«Вясна»: За 2022 год па палітычных матывах затрымалі мінімум 6380 чалавек
Праваабарончы цэнтр «Вясна» падвёў сумныя вынікі 2022 года, датычныя мэтанакіраванага і метадычнага дзяржаўнага гвалту ў Беларусі, які не спыняўся ні на адзін дзень. Па звестках праваабаронцаў, агулам за год затрымалі не менш за 6381 чалавек — гэта мінімум 17 чалавек у дзень. Пры гэтым такая лічба — толькі мінімальная, бо многія выпадкі па розных прычынах застаюцца невядомыя грамадскасці.
Па інфармацыі «Вясны», летась затрымалі як мінімум 6 381 чалавек. З іх амаль паўтары тысячы — жанчыны, яшчэ каля пяці тысяч — мужчыны. Таксама вядома, што было затрымана не менш за 15 непаўналетніх дзяцей.
Большасць затрыманняў прыпала на Мінск — 3 334 чалавекі. Далей па колькасці затрыманых ідуць Брэсцкая і Гомельскія вобласці — 683 і 682 чалавек. Менавіта ў гэтых рэгіёнах сілавікі актыўна пераследуюць мясцовых жыхароў за пратэсты супраць вайны ва Украіне, а таксама за фотаздымкі расійскай вайсковай тэхнікі.
«Вясна» мае звесткі пра мінімум 3 272 судовыя рашэнні. Лукашэнкаўскія суды прызначылі не менш за 938 штрафаў на агульную суму ў 888 224 рублі (амаль 325 тысяч даляраў). Таксама суддзі прызначылі мінімум 2 274 арышты. Агулам у ізалятарах беларусы адбылі 28 804 сутак (амаль 78 гадоў). Пры гэтым, па даных праваабаронцаў, па розных прычынах спынілі толькі 47 спраў.
Два гады ўлады актыўна выкарыстоўваюць «перазатрыманні» для дадатковага ціску на затрыманых. Былыя арыштанты называюць гэта «каруселлю» — калі чалавека не выпускаюць на волю пасля «сутак», а перазатрымліваюць паводле новага пратакола. Такім чынам людзей могуць утрымліваць за кратамі без сродкаў гігіены і зменнай бялізны па некалькі месяцаў. У мінулым годзе праваабаронцам стала вядома пра пяць найбольш гучных такіх выпадкаў.
Праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў правёў за кратамі па адміністрацыйных арыштах 100 сутак, наваполацкі актывіст Андрэй Галавырын — 90, мінчук Віталь Енаровіч — 85, старшыня незалежнага прафсаюза Вольга Брыцікава — 75, правабаронца Наста Лойка — 60 (цяпер супраць яе завялі крымінальную справу).
Увесь 2022 год праваабаронцы дакументавалі факты катаванняў і бесчалавечага абыходжання. «Вясне» вядомыя выпадкі, калі беларусаў пры затрыманні збівалі дубінкамі, патэльняй, электрашокерам, металашукальнікам і берцамі. Людзям на галаву надзявалі вядро для смецця і матацыклетны шлем і білі па іх дубінкамі. Часта, каб прымусіць людзей даваць паказанні, сілавікі б'юць іх электрашокерам. Пасля масавых арыштаў за ўдзел у антываенным мітынгу людзей не толькі збівалі падчас затрыманняў, але і катавалі і непасрэдна на Акрэсціна: пускалі газ з балончыка па вентыляцыі ў душы; супрацоўнікі хадзілі па людзях, тапталі нагамі па спіне; затрыманых выводзілі на калідор і збівалі.
Вядома, што ў мінулым годзе сілавікі актыўна выкарыстоўвалі зброю: стралялі на паражэнне па «рэйкавых партызанах» і спрабавалі застрэліць сабак затрыманых.
Цягам 28 месяцаў людзей кідаюць за краты ў нечалавечыя ўмовы без сродкаў гігіены і зменнага адзення. Людзі, якіх утрымліваюць у няволі па тры месяцы, бываюць на свежым паветры толькі тады, калі іх вязуць у РУУС складаць новы пратакол.
«Кантрольныя» камеры (так завуцца тыя камеры, дзе ўтрымліваюцца палітзняволеныя) увесь час перапоўненыя, таму людзям даводзіцца спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы. Ім не выдаюць пасцелі, не выводзяць у душ і на шпацыр. У камеры саджаюць бяздомных людзей у якасці дадатковага ціску. Ноччу і днём бесперапынна гарыць святло.
Мыла і туалетную паперу затрыманым даводзілася выпрошваць у адміністрацыі. Часам іх не выдавалі два-тры дні запар.
Праз «вока» і відэаназіранне ў камерах за кожным дзеяннем затрыманых сочаць дзяжурныя. Цёплай вады няма, а тую, што цячэ з-пад крана, вельмі не рэкамендуецца піць.
Тым, каго забіраюць з дома, не дазваляюць узяць нават сродкі гігіены, таму яны прыдумваюць новыя спосабы, як, напрыклад, пачысціць зубы тымі рэчамі, якія ёсць у камеры. Перадачы да людзей не даходзяць.
Медыцынская дапамога не аказваецца, пры тым, што шмат людзей трапляюць на Акрэсціна моцна збітыя. Адзіная крыніца інфармацыі — новыя сукамернікі, якіх закідваюць штодзённа. Гэтыя ўмовы праваабаронцамі расцэньваюцца як катаванні.
Падрабязней пра ўсё гэта чытайце ў справаздачы.
Каментары