыўся ваяўнічымі выпадамі ў адрас мірных дэманстрантаў, за што ўдастоіўся аднаго з самых папулярных плакатаў «Міру — мір, а Хрэніну — хрэн». У Мінску лічыцца, што Хрэнін не мае вялікага ўплыву.

А хто ж у лютым 2022 года быў супраць адпраўкі беларускіх войскаў на вайну?

Нашы крыніцы кажуць, што супраць уступлення Беларусі ў «спецыяльную ваенную аперацыю» прадказальна выступаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. 28 лістапада 2022 года ён пойдзе з жыцця.

Як гавораць у Мінску, медыкі і сваякі знайшлі яго нежывым. Прычынай смерці Макея называюць суіцыд і не бачаць прыкмет таго, што гэта было забойства, замаскаванае пад суіцыд.

Як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», адпраўку войскаў не падтрымліваў і кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергеенка.

60-гадовага выхадца з дзяржбяспекі Сергеенку ў Мінску лічаць «чалавекам без пазіцыі» і нават кажуць, што ён страшна запалоханы рэпрэсіямі. Але, кажуць нашы суразмоўцы, аргументы супраць удзелу ў вайне да Лукашэнкі праз яго даходзілі.

«Ігар Сергеенка гуляе вельмі тонка. Меркаванні па вайне ён прыносіў Лукашэнку ў такой прапорцыі, каб антываенныя галасы ў іх таксама гучалі, а не толькі галасы людаедаў», — адзначыў наш суразмоўца. 

І, нарэшце, супраць быў Генеральны штаб, які ўзначальвае 53-гадовы генерал Віктар Гулевіч.

«У Генштабе больш рэалістычна ацэньвалі, як гэта будзе разгортвацца, як будуць працякаць баявыя дзеянні, што гэта такое — штурмаваць трохмільённы Кіеў і пазіцыі на Данбасе, якія ўкраінцы рыхтавалі да абароны 8 гадоў. З другога боку, там [у Генштабе] разумелі і настроі беларускіх вайскоўцаў,

у якіх, як і ва ўсяго грамадства, маса сваякоў ва Украіне, маса саслужыўцаў і аднагрупнікаў, з якімі яны на кантакце, а таксама [ў вайскоўцаў] няма, у адрозненне ад рускіх, маналітнага разумення, чаму трэба забіваць украінцаў. Давяраць такой арміі і ў такім канфлікце нельга, хіба што толькі змяшаць часці з рускімі 50 на 50. Але такога Лукашэнка не хоча», — мяркуе суразмоўца.

Viktar Hulevich army of Belarus chief of Staff
Віктар Гулевіч, начальнік Генштаба Беларусі. Скрыншот відэа СТБ 

Суразмоўцы «Нашай Нівы» ў Мінску ацэньваюць магчымасць, што Лукашэнка скіруе войскі ва Украіну зараз, як малаімаверную. Лукашэнкаўцы ад вясны 2022-га сталі прыкрывацца ідэяй прадаць Беларусь як пляцоўку для перамоў. 

Украінскі вайсковы аналітык Алег Жданаў адзначае, што нават пасля правалу з вывядзеннем з ладу расійскага самалёта-наводчыка ў Мачулішчах Лукашэнка падкрэсліў, што гэта было зроблена, каб уцягнуць нас у вайну, але мы не паддамося.

«Лукашэнка цяпер разыгрывае пазіцыю «падманутага» Пуціным і «здзіўленага» слабасцямі расійскай арміі і спецслужбаў — яму абяцалі хуткую перамогу, тры дні — і ў Кіеве, а па факце фіяска», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы» ў Мінску.

Пры гэтым рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае забяспечваць расійскае войска тэхнікай, зброяй, абсталяваннем. Расіяне працягваюць карыстацца беларускай інфраструктурай. Беларускія афіцэры рыхтуюць мабілізаваных расіян, а мінская прапаганда рэтранслюе расійскія імперыялістычныя наратывы.

Узамен Мінск атрымлівае рэсурсы, неабходныя для свайго існавання. Расійскія нафтагазавыя датацыі Беларусі ў 2022 годзе дасягнулі рэкорднага памеру. 

Чытайце таксама: Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Аб'яднаны кабінет і чаму яна яго пакінула

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары60

  • О да
    08.03.2023
    Так, судя по тому, что статья вышла 8 марта, то виновники не вступления Беларуси, пушечным мясом, в войну в Украине оказались Качанова и Эйсмонт. Не зря, через их руки проходят все папочки с докладами лукашенко, и от хренина, и от тертеля, и от гулевича, и от вольфовича. ГУР Украины таким девушкам, и с такими функциями, ордена даёт. Чего стоят филипики Качановой в адрес лучезарного, кто угодно растает....
     Но, показательно то, что руководящие посты, в силовых структурах Беларуси, заняты исключительно представителями оккупационной власти России в Беларуси.
     Родит манкуртов и красауцау белорусская деревня, но не белорусов и белорусскость.
  • ГУР Украины должен наградить
    08.03.2023
    Петя ,качанова и эйсмонт правили папки докладов от тертеля, хренина и вольфовича.....
  • Эюя
    08.03.2023
    Шмат хто з вышэй пералічаных персанажаў з‘яўляюцца расейскай агентурай. Па вялікім рахунку, агентурай з‘яўляюцца ўсе, уключаючы само "цела". Таму не так ужо і важна, хто там быў за вайну, а хто не вельмі. Ніхто з міралюбцаў у адстаўку не падаў.

Сястра Калеснікавай назвала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў20

Сястра Калеснікавай назвала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр сёння зноў пераадольваў планку 3,5 рубля

«Цэны дасягнулі піка». Што чакае рынак нерухомасці ў 2025 годзе

У Расіі салістку вайсковага аркестра аштрафавалі на $30 тысяч за спробу даказаць калегам, што ва Украіне гінуць цывільныя3

П'яны беларус у адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх ВІДЭА29

Памятаеце Арцёма, які адкрыў махлярскі збор у Польшчы? Ён знайшоўся ў Беларусі. За кратамі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю2

У ноч на чацвер Грозны падвергнуўся нападу беспілотнікаў1

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага11

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сястра Калеснікавай назвала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў20

Сястра Калеснікавай назвала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →