Свет

«Гэта будзе як Пэрл-Харбар». Ці рэальны напад Расіі на спадарожнікі Захаду ў космасе

Расійскія ўлады заявілі, што разглядаюць камерцыйныя заходнія спадарожнікі, якія выкарыстоўваюцца для дапамогі Украіне, як «законныя цэлі» для ўдару. Верагодна, гаворка ідзе аб сістэме спадарожнікавай сувязі Starlink, якая шырока прымяняецца ўкраінскай арміяй, а таксама аб спадарожніках кампаній Maxar, Planet Labs і BlackSky, якія дазваляюць атрымаць здымкі зоны канфлікту. У 2021 годзе Расія ўжо збіла спадарожнік падчас вучэнняў, што паставіла пад пагрозу касманаўтаў і астранаўтаў на Міжнароднай касмічнай станцыі.

МКС. Фота: Раскосмас

Заяву аб гатоўнасці збіваць спадарожнікі ЗША і іх саюзнікаў зрабіў прадстаўнік расійскага МЗС Канстанцін Варанцоў на пасяджэнні камітэта Генасамблеі ААН. «Калегі, напэўна, не зусім разумеюць, што падобная дзейнасць, па сутнасці, уяўляе сабой апасродкаваны ўдзел ва ўзброеных канфліктах. Квазіграмадзянская інфраструктура можа апынуцца «законнай цэллю» для ўдару ў адказ», — заявіў Варанцоў.

У гісторыі яшчэ не было выпадкаў, калі падчас вайны адзін з бакоў канфлікту збіваў спадарожнікі, аднак Расія адпрацоўвала гэта падчас вучэнняў. У мінулым годзе прайшлі выпрабаванні супрацьспадарожнікавай ракеты, якая збіла стары савецкі спадарожнік «Космас-1408» («Цаліна-Д»). У выніку, па словах прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША Неда Прайса, утварылася каля паўтары тысячы буйных і сотні тысяч дробных абломкаў. Дзярждэпартамент назваў гэтыя выпрабоўванні «небяспечнымі і безадказнымі», бо касманаўты і астранаўты на Міжнароднай касмічнай станцыі маглі патрапіць пад воблака абломкаў.

Радыё «Свабода» спытала ў папулярызатара космасу Віталя Ягорава аб тым, чым для Расіі могуць скончыцца напады на спадарожнікі іншых краін. 

— Расія заявіла, што гатова збіваць заходнія камерцыйныя спадарожнікі, якія выкарыстоўваюць для дапамогі Украіне. Ці магчыма гэта?

— Тэхнічна ў Расіі ёсць магчымасць збіваць спадарожнікі, але не ўсе запар. Напрыклад, у Maxar ёсць 5-6 спадарожнікаў — столькі ракет у Расіі маецца. А ў кампаніі Planet Labs 150 спадарожнікаў, і яны вельмі маленькія па памеры — іх збіваць Расія адназначна не ў стане.

Кожнае збіццё спадарожніка спараджае паток абломкаў, які ўяўляе пагрозу для ўсіх навакольных арбіт.

Напрыклад, папярэднія падобныя выпрабаванні расійскай сістэмы ў 2021 годзе прывялі да таго, што ўзнікла пагроза для Міжнароднай касмічнай станцыі.

Калі ты пачынаеш збіваць спадарожнікі іншай краіны, ты ствараеш пагрозу для сваіх спадарожнікаў і спадарожнікаў іншых краін. Увогуле ствараеш праблему ў маштабах сусветнай касманаўтыкі. І, зразумела, ты шкодзіш не толькі таму, каму хацеў бы нашкодзіць, але і сабе, сапсаваўшы адносіны з тымі нешматлікімі міжнароднымі партнёрамі, якія засталіся ў Расіі.

— Як адбываецца збіццё спадарожнікаў?

— З зямлі запускаецца вялікая ракета, якая падымаецца на вышыню палёту спадарожніка. Ракеце не трэба здзяйсняць арбітальны запуск, гэта значыць набіраць першую касмічную хуткасць, ёй дастаткова падняцца на вышыню спадарожніка на траекторыях, якія перасякаюцца. У момант збліжэння падрываецца боегалоўка, аскепкі разлятаюцца і чапляюць спадарожнік — такім чынам цэль паражаецца. Пры гэтым абломкі спадарожніка застаюцца на арбіце, захоўваюць сваю хуткасць і ўжо могуць пашкодзіць іншыя касмічныя апараты.

— Расія падчас вучэнняў збіла стары савецкі спадарожнік. Ці вядома, што стала з гэтымі аскепкамі? Ці пашкодзілі яны штосьці?

— На гэтай вышыні аскепкі паступова губляюць вышыню і падаюць. Нейкая частка аскепкаў з тых выпрабаванняў ужо ўпала, нейкая частка працягвае лятаць. На працягу трох-пяці гадоў яны ўсе канчаткова ўпадуць.

Пасля збіцця таго спадарожніка Міжнародная касмічная станцыя здзяйсняла некалькі манеўраў, касманаўты і астранаўты хаваліся па касмічных караблях, баючыся, што нейкі з абломкаў ударыць па станцыі. Небяспечныя збліжэнні адбываліся, але нічога пашкоджана не было.

— Ці існуюць нейкія сістэмы для абароны спадарожнікаў?

— Такое можа быць толькі адносна хакерскіх нападаў: спроб узламаць спадарожнік, перахапіць яго кіраванне. Калі казаць пра збіццё, то прасцей зрабіць новы спадарожнік, чым дадаваць яму масы і павялічваць габарыты нейкай дадатковай сістэмай абароны. Да гэтага часу такой патрэбнасці не было, таму што ўсе разумеюць: пачынаючы збіваць чужыя спадарожнікі, ты развітаешся са сваімі. І пакуль далей пагрозаў справа не заходзіла.

— Магчымыя атакі на спадарожнікі іншых краін рэгулююцца нейкімі міжнароднымі законамі? Ці прадугледжана за гэта нейкае пакаранне?

— На касмічны апарат, па сутнасці, распаўсюджваецца суверэнітэт краіны, якая яго запусціла — як на караблі або самалёты, напрыклад.

З дыпламатычнага і прававога пунктаў гледжання для Расіі будзе не найлепшай ідэяй збіваць амерыканскія касмічныя апараты, гэтак жа, як не найлепшай ідэяй будзе збіваць амерыканскія самалёты або тапіць амерыканскія караблі. Сусветнае касмічнае права не ведае паняцця «прыватны», таму, калі гэта спадарожнік амерыканскі, пры яго збіцці адносіны будуць з амерыканскай дзяржавай.

— Ці ёсць у іншых краін магчымасць пашкодзіць у адказ расійскія спадарожнікі?

— Акрамя Расіі, супрацьспадарожнікавая зброя ёсць у ЗША, Кітая і Індыі. Можа быць, яшчэ ў Ізраіля, але, наколькі я ведаю, такіх выпрабаванняў там не праводзілася, хоць тэхнічная магчымасць ёсць.

— Калі краіны пачнуць знішчаць спадарожнікі адна адной, чым гэта можа скончыцца?

— Гэта нашкодзіць сусветнай касманаўтыцы і знішчыць расійскую касманаўтыку. Прынамсі, большая частка расийскіх касмічных апаратаў на нізкай калязямной арбіце пацерпіць і, напэўна, будзе збітая. Акрамя таго, гэта, безумоўна, створыць пагрозу для Міжнароднай касмічнай станцыі і расійскага экіпажа ў тым ліку.

Спрабаваць атакаваць кагосьці ў космасе — гэта, па сутнасці, развітацца са сваёй уласнай касманаўтыкай. На такое здольны толькі той, каму ўжо губляць няма чаго.

— На ваш погляд, напад Расіі на заходнія спадарожнікі — гэта рэалістычнае развіццё падзей?

— Мне здаецца, гэта блеф. Гэта блізка да заяваў аб выкарыстанні тактычнай ядзернай зброі.

Толькі калі ядзерную зброю пагражаюць выкарыстоўваць супраць украінцаў, то знішчэнне спадарожнікаў будзе зʼяўляцца атакай Расіі на ЗША. Гэта ўжо трэцяя сусветная вайна.

— Калі Расія вырашыцца на знішчэнне спадарожнікаў, ці паўплывае гэта на ход вайны ва Украіне?

— Гэта паўплывае на ход вайны ў тым плане, што ЗША акажуць Украіне яшчэ больш падтрымкі.

Расія не ў стане нанесці сурʼёзныя страты амерыканскай касманаўтыцы: у ЗША ёсць чатыры тысячы спадарожнікаў, і ўсе іх не сабʼеш — у нас ракет столькі няма.

Так, будзе смецце, але спадарожнікі лётаюць на рознай вышыні, і чым вышэй, тым большая прастора і меншая верагоднасць, што спадарожнік будзе выпадкова збіты нейкім абломкам смецця.

Акрамя таго, у ЗША эфектыўна працуе вытворчасць спадарожнікаў: яны не знаходзяцца ні пад якімі санкцыямі і могуць спакойна зрабіць яшчэ спадарожнікі і запусціць іх нанава. Так, гэта прывядзе да фінансавых страт для ЗША, але для Расіі страты будуць каласальнымі, і мы ўжо сапраўды развітаемся з усёй нашай касманаўтыкай і нашымі спадарожнікамі.

Таму я разглядаю падобныя словы як блеф, як спробу прадэманстраваць у інфармацыйным полі нашу рашучасць, касмічныя магчымасці. Рэальна дзейнічаць так — гэта вельмі неабдуманы ўчынак. Мы ведаем, што ў ЗША ёсць бакі, якія схіляюцца да павелічэння або скарачэння дапамогі Украіне.

І калі Расія сабʼе хаця б адзін амерыканскі спадарожнік, гэта будзе як Пэрл-Харбар. Тады ў Злучаных Штатах сумняваліся, ваяваць з японцамі ці не. А пасля таго, як Японія напала на Пэрл-Харбар, сумневаў ужо не было, і Амерыка ўступіла ў вайну. Тут атрымаецца прыкладна гэтак жа.

З пункту гледжання Расіі, гэта будзе вельмі дурны ўчынак. Хоць такіх учынкаў за апошнія больш як паўгода яна ўжо нарабіла нямала. Так што цяпер нічому дзівіцца не варта.

Каментары

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў8

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі запускаюць рэаліці-шоу для блогераў, галоўны госць — Вольга Бузава8

Удзельніка «X-фактара» арыштавалі за палітыку — хутка будзе суд1

У Гарадку за экстрэмізм асудзілі музыку, якога не аднойчы прызнавалі найлепшым работнікам культуры Прыдзвіння

Цемнаскуры акцёр Паапа Эсіеду можа сыграць Северуса Снэйпа ў новым «Гары Потэры»1

Пенсіянера з Астравецкага раёна аштрафавалі на 2000 рублёў. Магчыма, за колер альтанкі ў двары

Spotify апублікаваў штогадовы рэйтынг самых папулярных артыстаў года4

У Румыніі будуць судзіць замежніка, які планаваў дыверсіі па ўказанні Расіі

«ЗША павінны адмовіцца ад змены рэжыму ў Беларусі». Амерыканскі эксперт — пра «мягкую перазагрузку» адносін з Беларуссю43

Жыхару Наваполацка выставілі абвінавачванне ў тэрактах на БАМе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў8

«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў

Галоўнае
Усе навіны →