Пракрамлёўскім СМІ ўжо раздалі «метадычкі», як каментаваць падрыў Крымскага моста
Адміністрацыя Уладзіміра Пуціна ўжо разаслала расійскім прапагандыстам і дзяржагенцтвам рэкамендацыі для каментароў на тэму сённяшніх выбухаў на Крымскім мосце, піша «Медуза».
Галоўныя тэзісы з крамлёўскай «метадычкі»:
- Падкрэсліваць, што мост не разбураны, а ўсяго толькі пашкоджанае палатно на аўтамабільнай і чыгуначнай частках;
- Падрыхтоўка да аднаўленчых работ ужо пачалася;
- Міністэрствам транспарту запушчаныя новыя лагістычныя маршруты;
- Запрацавала Керчанская паромная пераправа.
Мяркуючы па паведамленнях такіх праўладных расійскіх СМІ, як «РИА Новости» і ТАСС, «метадычкі» ужо актыўна выкарыстоўваюцца.
Раніцай 8 кастрычніка на Крымскім мосце ўспыхнуў пажар. Паводле версіі Антытэрарыстычнага камітэта РФ, там нібыта ўзарвалі грузавік, у выніку чаго загарэліся сем паліўных цыстэрнаў чыгуначнага саставу. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даручыў стварыць урадавую камісію ў сувязі з надзвычайным здарэннем на гэтым аб'екце, які з'яўляецца для яго асабліва каштоўным.
У СМІ пасля з'явілася інфармацыя, што за гэтым стаіць Служба бяспекі Украіны. Непасрэдна ў СБУ гэтага не пацвердзілі, але і не абверглі.
Паводле апошніх звестак, падчас выбуху загінулі як мінімум тры чалавекі, гэта пасажыры легкавіка, які апынуўся ў непасрэднай блізкасці ад выбуху. Два целы, мужчыны і жанчыны, ужо дасталі з вады.
Каментары