Музыка2

Вяртанні, надзеі і страты. 10 галоўных музычных альбомаў Беларусі

Атмасфера, у якой жывуць Беларусь і беларусы вось ужо трэці год не можа не адбівацца на мастацтве. Тым больш цэніцца тое, што, нягледзячы ні на што, працягвае выходзіць. Сабралі для вас дзясятку з найбольш значных музычных рэлізаў 2022 года.

Intelligency — Technoblues Therapy Part I & Part II

Электроншчыкі сабралі ўвесь найлепшы матэрыял, зроблены за апошнія два гады, каб выдаць яго асобным альбомам. У выніку кантэнту аказалася ажно на 17 трэкаў, таму іх разбілі на два рэлізы: адзін выйшаў 3 лютага, другі — 29 красавіка.

Сам гурт апісаў тое, што ў іх атрымалася, як «лёгкую аўдыяльную тэрапію». Тэрапія тэхнаблюза — такім жанрам самі Intelligency акрэсліваюць сваю творчасць.

«Разбітае Сэрца Пацана» — ШансOFF

Зімой 2021 года гурт у поўным складзе затрымалі падчас канцэрта на базе адпачынку «Аганёк» і асудзілі на 15 сутак.

У ізалятары ў Жодзіне Дзяніс Тарасенка напісаў восем вершаў пра турэмнае жыццё, пасля Павел Гарадніцкі прыдумаў да іх музыку. Так атрымаўся нетыповы для РСП альбом, які далёка не найлепшы ў дыскаграфіі гурта, але некалькі танцавальных хітоў у ім можна адшукаць.

Weed & Dolphins — Aura

Мінскі клаўд-панк гурт значна больш вядомы за межамі Беларусі, чым на радзіме. Чытачы «НН» могуць быць з ім знаёмыя па рэйтынгах кліпаў — Weed & Dolphins траплялі ў іх у 2019 і 2021 гадах.

У лютым 2022-га яны ўпершыню за пяць гадоў зрабілі рэліз у выглядзе не асобнага сінгла — выйшла EP, якая складаецца з сямі песень. 

Група «Саша і Сірожа» — «Куй»

Музычны камбэк года. Вясной 2020 года Сяргей Міхалок абвясціў пра аднаўленне легендарнага дуэта «Саша і Сірожа», але далей за анлайн-рэпетыцыі справа не пайшла. 

У выніку мастак Аляксей Хацкевіч узяў справу ў свае рукі, набраў музыкантаў і выпусціў абсалютна новы матэрыял. Калі вы шукаеце, чаго б лёгкага і пазітыўнага паслухаць — вось выдатная прапанова.

Чытайце і слухайце таксама: Танцавальная ліхаманка, тыкток-трэнды і вайна — ТОП-10 музычных альбомаў года па версіі «Нашай Нівы»

Super Besse — Tristesse

Беларускі пост-панк гурт паспяхова гастралюе па ўсім свеце. Гэта не перабольшанне: Super Besse ў 2022-м давалі канцэрты ў Польшчы, Румыніі, Нарвегіі, Венгрыі, Балгарыі і праехаліся з турам па Мексіцы. 

Свой новы лонгплэй, які запісваўся падчас пандэміі, музыканты апісалі вельмі лаканічна: гімны суму, страты і адзіноты. 

Пандэмія скончылася, але весялей ад гэтага свету дакладна не стала.

Relikt — Byli, Jo​ś​ć​, Budziem

Relikt сёлета выпусціў нетыповы альбом — у ім сабраныя не аўтарскія трэкі, а каверы на вядомыя гурты і выканаўцаў з 1980—90-х: «Мрою», ULIS, «Бонду», «Камэлот», Сяржука Сокалава-Воюша і іншых.

На вокладцы альбома-падарожжа гурт размясціў партрэт культавага беларускага музычнага журналіста і крытыка Вітаўта Мартыненкі.

«Гэтым альбомам мы хацелі аддаць даніну павагі не толькі «генералам айчыннага рока», але і такім асобам, як, напрыклад, Анатоль Мяльгуй, Вітаўт Мартыненка, Сяргей Філімонаў — усім тым, хто рупіўся на ніве Беларушчыны», — падкрэсліў гурт сваім рэлізам.

Зміцер Вайцюшкевіч — «Вецер»

У канцы ліпеня спявак і музыкант парадаваў сваіх прыхільнікаў новым альбомам, запісаным разам з WZ-Orchestra.

У «Ветры» — восем песень, прысвечаных свабодзе, радзіме і каханню.

«Союз» — Force of the Wind

Гэта, напэўна, самы прыгожы ў музычным плане рэліз гэтага года. Абаяльных беларусаў зацаніў нават амерыканскі рэпер Tyler, the Creator, які пракаментаваў адзін з допісаў «Саюза». 

Амерыканец напісаў роўна адно слова: «INSANE!» («Шалёна!»).

У добрым сэнсе альбом сапраўды такі і ёсць. Беларусаў на яго стварэнне натхніў джаз і бразільская эстрада сярэдзіны мінулага стагоддзя. 

Гучыць «Force of the Wind» так, нібыта гэта саўндтрэк з мінулага жыцця. У прынцыпе часткова так і ёсць — альбом часткова пісалі ў Кіеве на студыі Івана Дорна (а таксама ў Беларусі, ЗША, Нідэрландах і Бразіліі). У ім няма болю, ён поўны надзей і мараў. 

«Цяпер гэта камусьці можа здацца недарэчным. Але гэта адбітак таго часу і адчуванні, якімі нам хацелася б падзяліцца», — адказваюць на магчымыя прэтэнзіі музыканты «Саюза».

AKUTE — «Напалову тут»

Пасля трох з паловай гадоў маўчання магілёўскі гурт вярнуўся з новымі песнямі. 

«Гэта альбом-вяртанне: мы вярнуліся з некаторага зацішша, вярнуліся да гітарнага саўнда. Роўна палова нас — тут», — так лаканічна і загадкава магілёўцы апісалі свой рэліз.

Больш яны нічога не кажуць і канцэртаў не даюць. А што казаць — трэба слухаць і танцаваць пад дыска-дэкаданс.

Света Бень, Галя Чыкіс — «Приём!»

З гэтым альбомам вы маглі пазнаёміцца крыху раней у падборцы сусветных рэлізаў. Але мы яго не маглі не ўключыць і сюды, бо падборка была б не поўнай.

Гэта вельмі добрая глыбокая музыка, якая дае слухачу надзею на тое, што ён не адзін і наперадзе яго яшчэ чакае нешта добрае.

Каментары2

  • Юрась
    26.12.2022
    Ну, Аўру не слухаю прынцыпова пасля іх адкрытай падтрымкі фашысцкага оэжыму ў Беларусі пасля выбараў 2020 года. Чыталі б вы, як яны нарабілі мне ў адказ на маё ім паведамленне ў ФБ.
  • Вячка
    26.12.2022
    Чытайце ўважліва, тут ні слова пра гурт Aura

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →