Незвычайную гісторыю кашэчага злачынства, затрымання хвастатага падазраванага і цэлага працэсу супраць яго распавядае нямецкае выданне Augsburger Allgemeine.
Улетку 2022 года маленькая жыхарка горада Інсбрук у аўстрыйскім рэгіёне Тыроль гуляла ў пясочніцы, міма праходзіў суседскі кот па мянушцы Сімба. Дзяўчынка хацела яго пагладзіць, і ён укусіў яе. Месца ўкусу запалілася, а бацькі падалі на ўладальніцу ката ў суд. Затым сітуацыя абвастрылася.
Падазраваны ў злачынстве кот сам з'явіўся ў дом да пацярпелай праз адчыненыя дзверы тэрасы. Мама дзяўчынкі замкнула яго ў ванным пакоі і выклікала ветэрынараў.
Сімбу адправілі ў прытулак на чатыры тыдні на каранцін, дазволіўшы вярнуць яго гаспадыні пры ўмове «хатняга арышту». Пракуратура разгарнула цэлае следства — яшчэ чатыры пацярпелыя абвінавацілі таго ж ката ў нанясенні «цялесных пашкоджанняў». У аўстрыйскай паліцыі зрабілі афіцыйную заяву: «Хатніх жывёл варта ўтрымліваць такім чынам, каб ніхто не зазнаў небяспекі».
Нарэшце справа дайшла да суда, і тут здарылася нечаканасць: сведкі не змаглі апазнаць ката па фота! Больш за тое, работніца прытулку сцвердзіла, што ў час знаходжання там Сімба паказаў сябе як добры і прыязны кот. У снежні 2022 года ката і яго ўладальніцу апраўдалі за недахопам доказаў. Зрэшты, бок абвінавачвання абяцае падаць апеляцыю.
Гэтую гісторыю можна лічыць кур'ёзам, але адну сур'ёзную выснову зрабіць усё ж варта: за сваімі гадаванцамі варта сачыць і не дапускаць, каб яны на кагосьці нападалі.
Каментары