Украінскі спецназ правёў вучэнні за 8 км ад беларускай мяжы — у Чарнобыльскай зоне
Планавыя вучэнні Украіна правяла з байцамі-спецназаўцамі ў Чарнобыльскай зоне адчужэння, паведамляе УНІАН са спасылкай на сюжэт ТСН.
Па словах вайскоўцаў, ад месца вучэнняў да беларускай мяжы 8 кіламетраў.
Спецназ адпрацоўваў ужыванне баявых снарадаў і ўзаемадзеянне штурмавых груп адразу некалькіх падраздзяленняў — на выпадак чарговай атакі расійскіх войскаў з боку Беларусі.
Задача зводнага атрада байцоў тэрабароны — знішчыць варожыя цэлі за лічаныя кіламетры ад беларускай мяжы. Каб абараніць рубяжы, па легендзе, на месца высадкі варожага дэсанта адпраўляецца штурмавая група на брані пад прыкрыццём артылерыі і танкаў.
Падчас вучэнняў была задзейнічаная цяжкая тэхніка, танкі, бранявая машына «Мах Про», самаходная артбатарэя.
Таксама вучэнні правялі яшчэ на адной лакацыі — у гасцініцы «Палессе» ў Прыпяці. Там байцы вучыліся ўзаемадзейнічаць ва ўмовах гарадской забудовы.
Каментары